Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Кудравец - Елачка

Увага! Поўны змест

   Зіма. Нядзеля.
   Ноччу прайшоў добры ўсадзісты снег, і на самым пачатку падслепаватай раніцы, калі з-за Аленінага плота на вуліцу вынырнуў невысокі чалавек, сяло выдавала глухім і сонным. I быццам усё яно — з канца ў канец — было заліта сінькай. Чым далей хапала вока, сінька гусцела, набракала, пераходзіла ў фіялетавае.
   Насупраць Аленінага двара цераз вуліцу стаяў калодзеж з вядром, і чалавек збочыў туды. Дастаў вады, доўга і асцярожна піў, грэючы яе ў роце, пасля выліў з вядра ваду на снег, пусціў вядро і пайшоў далей.
   Трымаўся чалавек сярэдзіны вуліцы, ішоў хутка, акуратна сцелючы за сабой сляды-«елачку». Быў на ім кароткі, колеру вываранай альховай кары, кажух і зімовая шапка з калматай злямчанай аўчыны. Увесь час, як толькі паказаўся з-за плота, чалавек пазіраў на замураваныя марозам вокны Аленінай хаты. Ён вярнуў галаву назад і тады, калі хаты не стала відаць за цёмнымі, ацяжаранымі снегам яблынямі і ліпамі. Потым ён ускінуў пруткай бародкай, пачаў круціць вострым, як у птушкі, тварам направа і налева. Вочы яго — круглыя, цёплыя светлячкі — пазіралі жыва і весела.
   Ішоў чалавек вуліцай — шырокай, роўнай ад снегу, і чым далей, тым цішэў яго крок. Пасярод пасёлка, з левага боку, вуліца раптам разрывалася, адкрываючы, як шчэрбіну, нежылую пустату на месцы былога двара. Ад двара застаўся толькі канец гнілога хлява з голымі рэбрамі лат. Чалавек тут зусім прымарудзіў хаду, патаптаўся, закурыў.
   Далей, за пустым дворышчам стаяў новы дом з бляшаным дахам на каменным падмурку, і на яго чалавек падзівіўся, варухнуўшы ўгору бровы.
   Ногі вынеслі чалавека ў канец сяла, павярнулі направа — на вузкую дарожку, што вяла да другога, меншага за гэты, пасёлка. I тут снег быў некрануты і сіняваты і мякка, як крухмал, рыпеў пад нагамі, і зноў сляды чалавека слаліся акуратна і роўна. Гэты пасёлак таксама быў увесь у снезе і таксама спакойна спаў.
   Так чалавек падышоў да двара, ля якога зяблі ў белых накідках дзве маладыя таполі. Ля адной з іх стаяў трактар — радыятар і шкло кабіны зусім белыя. Чалавек абышоў трактар кругом, зазірнуў у кабіну — было там чыста і масляна, і пасля гэтага ўжо завярнуў да варот.
   Гэта быў яго двор, а ў двары — яго хата з сенцамі, і з хаты нядаўна выходзіў нехта — пра гэта гаварыў двайны ланцуг слядоў ад ганка пад хлеў і назад, і чалавеку спадабалася, што ў хаце ўжо нехта не спіць.
   Калі б хто са старых слабаджан бачыў у гэты час чалавека ў кажуху, то абавязкова пазнаў бы яго.
   Гэта быў Мірон Булойчык.
   Яго нельга было не пазнаць, як нельга было і зблытаць з кім другім. I гэты — траха ніжэй паясніцы — кажух, і старая бараняя шапка, і пруткі клін барады, і хада... Толькі Мірон хадзіў у Слабадзе так дробна і культурна. Слабаджане смяяліся — «у елачку: наскі ўроскід, пяты ўкучу». Ён быццам не хадзіў, а пісаў, акуратна нізаючы след за следам: адзін наском направа, другі — налева.
   Год з восем ужо не бачылі Мірона ў Слабадзе — пасля таго як ён рассварыўся з жонкай — хваравітай і надта раўнівай жанчынай, і пабіўся з Дубінавым Казікам.
   З Казікам яны тады тапталі разам стог і стапталі яго, высокі і грузны, і Мірон ужо ладзіўся злазіць, пакінуўшы вяршыць Казіка — завершыць, нідзе дзенецца, — як стог раптам раскалоўся і паехаў у бакі: палавіна з Міронам — у адзін, другая — з Казікам — у другі.
   Хто кідаў стагі, ведае, як няпроста «стаптаць» добры стог. Каб ён стаяў, як лялька, — і ў меру высокі, і ў меру грузны, каб ні адзін яго бок не быў «зарваны» і каб ні на адзін бок не «напусціць» лішне. Усё залежыць ад умення «таптуноў». На стозе яны не стаяць ні адной хвіліны на адным месцы. Як звязаныя нябачнай вяроўкай, яны ходзяць у хваста адзін другому, па розныя бакі жэрдкі, кругом, кругом, кругом... Кладуцца два ахапкі сена, на іх — трэці. Ён звязвае, прыкрывае, прыціскае. Як луска ў рыбы: кожная друзачка хавае пад сабой дзве, а яе ў сваю чаргу прыкрывае другая... Ходзяць, кружацца «таптуны» па стозе — вяжуць, топчуць стог...
