Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Танк - Казка пра Музыку

Кнопка отправить на печать

Частка першая

За борам цёмным,
Вялікім,
Дзе, зачапіўшыся
За сасновы грэбень,
Калышацца сіняе неба, –
Жыў сірата Музыка.

Не меў ён ні двара,
Ні гароду;
Толькі сярмяжку старую –
Прыкрыцца калі ў непагоду –
І жалейку жывую.
 
А іграў ён заўсёды
Весела.
Нават дрэва, пачуўшы яго,
Хоць бы нізка да долу
Галіны плакучыя звесіла.
 
Зашуміць, засмяецца,
Атрасаючы пыл,
Закалышацца вецер,
І заскачуць,
Як зайцы,
На полі снапы.
 
А што ўжо казаць пра людзей!
Калі кожная песня яго
Сілы шмат дадавала,
Шмат будзіла ў сэрцы надзей,
Беднякоў і сірот сагравала...
Вось які быў з Музыкі
Мастак-Чарадзей!
 
Далёка,
Там, дзе сонца заходзіць,
А мо і яшчэ далей,
Жыў цар у палацы вялікім.
Ён не раз чуў ад розных
Бывалых людзей,
Што на свеце ёсць
Гэткі Музыка.
 
Загадаў цар
Музыку таго прывясці
У палац, на царскія вочы.
Прывядуць –
Усіх азалоціць,
А то – лепш і дамоў не ісці...
 
Ішлі слугі цара дзень і ноч:
І пры сонцы,
І пры месяцы высокім –
То лесам,
То полем,
То гарой,
То сухадолам глыбокім.
 
Аж пачулі,
Нешта недзе грае,
Толькі дзе і хто –
Не відзяць,
Хоць ідуць
На дзіўны голас краем
Ужо цэлы тыдзень.
 
Адзін кажа:
– Можа, гэта здань?
Другі:
– Мо трава спявае?
Толькі трэці,
Прылажыўшы вуха,
Кажа:
– Братцы! тут зямля такая!..
 
Можа, лепей пойдзем да ракі,
Дзе ля вадапоя
Ловяць сонца рыбакі,
Ды спытаем,
Што такое?
 
Аж глядзяць –
Насустрач ім ідзе
Ў лапціках лазовых хлопчык
Невялікі.
Вось паслы ў яго пытаюць:
– Дзе
У вас жыве такі Музыка?
Выняў ён жалейку ды зайграў.
Толькі зазвінела рэха борам,
Разлілося шумам траў,
Высыпалі песню слухаць зоры.
 
Тут усе пазналі, хто прад імі.
Вось паслы і кажуць:
– Хоча цар
Адкупіць тваёй жалейкі чар
Разам з песнямі жывымі.
 
А Музыка кажа:
– Бедны мы.
Сам я голы,
як калок у плоце.
Можа, ваш багаты гаспадар
Камяні усе на полі азалоціць,
Але я жалейкі не прадам
Ні цару, ні вам ніколі!.. –
І пайшоў Музыка ўдаль,
У сінеючае поле.
 

Частка другая

Доўга думалі паслы
Над сваёй бядой-няшчасцем.
Парашылі, што жалейку
Трэба ім украсці.
Скураной дарожнай торбай
З іх патрос адзін:
З торбы вылецела птушка,
Паднялася ў сінь.
 
А другі на мокры дзёран
З світкі рукава
Вытрас цень кудлаты, чорны, –
Ні воўк, ні сава, –
Аж, здаецца, пацямнела
Неба, зелень траў...
Трэці – гадзіну
З-за пазухі дастаў.
 
Вось адзін пасол гаворыць
Птушцы:
– Ты ляці,
Дзе лускою серабрыстай
Нёман зіхаціць,
Дзе купаецца зялёны
Вецер у траве...
Там, здаецца, і Музыка
Ў тым краю жыве.
 
Ценю кажа:
– Пойдзеш полем,
Згасіш ясны дзень,
Пераблычаш сцежкі зораў
З сцежкамі людзей.
 
Кажа гадзіне:
– Як толькі
Край задрэмле ўвесь,
Да Музыкі па жалейку
Ціха папаўзеш...
 
Над ракою звісла жыта
І клён малады.
Спіць Музыка пад ракітай,
Не чуе бяды,
 
Што лягла нямая ціша
На палі, лугі,
Што над ім снуе начніца
Чорныя кругі;
 
Што апала ноч глухая
І па дзеразе
Да яго на скат пясчаны
Гадзіна паўзе,
 
Сніцца сон яму, што быццам
Ружавее даль,
І пяе, і залаціцца
Ў Нёмане вада.
 
Бачыць дзіва:
у палацы
Нейкі цар сядзіць,
Смеючыся, на Музыку
Весела глядзіць.
 
