Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Міхась Стральцоў - Адзін лапаць, адзін чунь

Кнопка отправить на печать

   Аповесць Міхася Стральцова "Адзін лапаць, адзін чунь"шмат у чым аўтабіяграфічная.
   Толькі закончылася вайна, памяць пра яе яшчэ жывая, гарачая не толькі ў людзей дарослых, але і ў дзяцей, якія гэту вайну бачылі, як і хлопчык Іванка — герой аповесці. Вачыма Іванкі мы бачым гэты пасляваенны час, калі і холадна, і голадна, ні апрануць, ні абуць няма чаго.
   Сям'я хлопчыка — маці, дзед і бабуля — жыве цяжка: дзядуля і бабуля ўжо старыя, нямоглыя, але ж працуюць, таму што адна Іванкава маці не зможа пракарміць сям'ю. Бацька загінуў на вайне, як і многія мужчыны іх вёскі. Вось і прыходзіцца старому з малым думаць, як "вывесці на вясну карміцельку-кароўку". Добра, што салома ёсць, а ў калгасе ўжо кароўнік раскрылі, салому скармілі ўсю. Так, у невялікім дыялогу Іванкі з дзедам адкрываецца чытачу карціна пасляваеннага жыцця беларускай вёскі.
   Падзей у творы будзе няшмат. У цэнтры іх — Іванка з яго бясконцым чаканнем шчаслівага моманту, калі дзед Трахім спляце яму новы чунь і хлопчык атрымае магчымасць выйсці на вуліцу. Але гэта чаканне будзе раз-пораз перарывацца эпізодамі, якія раскрываюць больш шырокую карціну жыцця: то ўспамінамі дзеда пра вайну, пра тое, як пабралі немцы ўсіх мужчын з вёскі; то разважаннямі маці пра тое, што цяпер лепш за ўсіх жывецца тым, хто ў вайну здолеў "адседзецца", а цяпер "у брыгадзіры точыцца ці ў леспрамгас". Слухаючы гэтыя размовы, перажываючы з сям'ёй нястачы, рана сталее хлопчык, расказ пра якога аўтар закончыць словамі: "Пад ложкам, абкручаныя аборамі, ляжаць новыя чуні. Прачнецца заўтра Іванка, і першая ягоная думка будзе пра іх... Добра будзе Іванку. Добра будзе яму".

   Па сутнасці, апісаны адзін дзень Іванкі, дзень, які мае, праўда, выйсце ў часе і дзеі — верш-эпілог і верш-пралог і ліст ужо дарослага Іванкі, што спазнаў і колішнюю дзедаву дабрату і зразумеў калючае гора сваёй адзінокай маці і дараваў ёй і несправядлівасць яе і злосць.
   Дык сапраўды — адзін толькі дзень. Смужлівы зімовы дзень, які перажывае нядоўгае сваё жыццё з раніцы да вечара і ў якога ёсць свой настрой, свае набыткі, з якім і ў якім жыве Іванка, адчуваючы сябе ў гэтым дні і з ім, з яго смугой і снежнымі ўзвеямі, з усім непаўторным і паўтараючымся, што ёсць у гэтым дні: і "прыхаваны смутак, няўлоўны нейкі і зразумелы, як настрой то сцішанага..., то шумліва-порсткага... ветру", і "лапатлівы" клопат вераб'ёў, і "набрынялы пякучы холад", і "снежны пыл", і "шчыльная роўнядзь хмар". Дзень, што адсмуткаваў лёгкай завеяй і высвятлеў на добрую ноч, калі "роўна і светла ахінала наваколле цішыня", а "пад блакітнай смугой празрысцелі гурбы".
   У гэтыя дні — дзіцячы і недзіцячы клопат Іванкі: дрэнна адрамантаваў рагатку — надтачыў меднай драцінкай, а яна і пераела гуму, затое амаль удача — зрабіў сабе абутак са старых бацькавых чаравікаў: "абгарнуў нанач мокрай анучай..., дзе драцінкай падшыў, дзе вяровачкай падвязаў...", будзе ў чым на вуліцу выйсці.
   У гэтым дні — і розныя ўражанні сну-трызнення Іванкі, у якім ён сустракаецца са сваім alter ego, дарослым Іванкам, што збіраецца помсціць Цяўніку, а Іванку няўцямна і падсвядома адкрываецца ісціна дабраты і разумення — Цяўлік злосны таму, што яму не шанцуе: пакалечыла шчаку капсулем ад гранаты і ў пяты клас не перайшоў.
   У гэтым дні — і ўсе прысутныя персаналіі. Іх непадрабязныя слоўныя партрэты. Дзеда Трахіма, што ўсё скардзіцца на свае нястачы, спачувае чужым, але, як заўважыць гэтую неадпаведнасць малы Іванка, голасам "увесь час аднолькава порсткім, жвавым" — "як бы любуецца на свой голас". Ляксея Гурмака, таго самага, пра якога дзед Міхалка думае: "Бог не даў розуму, але даў добрую душу".
   У гэтым дні — і выхапленыя з вясковага жыцця здарэнні — то дзед Трахім расказвае, то лямантуе Іванкава маці.
   У гэтым дні — і апошні чалавечы клопат дзеда Міхала — самае галоўнае, мабыць, у настраёвай структуры аповесці — каб не быў яго ўнук "сіратою між людзей". Каб выпрабаванні выпалі яму "па сіле". Каб "не... надламалася яго душа пад цяжарам дабра", але каб і не стала зласлівай.    Каб знайшоўся чалавек, што дапамог бы памякчэць дачцэ, у якой стала нядобрым сэрца — "шмат у вайну перажыла". І каб пажыла яшчэ на свеце яго старая.
   Адзін толькі дзень. І цэлы свет. Настрояў, пачуццяў, дабрыні. Дзень, у якім ні адзін рух душы людской, ні адна змена ў прыродзе не засталіся па-за ўвагай.
   Калі ў поле зроку трапляе якая рэч, якая дробязь, дык яна асвятляецца агульным паэтычным настроем, узбуйняецца сваім дачыненнем да трапяткога свету пазначанай аўтарскім светаразуменнем рэальнасці. І тады мы зведаем, як Іванка, "стоячы над пограбам, бачыў сябе жаўтлява-светлай саломінкай, вытыркнутай са страхі,— яна трымцела, грала, смуткавала і гарэзіла разам з ветрам; вецер шкуматаў яе, але ўсё адно любіў, і яна любіла яго, і баялася, і не баялася ягонай моцы".

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!