Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Анатоль Кудравец - Сустрэча

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Акно было расчынена, і вецер вольна гуляў па пакоі: варушыў фіранкі, церабіў газету на стале, забаўляўся з махрамі сурвэткі пад тэлевізарам. Недзе было сонца, недзе было душна, недзе пахла расплаўленым асфальтам і нагрэтай мокрай глінай. Але ўсё гэта «недзе» было там, на вуліцы, а ў пакоі было прахалодна, і чалавеку добра было ляжаць на ложку і думаць пра тое, што хвароба праходзіць і неўзабаве можна будзе выйсці на працу. Чалавек і сапраўды ляжаў на ложку і думаў такое.
   I раптам за акном пачуўся шум, залапаталі крылы і нехта мякка бумкнуў кіпцюрамі па блясе. Мусіць, голуб прыляцеў па свае крошкі, ён так рабіў заўсёды.
   Чалавек на ложку павярнуў галаву да акна і убачыў спакойнае круглае вока – жывы белы абадок вакол чорнай кропкі-канаплінкі. Не міргаючы, з цікаўнасцю вока пазірала на чалавека. Галчанё! Маладое, нявопытнае, кволы жаўтаваты пушок у кутках дзюбкі... Толькі нявопытнасць магла кінуць яго ў расчыненае акно, у пакой, дзе ляжаў чалавек. Пра нявопытнасць сведчыла і левае, некім падбітае крыло, якое звісала ніжэй правага. Галчанё раз-пораз ускідвала яго ўгору, але яно зноў і зноў аплывала ўніз.
   Галчанё здзеўбанула некалькі хлебных крошак з бляхі, скокнула наперад і апынулася ў пакоі. Птушку зусім не бянтэжыла тое, што на яе пазіраюць.
   На падаконніку ляжала лязо – адно з тых, якімі чалавек галіўся і якое забыўся выкінуць. Галчаняці яно спадабалася. Дзеўбанула раз, дзеўбанула другі – лязо дзынкнула, але заставалася ляжаць на месцы. Пасля трэцяга ўдару лязо падскочыла, але зноў лягло на падаконнік. Трэба было прыдумаць нешта іншае. Павярнуўшы галоўку набок, галчанё пачало падсоўваць дзюбку пад лязо. Падсунула, узяло ў рот. Паспрабавала праглынуць, але не – лязо было шырокае і вострае. Галчанё заматала галавой, і бліскучая цацка, дзынкнуўшы, паляцела на падлогу. Галчанё правяло яе позіркам і задумалася.
   У куточку на падаконніку стаяла бутэлька з чарнілам. Закрутка ад бутэлькі згубілася, і яе замяняла затычка з чырвонай паперы. Затычка зацікавіла птушку, і яна пачала шкуматаць яе. Папера – не сталь, учапіцца ў яе лягчэй. I вось ужо бутэлька ляжыць на баку, а па белым падаконніку, плыве, расцякаючыся, чорны чарнільны ручаёк. Галчанё спрабуе напіцца з яго, але пасля першага глытка адступаецца: чарніла нясмачнае.
   Кароткі разбег, узмах крылаў – і галчанё апускаецца на ложак.
   Ложак быў шырокі, чалавек на ім не варушыўся, і птушанё пачало вывучаць коўдру, якой чалавек быў накрыты. У адным месцы з коўдры тырчком вылазіў доўгі чорны волас. Ля яго варта было спыніцца. Галчанё ўзяло яго ў дзюбу, скубанула – волас выслізнуў, дзеўбанула – волас сагнуўся і зноў устаў. Ну і хай стаіць!
   Галчанё ўзляцела на стол, прайшлося па ім. Ні газета, ні попельніца не зацікавілі яго. Спынілася на самым краі, зірнула ўніз і рашуча ўскінула галаву. На падлозе ляжаў доўгі руды чарвяк з чорнай сплюснутай галавой.
   Галчанё кінулася ўніз і схапіла чарвяка за газану. Чарвяк выцягнуўся, але не разрываўся. Галчанё тузанула мацней – тое ж самае. Тады галчанё вырашыла праглынуць яго цалкам. Але і з гэтага нічога добрага не атрымалася: чарвяк быў занадта доўгі. Не выпускаючы галавы чарвяка з дзюбы, галчанё ўперлася лапкамі ў падлогу і штосілы шкуматнула здабычу на сябе. Галава чарвяка выслізнула з дзюбы, а птушка, страціўшы раўнавагу, села на хвост. Пасядзела так, яшчэ раз зірнула на чарвяка. Той спакойна ляжаў на падлозе, не паказваючы намеру ні варушыцца, ні ратавацца. Што ён – мёртвы? Галчанё яшчэ раз уважліва паглядзела на чарвяка і толькі цяпер убачыла, што гэта ніякі не чарвяк. Гэта быў шнурок, зацягнуты ў чаравік. Пад ложкам стаяў яшчэ адзін чаравік, і ад яго цягнуўся яшчэ адзін такі ж чарвяк. Ну і хай!..
   Галчанё ўзляцела на падаконнік. Пастаяла там, апошні раз зірнула на чалавека, паправіла падбітае крыло, скочыла ўніз і паляцела.
   На зямлі, ля кучы будаўнічага друзу, яно нарэшце знайшло сапраўднага чарвяка і за ўсё з ім разлічылася.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!