Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Мікола Матукоўскі - Паядынак

Кнопка отправить на печать

   Драма Мікалая Матукоўскага "Паядынак" (1985) з'яўляецца новай спробай у жанры гераічнай камедыі. Драматурга цікавяць тыя акалічнасці, якія звязаны з канспірацыяй, тактыкай партызанскай і падпольнай барацьбы, уменнем стаіцца і нанесці нечаканы ўдар.
   Дзеянне твора, насычанае нечаканымі паваротамі і калізіямі, будзе адпавядаць назве ў тым сэнсе, што паядынак -гэта не абавязкова рукапашная, гэта яшчэ і барацьба інтэлектаў, валявых якасцей супраціўнікаў.
   З рэек сыходзяць цягнікі, у топках паравозаў разрываюцца міны, падкінутыя спрытнымі рукамі. Мароз скоўвае водаправод на чыгуначнай станцыі, і нямецкім эшалонам няма ходу ні на ўсход, ні на захад. Усім кіруюць нейчыя моцныя сіла і розум. Такая экспазіцыя прыдатная для таго, каб увесці вобраз змагара -Канстанціна Заслонава, які, паводле версіі драматурга, надзелены моцнай воляй і інтэлектам.
   Заслонава выклікаюць на размову, якая больш нагадвае допыт. Ён (як і Цярэшка Калабок) вядзе двайную гульню: стараецца захаваць сваю таямніцу і адначасова ствараць вобраз службоўца, зацікаўленага не палітыкай, а заробкам. І таму гатовы, як ён запэўнівае нямецкае начальства, супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі.
   Цікава, што ў гэтым напружаным псіхалагічным паядынку добрую ролю могуць адыграць шчырасць, чалавечнасць. Дзіўна, але якраз шчырасцю Заслонава ўведзеныя ў зман маёр СД Бегер і ваенны камендант Оршы Вернер. Да іх трапляе аўтабіяграфія Заслонава з камсамольскага даваеннага юнацтва. Яна змяшчае тры запаветныя жаданні, за кожнае з якіх, як выказваецца Бегер, "можна павесіць". Цяпер Заслонава выпрабоўваюць: ці не адмовіцца ён ад сваіх былых памкненняў. Калі адмовіцца -значыць, няшчыры.
   Заслонаў рэагуе на пытанні нестандартна:
   "Б е г е р. Нават у сумленнага, чалавека, Заслонаў, бывае мяжа, за якой яго сумленнасць канчаецца... З камсамола вас выключылі, з лётнага вучылішча прагналі. Бацьку вашага арыштавалі, сям'ю выслалі. У вас і мару адабралі. Я разумею, як гэта балюча, калі ў чалавека адбіраюць мару... Скажыце, Заслонаў, няўжо ў вас ніколі не з'явілася жаданне адпомсціць бальшавікам за ўсё, што яны зрабілі вам? І наогул, ці былі ў вас якія-небудзь жаданні? (Паўза). Ну, што вы маўчыцё, Заслонаў?
   З а с л о н а ў. Думаю...
   Б е г е р. Думаеце? Пра што?
   З а с л о н а ў. Гаварыць вам праўду ці не?
   Б е г е р. Праўда заўсёды даражэй цэніцца, чым няпраўда.
   Паўза.
   З а с л о н а ў. Былі ў мяне жаданні... Тры...
   Б е г е р. Нават тры? Якія?
   Паўза.
   З а с л о н а ў. Хацеў стаць добрым інжынерам...
   Б е г е р. Натуральна. Кожны чалавек хоча ўзяць ад жыцця максімум.
   Заслонаў. І даць максімум. (Паўза) Хацеў стаць камуністам...
   Б е г е р. Вы падзялялі іх перакананні?
   З а с л о н а ў. Не... Я ўжо гаварыў вам, што на кіруючыя пасады яны прызначаюць толькі сваіх, членаў партыі.
   Б е г е р. Памятаю. Каб патрабаваць з камуніста двойчы - і па адміністрацыйнай і па партыйнай лініі. Так?
   З а с л о н а ў. Так...
   Б е г е р. Ну што ж, тут ёсць логіка... І ў вас ні разу не з'явілася жаданне адпомсціць ім за тое, што яны скалечылі жыццё блізкіх людзей, ваша жыццё?