   Мірон з Казікам ці забыліся на гэта правіла, ці проста не хацелі ўступаць адзін другому, але ў кожнага з іх быў свой падаваты, і кожны з іх таптаў на сваім баку.
   Мірон выцерабіўся з-пад сена і схапіў Казіка загрудкі: у яго быў да Казіка даўні, нясплочаны даўжок. Яшчэ ў вайну Казік падаткнуў свайму пляменніку Вінцэсю, які служыў у раённай паліцыі і часам наязджаў у Слабаду, што Мірон, неяк падпіўшы, спяваў вясёлыя прыпеўкі пра паліцаяў. Аднаго разу Вінцэсь і завярнуў да Мірона на двор — той якраз калоў дровы ля стопкі. Вінцэсь загадаў Мірону здзець штаны і, перагнуўшы яго цераз парог стопкі сухімі палавінкамі ўгору, адлічыў дваццаць шомпалаў. Вінцэсь да свайго даскакаўся, скручу галаву, а на Казіка Мірон затаіў злосць, і цяпер яна прарвала. Мірон адвесіў Казіку добрую аплявуху, але той таксама быў няўломак і рост меў вышэйшы і кулак большы — дастаў ім Мірону ў нос. Пакуль людзі адрагаталіся, пакуль ачомаліся, яны такі добра паспелі скрывавіць адзін аднаго.
   Ператоптваць стог Мірон наадрэз адмовіўся, а дні праз два і зусім з’ехаў са Слабады, кінуўшы і хату, і жонку з сынам. Сын у тым годзе канчаў школу, і Мірон не баяўся за яго, а калі што — спадзяваўся на дачок: абедзве яны былі даўно замужам і жылі не так далёка ад Слабады.
   Гады са тры пра Мірона нічога не было чутно, потым нехта прынёс вестку, быццам бачылі яго пад Баранавічамі і быццам ён прыстаў там да нейкай кабеты ў прымы. Нікога, акрамя хіба Міронавай жонкі і сына, у Слабадзе навіна гэтая востра не зачапіла і не ўразіла, бо ў кожнага было поўна сваіх клопатаў, ды слабаджане даўно перасталі дзівіцца ўсяму, што было звязана з імем Мірона.
   Мірон быў з ліку людзей, якіх лічаць вечнымі няўдачнікамі, і, як усе няўдачнікі, нораў меў адходлівы і вясёлы. Жыццё занадта часта падстаўляла яму свой цвёрды і жорсткі бок, а ён быццам і не заўважаў гэтага — жыў сабе, і ўсё. За што ні браўся Мірон, усё выходзіла ў яго не так, як у людзей. Відаць, яму ўжо на раду было напісана быць на канцы людскіх языкоў. I пасля таго, як Мірона ў Слабадзе не стала, успамінаць пра яго доўга не пераставалі. Праўда, успаміналі найбольш тады, калі была ахвота пачасаць языкі. Можа, ішло гэта ад вечнага імкнення чалавека ўзвышаць сябе, уяўляць сябе большым і лепшым, чым ён ёсць на самай справе, нават калі ўзвышэнне гэта купляецца за кошт прыніжэння іншых, а можа, проста людзі не маглі жыць без смеху, а з каго ж пасмяяцца, як не з дзівакаватага і непрактычнага Мірона. Паслухаць тады збоку, то здавалася, што ўсё Міронава жыццё — гэта суцэльны ланцуг смешных і надзіва неразумных эпізодаў, якія ішлі адзін за другім, вырастаючы адзін з другога.
   Быў Мірон хлопцам, надумаў жаніцца і дзеўчыну нагледзеў, Алену — дачку панурага, але гаспадарлівага лесніка Амялляна: вёрткі, гібкі стан, дзёрзкі пагляд рыжых вачэй — такія вочы каму хочаш гатаву закруцяць, — і Алена як быццам прыяла Мірону, і раптам — выйшла замуж за другога — за Хведара Шалая, у тую ж Слабаду.
   I зноў: Мірон як быццам і не перажываў надта, што Алена выйшла не за яго, а за Хведара, усё роўна як і не бегаў за ёй, і не цалаваў яе, — паскакаў на яе вяселлі і неўзабаве сам ажаніўся — прывёў у матчыну хату доўгую, на цэлую галаву вышэй за сябе, дзеўку — Ганну з Арэхаўкі. Але і цяпер, пасля сваёй жаніцьбы, Алене праходу не даваў. Дзе ні ўбачыць, ні перастрэне — адно і тое: «Дарма ты ад мяне ўцякла... Я цябе дзе-небудзь адну спаткаю, не на людзях, і ты ўбачыш, што дарма ўцякала...» — і смяецца сваімі зеленаватымі вачыма.
