Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Язэп Пушча - Цень Консула

Кнопка отправить на печать

   Паэма Язэпа Пушчы «Цень Консула» вельмі складаная і цяжкая для інтэрпрэтацыі. Твор гэты праецыруецца на даваенную рэчаіснасць перыяду пачатку сталінскіх рэпрэсій.
   Сапраўды, пры ўсёй жорсткасці ўсіх акупацый, у тым ліку і нямецкай у першую імперыялістычную вайну, як сведчаць гістарычныя дакументы, не было масавага знішчэння насельніцтва, пагалоўнага тэрору. Тэма нямецкай акупацыі — толькі прыкрыццё палымянага асуджэння сталінскіх рэпрэсій. Паэт імкнецца намаляваць шырокі малюнак беззаконня, злачынных планаў вынішчэння ўсяго сумленнага ў народным жыцці.
   Ужо ўступная частка паэмы дае амаль дакладную арыентацыю на праблемна-сэнсавае ўспрыняцце зместу паэмы. Гэта іранічная паэтызацыя палітыкі, якую сур'ёзна абагаўлялі бальшавікі:

Палітыка, кажуць, цудоўная рэч,
Цуднейшая нават за шашкі, шахматы;
Прад ёю пакорна схіляецца меч,
Прад ёю змаўкаюць гарматаў раскаты.

Ў азглелых руінах канвульсій гады;
Між імі Цень Консула нешта шукае,
Хіхікае ў кроках зладзейскай хады.
...Ступае нагой на магільны курган, —
На трон сваіх будучых консульскіх місій,
Сціскаючы ў лапе крывавы наган.
...Адцень ізуіта на вусны лягла;
Падведзены твар задуменна-суровы, —
На рысах злачынных настрояў імгла.


   Падобны тып акупанта не быў патрэбен нямецкай адміністрацыі на Беларусі ў першую сусветную вайну. У яго не існавала падобнага тыпу. Тым больш што Консулу, самаму высокаму прадстаўніку вайсковай нямецкай адміністрацыі, не было патрэбы праводзіць нарады ў сакрэтнай комнаце, карыстацца судовай практыкай троек і наганам — гэта ўсё з рэпрэсіўнага набору сталінскага рэжыму. Ды і прозвішча, а таксама імя галоўнага прадстаўніка акупацыйных улад не нямецкае — Юлій Атэра. Юлій, Консул — гэта намёк на дзяржаўную практыку дэспатый Старажытнага Рыма. I не толькі намёк, але маюцца і адкрытыя паралелі:

Суровыя можаце кары ўжываць...
Калі ж непакорнымі будуць паэты,
Нат вены і то прымушайце ўскрываць
Як колісь у Рыме рабілі за гэта.


   I яшчэ:

Святой інквізіцыі новы прыход
Сваё праспявае сягонне літанне.


   Вядома, паэт вымушаны быў ужываць пэўны камуфляж. Юлій Атэра

 

У чорнай візітцы з разрэзам наўкос,
У модных бліскуча-рыпучых лякерах...


   Аднак жа такога адзення і абутку не насілі прадстаўнікі акупацыйных улад. А вось штрых «А ногі уроскід на цэлы пракос» вельмі празрысты.
   У паэме расказваецца пра намаганні Атэры пабудаваць турмы-падземкі, дзе можна было б расстрэльваць ахвяры так, каб ніхто не чуў пра ўстанаўленне ім жалезнай дыктатуры. Праецыруецца таксама змест і на даваенны літаратурны працэс, Пушча не збаяўся актыўна выступіць супроць палітычнай дыктатуры, прадажніцтва, якое ўзрастае на глебе абслугоўвання чыста ідэалагічных задач. У вусны калегі-апанента ён укладвае ў многім прарочыя, сугучныя і сённяшняму дню словы:

 

Нічога, што ў песні душою зманю,
I будзе яна слоў іржавых асколак, —
Затое, прыкмецяць асобу маю
Дзяржаўныя людзі, вышэйшыя колы.
Мне гэта сягоння за ўсё даражэй;
Мне хочацца славы, хоць дробнай, мізэрнай...


   Вобраз руінаў, замчышча, паказ скокаў смерці — сімвалы гаротнага лёсу Беларусі:

 

Усплыў на прагаліну месяц-юнак,
Адсвет свой згубіўшы у хмарах ірваных, —
Ён гэтага ўцяміць не мог аніяк.
Руінаў штылі ў суматосе страшной;
На шчэбнях Цень Консула й Цень лейтэнанта;
Людское ж жыццё на іржавых ражнох.


   Яшчэ і сёння гучыць перасцярога ад магчымых вынікаў дыктатарства. На поўны голас гучыць у ёй тэма нацыянальнай і сацыяльнай свабоды. У шэрагу іншых паэм 20-х гадоў яна — адзін з самых трагедыйных і прагнастычных твораў.

 

 

Крыніца: Мішчанчук М.І.  Язэп Пушча // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 550-575

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!