Хлебануў з каўша ён мёду,
Выцер бараду
І зайграў ды на жалейцы:
– Ці-ра-ра, ду-ду!..
 
Скочыў да цара Музыка...
Знік раптоўна сон.
Толькі шолах мокрай вікі
Ды калосся звон.
 
І ў траве шум чуе нейкі,
Там, дзе яра скат...
І... за пазухай жалейкі
Не знайшла рука...
 

Частка трэцяя

На курган рагамі вострымі
Апёрся ясны месяц.
Ідзе дарогаю Музыка,
Галаву на грудзі звесіў.
Ўсіх пытаўся, можа, бачыў,
Можа, чуў хто пра зладзеяў?
Але вечарам апошнім
Нават вецер спаў, не веяў!
 
Камары ў густых чаротах
Не снавалі ў змроку сілля,
Нават слонка познім лётам
Не абмыла сваіх крылляў.
 
Толькі, свечку запаліўшы,
Светлячок адзін, надзіва,
Бачыў, з папараці нешта
Як паўзло па сонных нівах...
 
Яшчэ нешта бачыў вожык,
Але што – і сам не ведаў...
Распытаўся іх Музыка
І пайшоў на захад следам.
 
Доўга ён ішоў... Аж бачыць:
Баразной ідзе Араты
І з сяўні шырокай сее
Жменяй чорныя зярняты.
 
Зацікавіўся Музыка
І Аратага пытае:
– Што ты робіш гэта, дзядзька?
– Потам ніву засяваю...

Ды пытаецца ў Музыкі
Скуль ідзе, з якога краю.
На дарогу даў у торбу
Хлеба чорнага акраец.
 
Цэлы дзень ідзе Музыка,
Ізноў дзіва спатыкае:
Волат горы крышыць, ломіць
І з далінамі раўняе.
 
Прывітаўся з ім Музыка,
Пра няшчасце сваё кажа...
А на гэта хлопцу Волат:
– Я пайду з табою разам.
 
Пазаву Асілка, брата, –
На другім канцы разоры
Ён сядзіць і днём і ноччу,
Ўе пяньковыя аборы,
 
Каб развесіць свае сіллі
І за лета, і за восень
Знішчыць птушак пералётных,
Што пустуюць нам калоссе.
 
А ён хай пакліча Вяля,
Што стаіць каля папару,
Разганяе дратаванай
Пугай статак цёмных хмараў...
 
У запас набралі лапцяў
І крануліся пад вечар
У далёкую дарогу,
Торбы ўскінуўшы на плечы.
 
Падышлі да сіне мора.
Мора дрэмле, серабрыцца.
Толькі аднаму Музыку
Ноччу месячнай не спіцца.
 
Чуе, на шляху паднебным
Гусі дзікія гавораць
Пра цудоўную жалейку,
Пра бяду яго і гора.
 
Што на родных яго нівах
І над Нёмнам яго слаўным
Не чуваць ніякіх песняў,
Не смяюцца людзі даўна...
 
І задумаўся Музыка...
Гусі крумкаюць-гавораць:
– За трохтысячнаю хваляй
Востраў ёсць на сінім моры.
Цар задумаў справіць свята, –
Мёд па чарах паліецца,
Будуць на зачараванай
Там іграць-спяваць жалейцы...
 
– І мяне з сабой вазьміце...
Ды не чулі гусі крыку.
Толькі збуджаная хваля
Пенай пырснула ў Музыку.
 

Частка чацвёртая

Да ўсходу сонца ўстаў Музыка.
У сэрцы непакой і скруха.
Хутчэй сяброў паведаміў ён
Аб тым, што ў выраі падслухаў.
 
Рашылі:
трэба секчы сосны,
Хутчэй збіваць вялікі плыт
І хоць бы леты, зімы, вёсны,
А на далёкі востраў плыць!
 
Шуміць бор цёмны, уздыхае;
Кіпіць работа, звон ударыў.
Гатова мачта смаляная,
На ёй з кашулі белы парус.
 
І толькі збуджанае сонца
Праменні кінула над логам, –
Плыт ціха па гладкой затоцы
Крануўся ў дальнюю дарогу.
 
Вяслуюць,
толькі толку мала:
Прачнуўся ранні вецер шэры,
Насустрач гоніць вал за валам
І зноў варочае на бераг.
– Зацяжак плыт, –
Асілак кажа, –
Хай едзе Вяль адзін з Музыкам,
Каб не змяла іх бура часам,
Няхай сябе прывяжуць лыкам.
 
А сам пайшоў на бераг з братам,
Дзе леглі на пясчаны ўзгорак
І проста ў твар вятроў кудлатых
Дзьмуць пачалі на сіне мора.
 
І мора грозна застагнала,
І мора грозна загрымела,
Як горы, ўспененыя хвалі
Панеслі плыт на грывах белых...
 