   Купіў неяк Мірон на базары карову — чорную прыгажуню з фігурнымі, быццам вытачанымі, рагамі і белай меткай на лысіне. Прывёў дамоў, надвязаўшы кароткі павадок сваёй папружкай, хваліўся, паказваў усім. Пусціў яе ў статак на пашу, а вечарам пастух сказаў яму, што малака ад яе Мірон не дажджэ ні сабе, ні дзецям: карова сама сябе ссала.
   «Пытаюся ў бабкі, чаму такі кароткі павадок, а яна кажа: «Абарваўся. Быў доўгі, ды абарваўся...» I матузкі мне паказвае, — разводзіў Мірон рукамі. — I трэба ж: такая прыгожая карова і сама сябе ссе...»
   Ці яшчэ такі выпадак. Здарыўся ён яшчэ ў час Міронавага хлапецтва, калі ён бегаў да Алены, незадоўга да таго, як яна выйшла замуж за Хведара. Шмат хто казаў, што выпадак гэты і падагнаў Алену з вяселлем.
   Ад Слабады, дзе жыў Мірон, да Амяллянавага хутара было кіламетры чатыры — дзе калёснай дарогай, дзе лесам — сцежкамі. Чатыры кіламетры — гэта недалёка, але каб патрапіць са Слабады да лесніка, трэба было ісці паўз хутар глухога Стафана Буйлы. А Стафан трымаў вялізнага ваўкадава і нанач спускаў з ланцуга. Аббягаць жа Стафанаву сядзібу — рабіць лішні крук.
   Неяк раз, толькі пачынала днець, Мірон церабіўся дамоў — паспець звесці вочы, пакуль маці пачне штурхаць пад бок. Стафанаў двор быў ужо ззаду, і Мірон хацеў наддаць ходу, як раптам пачуў за плячыма хапатлівы нарастаючы шум. У Мірона аж сэрца зайшлося...
   Вось што расказваў ён праз дзень Алене.
   «...Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў — толькі пясок пад нагамі шархаціць. А дарожка чысценькая, як стол, хоць бы сук які, хоць бы камень. Ну, думаю, гамон, разарве, як жабу. Не... Матануў ён паўз мяне і раптам цуп — стаў наперадзе, пазірае. А я гляджу на яго і бачу толькі чорны, быццам зарослы валасамі, разяўлены рот з крывымі белымі зубамі ды вочы — чорна-жоўтыя, пустыя такія... Пастаяў ён так, пастаяў, потым — трух-трух! — да мяне. Падбег — такая ламіна, са сталом роўная. Абышоў кругом. Я стаю і чую, як у мяне правае калена затрымцела. Трасецца — не суняць ніяк...
   Абнюхаў ён мяне, потым чэк! — задраў заднюю нагу... Чую, наструнілася калашына, пацяжэла. «Палівай, палівай, цюцька, — думаю, — толькі жывога выпусці. Болей ты мяне тут не пяроймеш...» Скончыў ён сваё, скалануўся і пагрухаў назад па дарозе. Счакаў я трохі — і дай, божа, ногі!..»
   Такі гэта быў чалавек Мірон, які праз восем год зноў паказаўся ў Слабадзе. Ён доўга стаяў ля варот, не адважваючыся ступіць на свой двор, потым павярнуўся і павольна пайшоў па вуліцы далей — у канец, туды, дзе праз дзве хаты цьмяна і шырака рудзеў бярэзнік.
   У бярэзніку было сцішана і глуха. Пахла свежым, падталым снегам, мокрай бяростай. Мірон ішоў уцэлае, пакідаючы за сабой глыбокія сляды, часта прыпыняўся, каб падзівіцца то на адну, то на другую бярозку, нешта шавяліў губамі. Потым зусім стаў — ля крывой высокенькай бярозкі, пакратаў рукой цёплую крухмальна-слізкую кару. Скалануў бярозку — абцерусіў усяго сябе. Пастаяў, услухоўваючыся ў шэлест асядаючых сняжынак, у ранішнюю затоенасць, што панавала кругом, і раптам засмяяўся ледзь чутным дзіцячым смехам. Высмаркаўся, пахлопаў бярозку па ствале, быццам пашкадаваў: «Нічога, нічога...» — і павярнуў назад, у пасёлак.
   Падыходзячы да свайго двара, раптам насцярожыўся, а пасля наддаў кроку: убачыў, што глухая сцяна сянец нешта надта чорная, нібы абвугленая.
   «О-о-о, тут, мусіць, сам пажар пабываў», — падумаў, спяшаючыся ў сад.
   Ніз сцяны агонь зусім не крануў, але вышэй усе бярвенні былі як аблупленыя, патрэсканыя, непрыгожа рабрыстыя. Рог страхі таксама быў чорны і закруглены.
