Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Язэп Пушча

   Пушча Язэп [сапраўднае імя Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; нарадзіўся 07(20).05.1902 у вёсцы Каралішчавічы Мінскага павета Мінскай губерні, цяпер Мінскі раён, памёр 14.09.1964 у Мінск; пахаваны ў вёсцы Каралішчавічы], паэт, крытык, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1958.
   Язэп Пушча нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Бацькі, Павел і Антаніна Плашчынскія, былі непісьменнымі. Жылі ў клопаце пра гаспадарку, пра тое, каб пракарміць і паставіць на ногі шасцёра дзяцей — чатырох хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Сям'я была дружная. Кожны з дзяцей ведаў свае абавязкі. Трыццатыя гады раскідалі па свеце вялікую сям'ю Плашчынскіх, усіх дзяцей адлучылі ад зямлі. Брат Ізідар (Язэп Гуткоўскі) вучыўся ў БДУ, займаўся літаратурнай творчасцю, памёр у 1986 у ЗША. Нават самі бацькі — сумленныя працаўнікі — памерлі не ў сваёй хаце. Я. Плашчынскі быў пятым сынам у сям'і. Ён рана далучыўся да працы і ў дванаццаць гадоў, па яго словах, "у касьбе амаль не адставаў ад дарослых". Будучы паэт вучыўся ў Каралішчавіцкім народным вучылішчы (1910-1913), у жніўні 1915 быў залічаны вучнем 2-га класа Мінскага вышэйшага пачатковага вучылішча. З-за набліжэння фронту і падрыхтоўкі да эвакуацыі вучоба доўга не пачыналася. Вучыцца ў Мінску давялося і ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, а таксама грамадзянскай вайны. Гэта быў час, калі адбывалася пераасэнсаванне грамадскіх падзей, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Язэп Плашчынскі асабліва цяжка перажываў нямецкую акупацыю. З 1918 да жніўня 1921 ён вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1918 прачытаў першую беларускую кнігу — "Шляхам жыцця" Янкі Купалы, а праз два гады ў сваёй вёсцы пазнаёміўся з Міхасём Чаротам, сяброўствам з якім даражыў усё жыццё. Скончыўшы рэальнае вучылішча, Я. Плашчынскі вучыўся на дзевяцімесячных курсах беларусазнаўства Наркамасветы БССР (1921-1922), дзе слухаў Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю. Пасля курсаў працаваў інспектарам беларускай культуры ў Мазырскім райаддзеле народнай асветы, інспектарам школ Мінскага павета. У 1925-1927 вучыўся на педфаку БДУ. Увосень 1927 перавёўся ў Ленінградскі універсітэт (жыў у Пушкіне), але на чацвёртым курсе пакінуў вучобу. У 1929 вярнуўся ў Мінск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. 25.07.1930 па ілжывым абвінавачванні як член ўяўнага "Саюза вызвалення Беларусі" асуджаны на 5 гадоў высылкі.
   Прысуд гэты вынесены Калегіяй АДПУ 10.04.1931, адменены ж Вярхоўным судом БССР 30.1.1956. У перыяд блукання па пакутах Язэп Пушча працаваў бухгалтарам у г. Шадрынску на Урале (1931-1935), восем месяцаў (1935-1936) у саўгасе "Джэмтэ" каля Анапы. У 1937-1941 загадчык навучальнай часткі, дырэктар Манакоўскай сярэдняй школы Мурамскага раёна Уладзімірскай вобласці. У пачатку вайны ён мабілізаваны ў армію, вучыўся ў 2-м Маскоўскім пяхотным вучылішчы. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага раёна. У 1955 і 1956 наведаў Беларусь. 19.07.1958 з сям'ёй вярнуўся ў Мінск, дзе жыў да апошніх дзён.
