Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас - Гусі

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Гэта была чарада звычайных свойскіх гусей. А калі і зачалася аб іх гутарка, дык толькі таму, што яны мелі адно незвычайнае жаданне, якога не было ў іншых свойскіх гусей. Можа, яно і было, але не так выразна выяўлялася.
   Тая рака, што цякла тут, была па справядлівасці царыцаю рэк. Такога мноства вады, такой сілы яе імкнення, такіх глыбінь і страшных цёмных віраў, дзе кіпела, бурліла, дрыжала і ўздымалася шырокімі клубкамі вада, не мела ні адна рака.
   І самыя берагі гэтай ракі былі такія прыгожыя, такія разнастайныя, што ад іх трудна было адвесці вочы. Высокія адвечныя горы націскалі то з аднаго, то з другога берага, раскрываючы свае рознакаляровыя схілы, і адбіваліся ў бліскучым люстры. Шырокія лугі таксама падыходзілі да ракі, рассцілаючы пышныя дываны, сатканыя сонцам з самых тонкіх траў і з самых прыгожых красак.
   А лес! Не налюбавацца гэтым лесам! Высокі, густы, сакавіты, поўны радасці, смеючыся тысячамі смехаў, які блукаў і на яго камлях, і на яго галінах, і на кожным лісціку, стаяў ён воддаль, побач з ракою, расступаючыся перад ёю, як перад красуняю, і пачціва звешваў над ёю жывую зялёную павець. І была ў гэтага лесу нейкая мара, поўная хараства, нейкая патайная думка, поўная чараў, і нейкае невыразнае чаканне чагось вельмі важнага і значнага. Гэтае жаданне, здавалася, выявіўшыся, магло змяніць зусім увесь лад гэтага жыцця.
   Але не адвечнымі гарамі, прыкрытымі тонкаю намёткаю сіняватага туману, не пышнымі дыванамі зялёных лугоў і не чароўным лесам, што цёмнымі зграбнымі дужкамі, бы чорныя дзявочыя бровы, бег ад рэчкі кудысь да небасхілу, — не гэтым цікавілася гусіная чарада, не ў гэтым было імкненне, якое запаўняла гусіную істоту. Далёка на рэчцы быў зялёны прыемны астравок: туды хацелі дайсці гусі, туды ляцела іх душа, там былі іх думкі, жаданні.
   Але пакрыўдзіла прырода гусей: не дала лёгкіх і здольных крылляў, каб перанесціся праз тыя парогі, што стаялі на дарозе і якіх не маглі пераступіць іх няўклюдныя ногі.
   Востраў з трох бакоў быў абгароджаны такімі густымі пераплеценымі лозамі, што праз іх нельга было гусям праціснуць дзябёлае цела.
   І часта чарада гусей, спатыкаючыся з другімі гусямі, заводзіла гутаркі пра той павабны востраў і пра тыя дарогі, ідучы па якіх можна было б дасягнуць яго.
   І казалі другія гусі, што ніяк не дабрацца ім да гэтага вострава, бо трэба ўзляцець у паветра або плысці па вадзе. Бяда была ў тым, што гэтыя гусі лятаць не майстры, а плаваць хоць і ўмелі, але супраць вады на такой быстрыні, як тут, усё роўна да вострава не даплывуць.
   — А што рабіць? — пыталі першыя гусі.
   — Трэба выбраць час, — адказвалі другія.
   Першыя гусі не згаджаліся, і доўгая спрэчка ішла між імі.
   — Вы пачакайце, — казалі другія гусі, — за нас будуць рабіць, нам будуць дапамагаць іншыя сілы на зямлі: чалавек, вецер і дождж. Чалавек працярэбіць сцежкі праз лозы, вецер павыдзімае зрывістыя схілы гор, дождж іх размые, і рэчка таксама нам будзе дапамагаць. Размыўшы берагі, яна пакоціцца спакайней, а дождж прамые глыбокі жолаб у гарах: тады і можна будзе дайсці да рэчкі, тады можна будзе плысці і супраць вады.
   — Вы — кепскія гусі, бо не маеце тых вялікіх жаданняў, якія дадаюць сілы нам. Вы залішне заплылі салам, і вам наогул страшна ўсякая барацьба, усякае змаганне. Вы — мяшчанскія гусі. Нам дорага толькі ўсплыць на рэчку, але мы знойдзем да яе дарогу.
   — Знойдзеце! Знойдзеце! — прашумеў вецер.
   І нагнаў вецер на неба калматыя велізарныя клубкі цёмных хмар, узброіла іх сонца маланкамі і громамі, і густа звіслі яны над зямлёю. І патокі дажджу рынуліся наніз. Прайшла навальніца. Раўла і гудзела вада, разрываючы зямлю, і пралажыла яна дарогу да рэчкі.
   Кінуліся гусі на гэтую дарогу, радасным крыкам вітаюць яны гняўлівую рэчку. Выплылі гусі на сярэдзіну. Павабны астравок вось-вось перад імі. З сярэдзіны рэчкі ён выглядае яшчэ прыемней, яшчэ павабней.
   І сіла, незвычайная сіла з'явілася ў смелых гусей. Як спружыны, ходзяць чырвоныя іх лапы, як вастрагруды човен, рэжа іх цела ваду. А востраў так горне, так прыцягае іх жаданні! І нічога не гавораць між сабою гусі, адно ў іх імкненне — даплысці да вострава. Але далёка-далёка яшчэ гэты востраў.
   Плывуць гусі, упіраюцца лапамі ў ваду.
   — Глядзіце! Ці не здаецца вам, гусі, што востраў нібы стаў далей ад нас? — спытала адна гусь.
   — Маўчы! — сказаў гусак, што вёў усю чараду. — Без змагання і няўдач нічога не даецца на свеце.
   Трывога і сумненне закраліся ў гусіныя сэрцы, і пачулі гусі, што сілы бракуе ім і што не ўперад плывуць яны, а назад.
   Загергаталі гусі прарэзлівымі галасамі.
   — Няма ў нас сілы адолець раку.
   — Глядзіце, глядзіце! Востраў усё далей ад нас.
   З сярэдзіны рэчкі падаліся гусі на бераг, каля берага яны шукаюць дарог. А там падхапілі іх віры. І не могуць гусі даплысці, дасягнуць жаданай мэты і на бераг не могуць узысці.
   Думалі гусі, што справа іх прапала. Але змаганне загартавала іх сілы. Акрэплі іх крыллі, і лёгкім стала іх цела. Махнулі крыллямі гусі, срэбраныя пырскі над рэчкай узвіліся, і паляцелі смелыя гусі на той жаданы, на той недасяжны востраў.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!