   «Мусіць, ад стажка загарэлася, — рашыў Мірон, правёўшы рукой па бервяну, адчуваючы пад пальцамі падатлівую крохкасць сухога, мылкага вугалю. — Канешне, ад стажка. Калі б агонь ішоў знутры — гамон быў бы хаце. Калі б ён выбіўся знутры — было б тут усё і хаце, і хляву».
   Ён вярнуўся ў двор і ўпэўнена штурхануў дзверы сянец, у цемнаце лёгка злавіў клямку на дзвярах у хату, зайшоў.
   У хаце было душна і кісла. Мірон агледзеўся — у нядужым паўзмроку ля сцяны ўбачыў ложак, перад ім другі, меншы, канапу.
   — Хто там? — пачуўся з ложка сынаў голас, і услед за гэтым зачырванеўся агеньчык — сын курыў у пасцелі.
   — Я...
   Было некалькі хвілін нялоўкай цішыні, потым сын гупнуў нагамі на падлогу — пачаў нацягваць штаны. Падышоў да парога, запаліў святло.
   — А-а-а, гэта ты, тата... Праходзь, распранайся, — мяккім, расслабленым голасам сказаў Мірону, насцярожліва пазіраючы на яго.
   Мірон адчуў, што тут яго ўжо даўным-даўно перасталі чакаць.
   — Ды-т, я з двара... Снег трэба атрапаць, бо насляджу, — адказаў, дастаючы з кішэні кажуха рукавіцу і змахваючы ёю снег з валёнак.
   — Вунь жа венік стаіць, — сын кіўнуў у качарэжнік і павярнуўся ў бок ложка. — Аня, уставай! Тата прыехаў.
   На пасцелі ўзняла круглы, прыемны твар, а потым і села, задраўшы рукі за галаву, скручваючы ў тоўсты жмук растрапаныя за ноч валасы, жанчына.
   — Добры дзень, нявестачка, — адчуваючы нейкую няёмкасць, паздароўкаўся Мірон за руку, падступіўшы да ложка, і адразу адвярнуўся: улавіў у выразе блакітнай кашулі белыя поўныя грудзі.
   Нявестка прывіталася, кіўнула Петраку:
   — Падай адзежу.
   Мірон здзеў кажух, шапку, павесіў на крук у парозе, прысеў на слон. Пятрок ужо абуўся і ў сподняй кашулі з расхрыстанай грудзінай таксама прысеў. Цяпер ужо курылі абодва мужчыны, густа дымячы, перакідваючыся нязначнымі словамі, звычайнымі ў выпадках, калі людзі даўно не бачыліся і сустрэча вялікай радасці не прынесла. Мірон адчуваў сябе вінавата, быццам чужы ў гэтай хаце. Сын таксама не мог натрапіць на тую душэўную раўнавагу, якая давала б і ўпэўненасці, і шчырасці.
   Тады, калі яны засталіся з маці ўдваіх, і асабліва тады, калі маці памерла, ён быў вельмі злосны на бацьку і думаў, што выганіць яго адразу — хай толькі заявіцца. А цяпер уся злосць прайшла, быццам час размыў яе, пакінуўшы мутны непрыемны асадак. Пятрок не разумеў бацькавых уцёкаў тады, не разумеў і цяпер.
   «Сталы чалавек, дачок замуж адправіў і раптам кідае жонку, сям’ю і ідзе немаведама куды. А цяпер вярнуўся. Палахаў, палахаў, ды нідзе дзеўся, вярнуўся, — думаў Пятрок, седзячы на слоне. — Тады дык нічога слухаць не хацеў. Закруціла нешта ў мазгах, кроў зайграла. На маладое пацягнула. А цяпер што?.. Ці зноў проста так, паказацца на некалькі дзён? I вінаваціцца. Можа, баіцца, што не прымем...»
   Адна Аня паводзіла сябе так, быццам усё ішло так, як трэба. Яна то сама ўстравала ў гаворку мужчын, то слухала іх, забываючыся на работу, якую толькі што рабіла, то выходзіла з хаты, пакідаючы іх адных, усім сваім выглядам і паводзінамі паказваючы, што з’яўленне Мірона, якога ўсе лічылі ледзь не прапаўшым, ёй прыемнае і радаснае.
   — Ці то Грыпіна выехала куды, ці як?.. Сымоніха, кажу, — спытаў Мірон у сына. — Я ішоў цераз тэй пасёлак, бачыў яе дворышча. Астаўся адзін хляўчук з голым! латамі...
   — Сын забраў. У Салігорск.
   — А ля яе хто гэта хароміну пабудаваў? Пад бляхай, на камені.
   — Косцік Татарынаў.
   — Маладзец. А Калядка — зноў жа некуды з’ехаў?
   — Гэты пад Мінск. Там дом купіў — з садам, агародам, і цяпер не шманае.
   — Бач ты. Дзе і грошы набраў?