   Першыя крокі ў літаратуру Язэп Пушча зрабіў, калі ў 1923 разам з іншымі пісьменнікамі стаў адным з заснавальнікаў і арганізатараў літаратурнага аб'яднання "Маладняк", а пазней — "Узвышша". З гэтага часу паэзія становіцца яго асноўным заняткам. Аўтар зборнікаў "Раніца рыкае", "Vita", "Дні вясны". Для ранніх вершаў паэта характэрны тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, дакладнасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Уласцівыя маладнякоўскай паэтыцы арнаментальнасць і квяцістасць выявіліся ў многіх творах нязвычнымі метафарамі ("Раніца рыкае", "Я раніцы кланяўся ў пояс", "Раніцу шчэбет пільнуе", "Усміхаецца зорамі ночка", "Туляўся ў выбоінах грэблі заплаканы променя вырыс", "Беланогі, расчухраны месяц лявоніць у лісці кляновым"). У гэтых метафарах, якія падчас мяжуюць з нечаканасцю, нават вычварнасцю, у пранікнёных інтанацыях адчуваецца не толькі захапленне паэзіяй С. Ясеніна, у чым вульгарызатарская крытыка абвінавачвала Язэпа Пушчу. У гэтай маладой задзірыстасці, нават свавольстве ўгадваюцца палёт фантазіі, імкненне для кожнай грамадскай праявы ці з'явы прыроды знайсці сваё, непаўторнае вобразнае тлумачэнне. У другой палове і асабліва ў канцы 20-х гадоў творчыя пошукі паэта ўскладніліся ў сувязі з нездаровай грамадскай атмасферай у краіне, штучным распальваннем падазронасці, агульнага недаверу, варожасці ў адносінах паміж людзьмі, навешваннем ярлыкоў. Крытыкі-вульгарызатары вышуквалі песімістычна-ўпадніцкія настроі, трагедыйнасць у зборніку Язэпа Пушчы "Песні на руінах", асабліва жорстка крытыкаваліся яго "Лісты да сабакі". У віну паэту ставіўся сум па родных мясцінах; яго распіналі на крыжы за тое, што адарваўся ад вёскі, але і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У такіх неспрыяльных абставінах напісаны паэмы "Крывавы плакат" (у пазнейшай рэдакцыі "Крывавы год") і "Сады вятроў" (1930), дзе ў форме дыялогу Грыміцкага і Мярохі вырашаецца праблема сапраўднай эстэтычнай вартасці мастацтва. Сутнасць яе — у служэнні мастака інтарэсам народа, сваіх сучаснікаў. У 1930 былі здадзены ў друк, але ў сувязі з арыштам не ўбачылі свет зборнікі Язэпа Пушчы "Мой маніфест" і "Грэшная кніга". У паэмах "Песня вайны", "Цень консула", "Крывавы год" увага аўтара скіравана да падзей імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў. Гераічнай барацьбе беларускага народа з фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны паэмы "Бор шуміць" і "Людвіся". Адарваны ад Беларусі, Язэп Пушча пісаў мала. I толькі пасля вяртання на радзіму ім напісана шмат вершаў светлай, "сонечнай" тэматыкі. Пасляваенная лірыка паэта вызначаецца аптымістычным настроем, мажорным гучаннем. Асноўныя яе матывы — любоў да Радзімы, шматгалоссе прыроды, услаўленне працоўнага энтузіязму. Гэтая лірыка лёгка клалася на музыку. Песні на вершы Язэпа Пушчы напісалі I. Бараноўская, П. Падкавыраў, Ю. Семяняка і інш. Пісаў таксама творы для дзяцей (вершаваная казка "На Бабрыцы" і інш.).
   Частка спадчыны Язэпа Пушчы (зборнікі "Мой Маніфест" і "Грэшная кніга") загінула. Некаторыя рукапісы былі спалены сям'ёй у Каралішчавічах з-за боязі. Некалькі вершаў Язэпа Пушчы апублікаваны пасмяротна ва ўспамінах яго жонкі Станіславы ("Полымя". 1992. № 6).


   Гарэлік Л.М., Мішчанчук М.І. Пушча Язэп // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Мн., 1995. Т. 5. С. 80-81.