Мінаюць дні, то ў моры тонуць,
То ззяюць зноў агнём з гары.
Глядзіць Музыка з Вялем ў тоні,
І на каралы, і на рыб,
 
На груды перлаў і камення,
На вадаростаў свет багаты,
І на затопленыя лодкі
Купцоў, ваякаў і піратаў.
Над галавой, пад аблакамі,
Арол ляціць з ахрыплым клічам:
Мо ён спрачаецца з вятрамі,
Ці ўбачыў свежую здабычу?
 
Ды адлятае без абеду
За вадзяныя горы-хвалі.
І толькі доўга яго следам
Глядзяць сябры – Музыка з
Вялем...
 
Гаворыць Вяль:
– Здаецца, востраў
Відаць, а можа, гэта сон?
Сцяной залочанай і вострай
Абнесены з усіх старон.
 
Калі наблізіліся, бачаць:
Зусім нязнаны край зямлі;
Куды ні глянь – дамы, палацы,
А ў порце – мачты, караблі.
 
Шуміць натоўп, шуміць, смяецца;
Па цэлым беразе пакатым
Вяселле хмельнае ліецца, –
Відаць, што цар спраўляе свята,
 
Сядзіць сам высака на троне,
Сем чалавек трымаюць бруха,
Ў брыльянтах, янтарах карона
Цяжкая з’ехала на вуха.
 
А слугі спераду і ззаду
Кругом стаяць напагатове,
Каб выпаўняць цара загады.
На белых на сталах дубовых
Нямала мёду, рыбы свежай,
Хлябоў, звяроў і птушак дзікіх
З глыбінь Палесся, з Белавежы...
Аж не надзівіцца Музыка!
 
Гаворыць цар:
– Пара сягоння
Гасцей маіх павесяліць...
І вось з паклонамі да трона
Падходзяць царскія паслы.
 
– Зайграем, – кажуць яны, – тое,
Што самі гукі запяюць...
Аж анямеў Музыка з болю,
Жалейку ўбачыўшы сваю...
 
На цэлым беразе ўсё змоўкла;
Застыла – цішыня нямая.
Ды не чуваць чароўных тонаў...
Маўчыць жалейка, не іграе.
 
Цар узлаваўся:
– Вось дык штуку
Прынеслі мне з чужога краю!
Няўжо ж ніхто не збудзіць гукаў,
Ніхто на ёй не заіграе?
 
Маўчаць.
Спусцілі ўсе галовы.
І калі цар другі раз клікаў,
На перад у лапцях лазовых
З кійком праціснуўся Музыка.
 
Узяў жалейку і шчаслівы
Абцёр крысом сярмяжным з пылу.
На ўсе лады і пералівы
Яна ў яго загаварыла:
 
То звонам жаваранка ў жыце,
То салаўіным свістам чулым,
Трывожнай кнігаўкай ў ракіце
І ў лесе шэраю зязюляй.
 
Пазней зайграў, як жнеі пелі,
Як вецер шапацеў саломай,
Сівыя хвалі Нёмну пеніў
І абарваў акордам грому...
 
А рэха ўсё яшчэ іграла
І толькі змоўкла ў нетрах бору
Тады, калі Музыка з Вялем
Дабеглі ўжо да сіне мора.
 
Схапіўся цар:
– Хутчэй вярніце,
Пагоню шліце за пагоняй!..
Ды белай чайкаю ў блакіце
З кашулі белы парус тоне.
 

Частка пятая

Гаварыў Асілак брату:
– Глянь, дзе хвалі пеніць шторм,
Ці то грывай вал дзевяты,
Ці то зломаным крылом
Птушка, тонучы, махае?
– Не, не хвалі там іграюць.
Не крылаты ўзмах птушыны,
Гэта парус ў моры сінім!..
 
Кажа зноў Асілак брату:
– Глянь на сонечны загар,
Быццам коней ляціць статак,
З шумам, навальніцай хмар.
 
– Эх, не хмары і не коні
Пеняць вадзяныя горы,
Гэта царская пагоня
Паказалася на моры!..
 
Стогне вецер, вые дзіка,
Круціць хвалі валам шэрым,
Ужо бачыць Вяль з Музыкам
Бор стары, знаёмы бераг.
 
Яшчэ вёсламі ударыць!
Плыт урэзаўся ў пясок,
Мачта хіліцца набок,
Звесіў крыллі мокры парус,
 
Пырскі мора на ім ззяюць...
Вяль Музыку так гаворыць:
– Мы гасцей з-за сіне мора
Без цябе тут прывітаем.
 
