Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Танк - Мухамор

Кнопка отправить на печать

Баб’ім летам да зары
У зялёным гушчары,
Дзе мох сцелецца рабы,
Паспрачаліся грыбы.

На ўвесь лес, зялёны бор,
Расхваліўся Мухамор,
Што пад шапкай – маку цвет
Ён дзяцюк на цэлы свет.

Боты, гузікі гараць,
Яму дзеўкі не дабраць
Ў цэлым лесе пад сасной
Ні багаццем, ні красой.

Мог-бы смела быць паслом
Або нават і царом –
Не сядзець век у траве
Ды разумнай галаве!

– Ты хваліцца лепей кінь! –
Яму радзілі Рыжкі, –
Плёткі чуючы твае,
Падасінавік злуе.

На чырвоны твой язык
Скасурыўся Чашчавік.
Табе ўсыпяць пад бакі
Калі-небудзь Казлякі...

– Мне начхаць на вас, на бор! –
Горда кажа Мухамор,
Калі біцца – паглядзім,
Хто паставіць на сваім!

А, залёгшы у траве,
Ўсё падслухаў Муравей,
Там, дзе мох і дзераза,
Сыраежцы расказаў.

Ды ў зялёным у бары
Гэта чулі Камары,
Яны вестку разняслі
Ўсім Апенькам на зямлі.

А Ваўнянкам у паўдні
Раззванілі Авадні...
Болей, як вясной у жаб,
Было гутарак у баб.

Аж прачнуўся на той крык
Пад яленцам Баравік,
Дзе пад мохам, як парсюк,
Спаў, сагнуўшыся у крук.

I пачаў ён развадзіць,
Мудра радзіць і судзіць,
Расшумеўшыся, з-пад траў,
Нават галаву падняў.

Дзе мох сцелецца рабы,
Iшлі дзеці па грыбы, –
Асцярожная рука
Падняла Баравіка.

Пайшлі ў кошык Казлякі,
Сыраежкі і Рыжкі...
I на ўвесь зялёны бор
Рагатаў наш Мухамор.

Ён паказываў, крычаў,
Дзе схаваліся між траў
Падасінавік стары,
Дзве Ваўняначкі-сястры.

Як пакінулі ўсе лес
У вячэрнай у імгле,
Шышкай галаву падпёр, –
Затужыў і Мухамор:

Што не весела яму
Ў цёмным лесе аднаму,
Ў цёмным лесе, у бары,
Няма з кім пагаварыць.

Нат смяюцца у паўдні
З Мухамора Авадні.
А зара як дагарыць,
Усё звоняць Камары

Ад сасны і да сасны,
Што ёсць грыб – благі, дурны
Мухамор, эх Мухамор!..
Эх, сасновы цёмны бор!
 


1937

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!