   З а с л о н а ў (не адразу, узважваючы кожнае слова). Выдаткі, пан маёр, бываюць розныя... Вы ж самі сказалі, што я мог быць забіты. А вы ўсяго толькі пакалечылі мяне. Выходзіць, што я павінен быць удзячны вам!
   Б е г е р. Не трымайце камень за пазухай, Заслонаў... А якое ў вас было трэцяе жаданне? Забыліся? Не памятаеце?
   З а с л о н а ў (пасля паўзы). Памятаю... Хацеў пабачыць Сталіна...
   Б е г е р. Сталіна? Навошта?
   З а с л о н а ў. Хацеў пагаварыць з ім...
   Б е г е р. Пра што?
   З а с л о н а ў. Пра многае... Пра жыццё.
   Б е г е р. І пра "выдаткі" сталі б з ім гаварыць?
   З а с л о н а ў. І пра "выдаткі" таксама...
   Б е г е р. Дзякуйце Богу, што ён не ажыццявіў ваша жаданне... Вы, Заслонаў, сапраўды сумленны чалавек. І на рэдкасць мужны. Сярод рускіх я сустракаю такога ўпершыню. Я хачу, каб вы былі нашым ідэйным саюзнікам.
   З а с л о н а ў. З саюзнікамі, пан маёр, так не абыходзяцца.
   Б е г е р. Свае білі вас мацней. Аднак жа вы ім даравалі! Спадзяюся, даруеце і нам. Зараз я прышлю да вас доктара. Вы свабодны, Заслонаў. Ідзіце ў дэпо і працуйце..."
   У гэтым дыялогу і ў іншых сцэнах ёсць прыкметы авантурна-прыгодніцкага дзеяння, рысы "шпіёнскай" літаратуры. Заслонаў нечым паўтарае паводзіны кінагероя, што нарадзіўся ў асяроддзі савецкага "маскульту" - славутага Штырліца з раманаў Ю. Сямёнава. У фінале твора ён спрытна выбаўляецца ад ворагаў, што падрыхтавалі яму пастку. Ёсць у п'есе і спрашчэнні, і моманты штучнай рамантызацыі, якія часта сустрэнеш у творах прыгодніцкага жанру.
   Знаходзім і вартыя ўвагі псіхалагічныя назіранні. "Двайной гульні" Заслонава перашкаджае часам яго залішняя даверлівасць. Так было ў свой час з Кастусём Каліноўскім, героем трагедыі Уладзіміра Караткевіча.
   Сярод персанажаў п'есы "Паядынак" ёсць асоба, больш спрактыкаваная ў майстэрстве хлусні, - Манш, афіцэр абвера. Заслонаў давяраецца яму, і ў выніку ледзьве не гіне.
   У ацэначнай, канцэптуальнай частцы п'есы драматург спрабуе спалучыць два пласты часу: ваеннае мінулае і сучаснасць. Прыём, трэба адзначыць, характэрны для сучаснай драматургіі. У заключнай сцэне Заслонаў звяртаецца да нашчадкаў, як быццам паміж былым і сучаснасцю няма часавай дыстанцыі: "Людзі! Вас многа! Мільёны! Мільярды! І ніхто з вас не хоча вайны і смерці! Дык чаму ж вы дазваляеце страляць ружжам і гарматам? Што вам дзяліць між сабой? Неба? Сонца? Зямлю?.. Іх хопіць на ўсіх! Што ж вы робіце, людзі?.. Вашай крывёй, якую вы пралілі на войнах, можна напоўніць акіян! З вашых касцей, што засталіся на палях бітваў, можна насыпаць горы!.. Вы чуеце, як цяжка з дня ў дзень, удзень і ўначы плешча пад вамі і гайдае зямлю крывавы акіян? Вы чуеце, як страшна варушацца гэтыя горы, клічучы ваш розум і ваша сумленне! Спыніцеся, адумайцеся, пакуль не позна!"
   У мастацкіх адносінах такі драматургічны ход не вытрымлівае ніякай крытыкі: занадта просталінейнае, лабавое вырашэнне; у маналогу зашмат рыторыкі, чыстай публіцыстычнасці.
   Жаданне аўтара закрануць хаця б такім спосабам праблему захавання міру адпавядае агульнай тэндэнцыі сучаснай літаратуры пра вайну.