Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас - Супраць вады

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Ніхто не памятае, калі асталяваўся тут Стары Дзед. Дзед назіраў за парадкамі ў лесе, вартаваў луг і поле, быў поўным гаспадаром над усім навокал, і без яго ведама не адбывалася ніводная справа. Лес рос толькі там, дзе паказваў Дзед, а калі якое дрэва кідала сваё насенне ў аблюбаваны грунт, Стары Дзед гневаўся і не даваў яму ходу...
   Можа, тое, што рабіў Дзед, было і добра — спрачацца не буду, тым болей што ў Дзеда парадак быў. Дзед толькі таго і глядзеў, каб парадкі былі, за імі ён і свету не бачыў.
   Другое пытанне, ці рады і задаволены былі тыя, каго апекаваў і над кім панаваў Дзед.
   Было тут Азярко, — чым яму кепска? Сама прырода адарыла яго хараством, у светлыя яго воды любіла зазіраць сонца; прыгожыя белыя хмаркі адбіваліся ў ім, як у люстэрку; у ім купаў свае праменні задуменны месяц, і ціхія зоркі пераліваліся дзіўнымі агнямі розных колераў. Вакол Азярка красаваліся пышныя кусты лазы і ракіты, зялёным валам цягнуліся па беразе стройныя алешыны. А самае Азярко Дзед убраў прыгожаю вадзяною лотаццю, засеяў пахучым аерам і развёў цэлыя нівы чаротаў. Дык не дзіва, што Дзеду было крыўдна слухаць нараканні Азярка. Але гэтага яшчэ мала: дачуўся стары, як тлумачыла Азярко Дзедаў клопат наконт убрання яго. Вот і дачакаўся падзякі. Азярко казала, што лозы і алешнік пасеяны Дзедам дзеля таго, каб не даць волі вадзе, каб умацаваць бераг і гэтым самым трымаць на прывязі ваду. Лозы і алешнік — гэта Дзедавы служкі.
   А вадзяная лотаць? А чароты, аеры?
   — Лепей зусім бы іх не было, — казала Азярко, — гэтыя расліны і краскі — магільныя крыжы для вады.
   Хацелася Азярку выліцца з балотных берагоў сваіх, пайсці другім месцам і крыху асвяжыцца. Гэтае жаданне і прагненне волі яшчэ павялічылася ў ім пасля таго, калі сюды пачалі прабівацца крынічкі жывой вады. Яны расказвалі, дзе ім прыйшлося пабыць і якую карысную зрабіць на свеце работу. Азярко чула тут святую праўду, і яшчэ большае нездаваленне падымалася ў ім супраць Дзеда.
   — Пане гаспадару! — сказала раз Азярко Дзеду. — Даволі я пабыло тут. Вада — такая рэч, што не можа доўга стаяць на адным месцы: спакой — вадзе пагібель. Сам ты бачыш, што на дно маё падае бруд, а ў гэтым брудзе завялося балотнае зелле...
   — Мілае маё! — сказаў Дзед. — Ты ж тут не адно, а я павінен падумаць аб кожным з вас, і я ведаю, што дзеля поўнага парадку павінна быць чыя-небудзь адна воля; а калі кожны пачне жыць сваёю галавою, дык што будзе?
   — Твая праўда, гаспадару, павінна быць чыя-небудзь адна воля, дык няхай гэта будзе адна супольная воля — воля нашага згуртавання.
   — Так, так! — падхапілі лес, луг і поле.
   З гэтага часу і пайшла спрэчка — усе супраць Дзеда.
   — Ах вы, свавольнікі, свавольнікі! — узлаваўся Дзед. — Я ваш гаспадар, і будзе так, як хачу я.
   Прайшло яшчэ колькі часу. Дзед рабіў тамаванне, узмацняў берагі Азярка. Але надышла навальніца і паддала Азярку сілы, усе Дзедавы ўмацаванні былі знесены, і яго самога панесла вада.
   Збеглі з неба хмары з сваімі перунамі, зноў глядзела сонца на зямлю, лашчыла пакрыўджаных навальніцаю. Пазіраючы, як куляўся Стары Дзед у грозных перавалах вады, Азярко сказала:
   — Дурны, дурны Дзед. Не воля аднаго, а воля ўсіх толькі і можа мець сілу і права.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!