   — Набраў. Столькі год брыгадзірам быў. Цягнуў жа ўсё. — Пятрок устаў, укінуў акурак у печ. Там ужо ваўсю гарэлі дровы, ірдзяна-чорныя пасмы лізалі чалеснік. — Што нацягнуў, што сэканоміў. Ён з тых, што не прап'юць, не прагуляюць...
   — Гэты не прап’е, — падхапіў Мірон. — Не-е-е, не прап’е... I на Матрунчыным дворышчы нехта будуецца.
   — Міша Гаўрылаў. Матрунка памерла. Тым жа летам, што і мама. А хату дачка прадала.
   — Бач ты, як усё перамянілася за гэтыя гады, — ціха, як для сябе, сказаў Мірон. Напамінак пра Ганну, пра яе смерць пацягнуў за сабой нешта прыкрае і балючае. Гэта прыкрае і балючае было і ў іхнім жыцці з Ганнай у апошнія гады — сварлівым і нярадасным, і ў тым, што ён сышоў з дому, збег ад гэтага жыцця, кінуўшы яе адну з сынам, і ў тым, што цяпер ужо яе няма, яна памерла, а сам ён вярнуўся, быццам чакаў, каб яна памерла, быццам чакаў яе смерці.
   — Хіба мала было іх, гадоў гэтых. За гэты час магло ўсё прахам пайсці, — нахмурыў бровы Пятрок.
   — Гадоў было шмат, — працяжна адказаў Мірон, не звяртаючы ўвагі на сынаву злосць. Ён думаў пра тое, што прапала, знікла недзе, быццам яе і не было ніколі, радасць, якой жыў усе гэтыя гады, якую чуў у сабе заўсёды, калі ўспамінаў свой дом, і дзяцей, і Слабаду... Колькі бяссонных начэй было за гэты час, колькі думак перабыло ў галаве, і пра сябе, і пра жыццё, і пра тое, што ніколі яно не было ў яго добрым, і што цяпер, пад старасць, застаўся ён адзінокі і непрытульны, як бадзяжка, у якога няма ні дома, ні радні, ні радзімы. I ясным, саграваючым праменьчыкам усе гэтыя гады грэла заўсёды радасная думка пра Слабаду, пра дом свой, пра дзяцей і яшчэ пра нешта, глыбока прытоенае не толькі ад людзей, але і ад сябе, — пра ўсё тое, што было заўсёды яго і заўсёды з ім... А во прыйшоў дамоў, загаварыў з сынам, і быццам надламалася гэта радасць, быццам прыцьмеў агеньчык...
   Потым Пятрок пайшоў паіць карову, а Мірон застаўся з нявесткай. Яму лягчэй было з ёй, чым з сынам, вальней. Ён бачыў, што яна з цікаўнасцю і дабратой пазірае на яго, і яму здавалася, што яна на яго баку, яму хацелася, каб яна была на яго баку. Ён добра ведаў Аніну маці, слабадскую ваенную ўдаву, — спакойную, разважлівую, ведаў і Аню — яшчэ дзеўчанём з тонкімі пасіверанымі лыткамі, і ў думках хваліў Петрака за тое, што той не шукаў жонку далёка, а ўзяў сваю, слабадскую.
   Аня весела і ахвотна расказвала пра сябе, пра Петрака, пра Слабаду і слабаджан, пра тое, як летась чуць не згарэлі.
   З-за вырвуса гэтага, Жэніка, — Аня кіўнула галавой на меншы ложак, дзе, звесіўшы галоўку з падушкі, спаў хлапец.
   — Дык гэта ён падпаліў стажок? — нібы ўзрадаваўся Мірон.
   — А няўжо ж. Добра, што пад абед было і не ўгарэла як трэба. Выкаціў бы агонь увесь канец. Восень сухая, а ў кожнага ж на двары стажок — у каго сена, у каго — салома.
   — Эйч яго, вісуса, пакруціў галавой Мірон, прыпыняючыся ля ложка. Ён ажывіўся, быццам адагрэўся ў цяпле, быццам цяпло хаты надало яму рухавасці і ўпэўненасці, і з прыемнасцю ўзіраўся ў ружовы ад сну твар унука з кропелькамі поту на верхняй губцы, на яго вялікае чырвонае вуха. «Вялікае, як у сабакі», — радасна думаў Мірон, ходзячы па хаце.
   Гэта была яго хата. Усё ў ёй было як быццам тое, што пры ім, і ўсё — не тое. Тыя вокны, дзверы, печ, крукі ў сцяне яго — з яліны, смаляна-чырвоныя, выслізганыя. Але сын атынкаваў хату, пабяліў. Выкінуў старыя ложкі — паставіў новыя. Заместа сланоў — крэслы, тэлевізар, а побач з крукам, на які Мірон павесіў свой кажух, шырокая вешалка пад белай прасціной. I Мірону раптам засаднела ў грудзях, падумалася, што ад яго, Міронавага, жыцця тут засталося вельмі мала. I Мірон адчуў сябе чужым у сваёй хаце. Тыя восем год, калі яго не было тут, зрабілі ягоную хату чужой яму. Тут ідзе сваё жыццё, і калі ён надумае застацца, яму трэба будзе прывыкаць да яго, падпарадкоўвацца яму. Атрымліваецца, ужо не сын жыве ў яго хаце, а ён, Мірон, убіўся ў сынаву сям’ю. Трэба будзе да ўсяго прывыкаць. I да нявесткі. I да ўнука. I яшчэ шмат да чаго.