Хопіць ім сталоў-курганаў;
Мёдам абнясём ліповым.
Хай даруюць, калі п’яна
З плеч пакоцяцца галовы
 
Або ў скоках пад нагамі
Трэснуць панцыры іх, шлемы...
Ты ж ідзі далей шляхамі,
Дзе над Нёмнам вербы дрэмлюць,
 
Дзе шумяць прасторы жыта
Ў залатым імглістым цвеце,
І што бачыў, раскажы ты,
Перадай ўсім на жалейцы.
 
Разышліся. Вяль з братамі
Ловіць мора сіні подых,
А Музыка йдзе шляхамі
На сустрэчу сонца ўсходу.
 
Вось ужо ў далінах тоне,
Вось хаваецца за межы,
Толькі ўсё жалейкі тоны
Разліваюцца ў бязмежжы.
 
А тым часам у затоку
Караблі ўсё прыбываюць,
І на бераг на шырокі
Цар з дружынай высядае.
 
Сам цар выступіў наперад,
Кажа: – Гніцеся мне ў пояс!
Сплёў густы для вас я нерат,
Каб цягнуць да вадапою.
 
Лепей самі аддавайце
Мне Жалейку і Музыку,
А то з вашых плеч на лапці
Надзяру мяккога лыку.
 
І рагоча ўся дружына.
Вяль гаворыць: – Што хваліцца!
Паглядзім лепш, хто ў даліне
Выстаіць ці ляжа ніцам...
 
– Што, няўжо на вас, на гэткіх,
Маёй сілы будзе мала? –
Ізноў разам цар, і войска,
І паслы зарагаталі.
 
А пасля пайшлі ўсе ў наступ
Чорнай ненавіснай сілай.
Вырваў Вяль дуб каранасты,
Пояс патужыў Асілак.
 
Волат парасправіў плечы –
І сустрэліся з навалай.
Пачалі мясці і секчы –
Толькі рэха застагнала.
 
Быццам жнівам на іржышчы –
Сноп на сноп – кладзецца сіла;
Цэлы дзень грыміць ігрышча,
Як стагі, растуць магілы.
 
Наступае вечар сіні,
Сонца ў хвалях мора тае,
Позна волатаў з дружынай
Раздзяліла ноч глухая.
 
Цар хутчэй уцёк за мора.
Вяль прылёг каля кургана,
Каб, як згаснуць толькі зоры,
Зноў дамоў вярнуцца рана.
 
Спіць зямля. Смугою ліпкай,
Цёплым ценем сон ліецца,
Толькі часам ціхай скрыпкай
Заіграе польны вецер.
 

Частка шостая

Ходзіць, нукае Араты,
Конь, залёгшы, цягне шчыра;
І сярэбрацца нарогі
Ад пяску сырога, жвіру.
 
Часам сталь скрабне паліцу,
Часам іскрай пырсне крэмень...
І хаваюцца пад дзёран
Пікі, панцыры і шлемы,
Трупы царскіх слуг, ваякаў...
Колькі Вяль з братамі выбіў!
Колькі сіл варожых знішчыў!
– Ну, раўней лажыся, скіба!
 
Зааром, забарануем,
Сыпнем ядраны насевак,
І запеняцца ўраджаі,
Закалышуцца напевы...
 
Толькі дзень замітусіўся,
Вяль, прачнуўшыся, гаворыць:
– Што за дзіва? дзе ні глянеш –
Скібы чорныя, разоры:
 
І на захад, і на поўнач
Без канца яны без краю;
Там, дзе бой кіпеў учора,
Нават месца не пазнаеш...
 
Сонца залатой пагодай
Дываны жытоў абмыла.
Сеў Музыка каля броду
Пад бярозаю пахілай.
 
Думу думае маркотны:
Ці жыве дзе Вяль з братамі?
Можа, хмарай пералётнай
Ці віхурамі-вятрамі
 
Мые косці іх на нівах,
На прасторах на шырокіх,
Дзе ўсе песні – шум прыліву
І марскі салёны рокат.
 
Летучы з краёў заходніх,
Воран, кружачы, гаворыць:
– Ой, лягло нямала войска,
Войска царскага з-за мора.
 
І ў раку ён нешта кінуў.
Паглядзеў Музыка ў тоні:
Ззяе там красою дзіўнай
Камень, выдзерты з кароны...
 
І вясёлкамі заззялі
Воды сінія, здаецца,
І зноў тоны заігралі
Ў зачарованай жалейцы
 
Ціхім шэпатам крынічным,
Шумам трыснікоў зялёных,
Медным коласам пшанічным,
Васільковым звонам лёну,
 
Рэхам збуджаным, вясёлым,
Даўняй казкай над калыскай...
І здаецца – нівы, сёлы
Нехта гукамі апырскаў...
 
А кругом красуе лета,
Дрэмле вецер ў полі роўным;
Сонца спелаю ранетай
Наліваецца над Нёмнам.