Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Сяргей Грахоўскі - Будаўнікі

Кнопка отправить на печать

   Юрка выехаў са сваім самазвалам і пачаў вазіць пясок на будаўнічую пляцоўку. Каля яе была вялікая лужына, налітая за ноч дажджом. У вадзе плавала некалькі пажоўклых лістоў з таполі, а Юрку яны здаваліся караблямі на хвалях яшчэ нікому не вядомага мора.
   Хлопчык вазіў пясок і пазіраў на вокны і балконы суседняга дома. Там жылі Сашка і Жэня. У Жэні ёсць пад'ёмны кран, а ў Сашкі экскаватар. З імі работа пойдзе весялей. Яны ўбачаць, што Юрка ўжо выехаў, і адразу прыбягуць.
   Але чаму так доўга няма Галі? Яна ж заўсёды прыходзіла першая, чыркала трэсачкаю па зямлі, паказвала, дзе трэба капаць катлаван, дзе ставіць комін электрастанцыі, дзе пракладаць дарогі. Галя ўсё ведала. I Юрка, і Сашка, і Жэня слухаліся яе, бо ў Галі мама – інжынер і начальнік участка.
   Хутка прыбег Жэня з кранам на вяровачцы. На хлопчыку былі блішчастыя гумавыя боцікі, і ён не абыходзіў ніводнае лужыны, толькі пырскі ляцелі на ўсе бакі.
   – Што будзем рабіць. Юрка? – запытаў Жэня і паставіў на зямлю дзве высокія вузкія бляшанкі. – Давай ставіць калоны. Вось тут.
   – Пачакаем Галю, яна скажа, што рабіць, ды і Сашкі няма. Жэня прысеў на зямлю і пачаў круціць ручку свайго крана. Гэта ён правяраў, ці добра працуе машына.
   Юрка прывёз яшчэ два разы пяску, высыпаў яго, а Галі ўсё не было.
   З Дзвіны дзьмуў вецер, плылі нізкія хмары, кружыліся пажоўклыя лісты, падалі ў лужыну і пад ногі хлопчыкам. За пасёлкам паміж высокіх белых дамоў гулі маторы гружаных самазвалаў, адтуль даляталі сігналы вежавых кранаў, там адзін за адным ішлі аўтобусы на будаўніцтва завода. А Жэню і Юрку было сумна – удвух не гулялася.
   – Юрка, Жэня! Пусцілі! Зараз прыбягу! – пачуўся Сашкаў голас. Яго кірпаты носік тырчаў у адкрытай фортачцы вялікіх балконных дзвярэй.
   – Хадзі хутчэй! – узрадаваўся Юрка...
   Сашка цягнуў па шурпатай асфальтаванай дарожцы перавернуты дагары экскаватар і адразу пачаў апраўдвацца:
   – Мама не пускала – кажа, холадна. А я ўбачыў вас і выпрасіўся... Галя сягоння не прыйдзе. У яе баліць горла. Давайце гуляць адны.
   Яны пракапалі неглыбокія круглыя ямкі, Жэня падчапіў пад'ёмным кранам бляшанку, а Сашка памахваў рукою і паказваў, куды яе ставіць. Потым Юрка прывёз самазвал пяску, і яны з усіх бакоў абсыпалі «калону», каб не перакуліў вецер.
   Але без Галі работа не ладзілася: Юрка гаварыў адно, Жэня – другое, а Сашка мыў свой экскаватар у лужыне.
   – Давайце сходзім да Галі. Разам будзе весялей, – сказаў Сашка.
   – Хадзем, адразу згадзіліся Юрка і Жэня.
   На ўсходцах забразгалі колцы самазвала, крана і экскаватара. Сашка пазваніў у Галіну кватэру.
   Дзверы адчыніла бабуля і гукнула ўнучцы:
   – Галя, глядзі, хто да нас прыйшоў!
   З пакоя выбегла дзяўчынка і запрасіла:
   – Праходзьце сюды, праходзьце... Ой, як добра, што вы прыйшлі. У мяне есць кубікі. Будзем з іх ставіць дамы.
   – І мы сходзім па свае, – сказалі хлопчыкі і выбеглі ў калідор.
   Праз некалькі хвілін яны ўжо сядзелі на паркетнай падлозе і з кубікаў, з пустых карабкоў ад запалак ставілі дамы, а з папяровых палосак пракладвалі вуліцы і тратуары.
   Новы горад рос на вачах. Абапал дарогі стаялі дамы і школы, слупы з электрычнымі правадамі. Галя разаслала блакітную хусцінку:
   – Гэта ў нас будзе рака.
   – А каля ракі – завод, – дадаў Юрка. – Давайце зробім, каб ён быў прыгажэйшы за той, сапраўдны.
   Каля завода пракладзём чыгунку і мост, азваўся Жэня.
   Хутка па чыгунцы ўжо імчаліся і гулі цягнікі.
   Усім было весела, і Галя нават забылася, што хворая.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!