   Мірон хадзіў па хаце, кратаў пальцамі ўсё, што трапляла пад рукі, і думаў, думаў...
   Вось тут, між акном і сталом, стаяла швейная машына. Старэнькі «Зінгер». На ёй ён шыў боты — прышываў перады да халяў, саюзкі... Некалі, перад вайной, ён выменяў яе за цялушку. Цяпер машыны няма. Мусіць, прадалі ці выставілі ў сенцы. I да гэтага трэба будзе прывыкнуць. I ложка няма, на якім Мірон спаў. Мусіць, выкінулі. I да гэтага трэба будзе прывыкнуць...
   Мірон стаяў ля стала, перабіраў фотакарткі, скіданыя ў кардонную каробку з-пад цукерак. Пятрок-школьнік — з недаўменна выпучанымі вачыма. Пятрок-салдат, Пятрок ля трактара, Пятрок на сваім вяселлі — з добрымі асалавелымі вачыма — адна рука на плячы ў Ані, другая — з чаркай. Аніны фотакарткі...
   I раптам Міронава рука тарганулася: на фотакартачцы была Ганна. Адна, у труне, з гладкім матавым ілбом, заплюснутымі вачыма. Мірону стала цяжка дыхаць. I дрэнна жылі яны, і біліся, было, і сварыліся, і што ні нагаворвалі адно другому ў злосці, а ўбачыў яе — сцішаную, добрую, з васковымі маршчыністымі рукамі на грудзях, і падкаціўся камяк пад горла, здушыла грудзі. Якім правым ні лічыць сябе чалавек, якімі высокімі, далёкімі ад зямных клопатаў і трывог ні бываюць яго думкі і справы, сустрэўшыся твар у твар са смерцю, ён раптам адкрывае для сябе, што ўсе яго нават самыя высокая і вялікія думкі і справы — нішто ў параўнанні з чалавекам, да якога прыйшла гэта халодная і незразумелая смерць. Сустрэўшыся з ёй, людзі раптам пачынаюць шкадаваць аб тым, якія несправядлівыя і неразумныя яны бываюць нават да самых блізкіх, як мала радасці і дабра даюць ім і якія ўсе роўныя перад ёй, смерцю.
   Такія ці амаль што такія думкі цясніліся ў Міронавай галаве, калі ён трымаў у руках фотакартку, на якой была знята яго жонка Ганна перад адпраўкай у апошнюю дарогу. Ён стаяў і думаў: «Ты даруй мне, Ганна, што я такі, нічога не паробіш. Ды і ты шмат калі няправая была. I да мяне няправая, і да Алены. Ну, хай я ёй дровы прывозіў, хай перакрыў хлеў, дык што з таго... Ты разумная была і дурная. Разумная, бо шмат аб чым здагадвалася, дурная, бо не хацела нічога разумець. Ты здагадвалася, што Алена падабалася мне. Гэта праўда. Я любіў яе ўсе свае гады. Я помніў яе. Я і цябе любіў, але не так, як яе, і ты гэта адчувала, але не хацела разумець. Ты была маці маіх дзяцей, і я любіў цябе, як маці. Калі я быў з табой, я любіў цябе, а калі заставаўся адзін, я любіў Алену. Але я быў чэсны з табой і чэсны з ёю. Адзін раз я быў нячэсны з табой, і ты ведала пра гэта. Гэта было вясной сорак сёмага года, калі я пасеяў на сотках пшаніцу і яна ўзышла вельмі рэдкая. Ты кляла курэй, што яны павыбіралі зярняты. Куры тут былі невінаватыя. Кілаграмы з чатыры пшаніцы я не пасеяў, адсыпаў і вечарам занёс Алене. У яе таксама былі дзеці, і яны сядзелі на крапіве і снытцы. Во ў гэты раз я быў нячэсны з табой, бо я ўсю ноч прабыў у Алены, а не на полі, ля трактара. I пра пшаніцу, і пра гэта я расказаў табе, хоць і ведаў, што ты будзеш хадзіць па пасёлку і ўсім будзеш жаліцца пра тое, што твой мужык скруціўся, што ён апошнюю скібку хлеба адбірае ў родных дзяцей і нясе палюбоўніцы. Алена не была маёй палюбоўніцай. Ты ведала, што Аленін Хведар не вярнуўся з вайны, і што у яе на шыі двое дзяцей, і што яны не мелі і той cкібкi хлеба, якая была ў нашых. Больш я ніколі не быў нячэсны з табой. У нас былі свае дзеці, іх трэба было гадаваць, і ў Алены былі свае, і ёй таксама трэба было іх гадаваць. I пайшоў я са Слабады не злосны на цябе, бо я разумеў цябе, разумеў, што ты хворая і таму капрызная і насцярожаная. Але ты надта часта нядобра ўспамінала і ўскідвала мне на вочы тое, пра што я сам расказаў табе ў сорак сёмым годзе. Ты няправая была, Ганна... Не трэба быць такой злоснай, Ганна, нават калі ты хворая і збіраешся паміраць. Усе памруць. I во, я вярнуўся дамоў і кажу табе, што смерці тваёй я ніколі не хацеў і не вінен у ёй. Вінны я ў тым толькі, што не прыгледзеў твае апошнія дні і не я пахаваў цябе. У гэтым я вінен, і ніхто віну гэту ў мяне забраць не зможа!..»
