Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Максім Танк

   Яўген Іванавіч Скурко (сапраўднае прозвішча Максіма Танка) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета Мінскай губерні (зараз Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Неўзабаве, калі ў 1914 г. пачынаецца Першая сусветная вайна, бацькі хлопчыка, ратуючыся ад небяспекі, апынуліся ў Маскве. Тут Жэня і распачаў сваю школьную навуку. Але ў 1922 годзе, калі паводле Рыжскай дамовы 1921 года Заходняя Беларусь і ў тым ліку Пількаўшчына апынуліся ў складзе Польшчы, сям'я Скурко вярнулася на радзіму. Вучыцца тут Жэню давялося ажно ў чатырох гімназіях, дзве з якіх былі беларускімі — Радашковіцкая і Віленская, а дзве — Вілейская і Віленская імя А.С. Пушкіна — рускімі.
   З 1929 года будучы паэт знаходзіцца ў Вільні, дзе з невялікімі перапынкамі ён пражыў амаль дзесяць гадоў (з 1929 года па 1939 год).
   У 1931 годзе, на той час навучэнец Віленскай рускай гімназіі імя А.С. Пушкіна, Жэня Скурко разам са сваім сябрам Янкам Гарохам выдае два нумары часопіса "Пралом", дзе над псеўданімам А. Граніт змяшчае свае першыя вершы. А ў сакавіку 1932 года адбыўся першы арышт паэта. Турэмнае зняволенне балюча адбілася на свядомасці юнака. Восенню 1932 года ён пераходзіць польска-савецкую мяжу з надзеяй пазбегнуць турэмных пераследаў і ажыццявіць свае мары пра вучобу ў Савецкай Беларусі. Але Максіма Танка напаткала вялікае расчараванне. Пасля двух тыдняў турэмнага зняволення ў Мінску яго адпраўляюць назад, у Польшчу, дзеля нелегальнай падрыўной дзейнасці на карысць СССР. Праўда, для Максіма Танка гэта быў не самы горшы варыянт, бо яго маглі ў тыя гады расстраляць без суда і следства, абвясціўшы польскім шпіёнам.
   Вярнуўшыся ў Вільню, Максім Танк пачынае новае жыццё. Віжаванне, арышты, допыты, дазнанні становяцца для яго штодзённай явай. У віленскай турме "Лукішкі", дзе сядзелі амаль усе заходнебеларускія пісьменнікі, Максім Танк з невялікімі перапынкамі правёў каля двух гадоў. Творчая дзейнасць паэта, як і ўсё ў яго жыцці, у значнай ступені рэгламентавалася партыйнай дысцыплінай.
   1939 год — год далучэння Заходняй Беларусі да Савецкай — Максім Танк сустрэў у доме бацькоў, у Пількаўшчыне. Новая савецкая рэчаіснасць мала спрыяла яго паэтычнаму натхненню: ранейшая тэматыка змагання была завершаная, а пісаць пра барацьбу народа за светлую будучыню ў савецкай дзяржаве паэт не мог. Калі ў 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, Максім Танк апынуўся ў горадзе свайго дзяцінства — Маскве. Ён працаваў у газеце "Савецкая Беларусь", а потым у газеце "Раздавім фашысцкую гадзіну". Па волі абставін танкаўская паэзія гэтага часу стала працягам матываў яго заходнебеларускай творчасці. Балючая танальнасць прамаўлення, зварот да нязломных сіл роднай зямлі, пранізлівы боль страт увасобіліся ў вершах "Беларусь", "Родная мова", паэме "Янук Сяліба".
   Пасля вайны Максім Танк жыў у Мінску, займаўся грамадскай і творчай працай, шмат пісаў. За творчыя дасягненні быў ушанаваны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Яго творы перакладаліся на мовы многіх народаў свету, і ён сам шмат перакладаў, асабліва з польскай мовы. Апошні паэтычны зборнік Максіма Танка, дзе апрача арыгінальных твораў змешчаны і пераклады, мае назву "Errata", што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае заўважаныя памылкі. Гэтая кніга выйшла ў 1996 годзе. Максім Танк, які памёр у 1995 годзе, ужо яе не пабачыў.