   Мірон паклаў фотакартку назад у каробку, пастаяў трохі ля стала, прыгнуўшы галаву, а калі падышоў у парог, пад печ, Ані падалося, што вейкі яго былі мокрыя. Аня нахіліла галаву ніжэй над драчкай: яна канчала драць бульбу.
   Прачнуўся Жэнік і доўга пазіраў на незнаёмага дзеда, які хадзіў па хаце. Ніхто не глядзеў у Жэнеў бок, і ён папрасіўся:
   — М-а-а-а-ма!..
   — Ну, уставай скарэй, адзявайся, — сказала маці, пагрымваючы скавародамі.
   — Ма-а-ма! — зноў зацягнуў Жэнік. — Я хачу...
   — А гора маё! Ці ж цябе вучыць, як гэта робіцца. Адзень што-небудзь, ўзбуй валёнкі ды бяжы ў сенцы.
   — Дзедзя, а ведаеш, што ў мяне ё? — спытаў Жэнік у дзеда, вярнуўшыся з сянец. Яны стаялі адзін перад адным пасярод хаты. Мірон пазіраў на тонкія, як палачкі, Жэнікавы ногі, на задраны падолік кашулі, з-пад якога выглядаў стручок мужчынскай годнасці, на круглыя наіўныя вачаняты і адтапыраныя вушы і не ўтрымаўся ад смеху.
   — He-а, не ведаю, унучак, не ведаю, — адказаў Жэніку, а сам радаваўся: бач, прызнаў дзеда, адразу прызнаў.
   — Канешне, адкуль табе ведаць. У мяне ё машына. — Жэнік нырнуў пад ложак і вывалак адтуль машыну з сінім фанерным кузавам і чырвонай кабінай.
   — У-у, гэта штука! На ёй можна куды хоч ехаць, — пахваліў дзед машыну і сам перайшоў на Жэнікаў таямнічы тон: — А ведаеш, што я табе прынёс?
   — Не, не ведаю.
   Дзед дастаў з кішэні свайго кажуха маленькую серабрыста-рыжую вавёрку, разгладзіў яе поўсць. Была вавёрка як жывая: натапыраныя вушкі з чорнымі наструненымі мяцёлачкамі на канцах, блішчэлі чорныя зярняты вачэй, пушысты хвосцік тырчаў дужкай. Жэнік прыціснуў звярка да грудзей, падбег да маці:
   — Мама, мама, паглянь, што ў мяне?..
   Прайшло няшмат часу, і Жэнік ужо ёрзаў па дзедавых каленях, тармасіў яго за бараду:
   — Дзедзя, а ты мне боты зашыеш? А то ў іх снег налазіць, а да валёнкаў канькі не прывязваюцца...
   — Зашыю, а як жа. Зашыю. Вось толькі паснедаем.
   I зноў Мірону было прыемна думаць, што Жэнік ведае пра тое, што дзед боты шые... Значыць, пра яго гаварылі тут, успаміналі...
   Пасля прыйшоў і Пятрок, прынёс з сянец затуманеную пляшку, і ўсе яны сядзелі за сталом. На стале стаялі дранікі, печанае сала і міска мёду. «Бач ты, не забыўся, што дранікі з мёдам я люблю лепей усякіх бліноў», — цёпла думаў пра сына Мірон і ўсміхаўся сваімі яснымі зеленаватымі вачыма. А калі Мірона добра захарашыла, ён падміргнуў Петраку, кіўнуў на Жэніка, на яго вушы. Мірон намякаў на тое, што ўнук ідзе па дзеду. У яго таксама вушы вялікія, як лапці.
   Пятрок засмяяўся:
   — А як жа. Булойчыкава насенне: вушы, як у лакатара. Ды хоць бы шапку насіць вучыўся. Нацягне на галаву, пазагінае іх. Будзе аблавухі, як сабака.
   — Ніякі не сабака, — запярэчыў Жэнік. — Во мне дзедзя боты сёння зашые, і я падвяжу канькі.
   — Паходзіш і ў валенцах, жыў будзеш. Не паспеў дзедзя ў хату, як ты яму работу.
   — Сам жа купіў, а цяпер — «жыў будзеш»... Не трэба было купляць, — умяшалася Аня.
   — Ат, пра што гаворка,— махнуў рукой Мірон. — Во зараз вылезем з-за стала і пагляджу я гэтыя боты. Там жа начынне якое засталося?
   — А няўжо ж! Усё яно ёсць, як было, — на гары, у сундуку. I машына стаіць у сенцах, пад пасцілкай. — Сын прымоўк, весела пазіраючы на бацьку. — Дык хай бы расказаў, тата, як ты быў гэтыя гады, ці знайшоў тое, што шукаў, чаго са Слабады збег?
   — Усяк быў, сынок. I сыты быў, і галодны. — Светлячкі Міронавых вачэй быццам паменшалі, зацягнуліся туманам. — Хацеў вольным чалавекам пабыць. Думаў, сыду з дому і забудуся на ўсё. Ты ж ведаеш, як мы з маці апошнія гады жылі. Як кот з сабакам — ні душы, ні ласкі. Ну і пайшоў я. I было спачатку так, як я і хацеў, — і лёгка, і спакойна, і ніхто не скаліць зубы з цябе, і ніхто не піліць цябе. Сам сабе начальнік. А пасля... Пасля... Ведаеш, вольны чалавек тады, калі ў душы ў яго спакойна. А калі душу чарвяк точыць — якая гэта воля? I там жа, дзе быў я, і лес, і луг, і ўсё як быццам такое, як тут, — усё ж яна, Беларусь наша, а надыдзе вясна — душа месца не знаходзіць. Выбегу досвіткам у лес, а бачу беразнячок гэты наш. I ўспамінаецца: ты тка шчэ спіш, а зязюля ўжо сваё «ку-ку» зачынае. «Ку-ку» ды «ку-ку», і ўжо ляжаць неяк няёмка, уставаць карціць. А ступіш за вароты — тут і салавей табе, і дрозд, і шпакі ўсякія. Выйдзеш у бярэзнік — і ўжо грыбы. Кругом куста аббег, і на тка, паўкаша... Пажыў я, паглядзеў на ўсё і пачаў думаць, як бы гэта назад, дамоў. Няма лепшых гасцей, як дома...
   Пасля снедання Пятрок завёў трактар і паехаў — нехта папрасіў дабавіць з лесу прычэп дроў. Мірон залез на гару. Перакладваў начынне — старыя, паточаныя шашалем правілы, лапу, малаток, рашпіль, калодкі ўсіх памераў. Знайшоў маленькія, якраз на Жэнікавы боты. Як не да абеду праседзеў, згорбіўшыся на слончыку, пакуль сяк-так падправіў боты, — ціхі, маўклівы, з нейкай сваёй, затоенай думкай. Па абедзе надзеў кажух і выйшаў на вуліцу.
   На дварэ было адліжна, нізка насядала шыферна-шэрае неба. Дарога пасярод вуліцы была добра растоптана, і Мірон пайшоў па ёй на пасёлак — туды, кудой ішоў раніцай. Сляды яго цяпер губляліся сярод чужых слядоў.
   Уся Слабада ўжо ведала, што Мірон вярнуўся, але на вуліцы Мірону ніхто не сустрэўся, і ён быў рады гэтаму. Ён завярнуў у Аленін двор, доўга абіваў дзеркачом валёнкі ад снегу, пакуль рашыўся зайсці ў хату.
   Алена сядзела ля акна, вязала рукаўку. Забыўшыся апусціць на прыпол рукі з пруткамі, яна доўга і няўцямна пазірала на Мірона, быццам пазнавала і не пазнавала яго, і ў яе паглядзе Мірон улавіў і здзіўленне, і радасць, і яшчэ нешта — даўняе і роднае. Быццам ён даўно ўжо быў гаспадар гэтай хаты і нечага выходзіў на двор — ці то дроў прынесці, ці вады — а гэта вярнуўся.
   — Я ж табе казаў, што ты дарма тады ад мяне ўцякала, — сказаў Мірон свае старыя словы і паспрабаваў засмяяцца. Смеху не выйшла, і словы былі сказаны занадта ціха.
   — Цябе, Міронка, мусіць, нішто не пераменіць, — адказала Алена і загарэлася, зачырванелася тварам. — Ну дык чаго стаіш ля парога? Ці ў хаце няма на што сесці?
   ...Праз нейкі час з коміна Аленінай хаты паплыў асцярожны сівы дымок — відаць было, што расклалі на комінку і гарэлі сухія дрэўкі.
   А ноччу зноў выпаў снег — прыцярушыў, падраўняў дарогу. I зноў здавалася, што ўся Слабада з канца ў канец заліта сінькай, і зноў ніводзін след не значыў свежы снег.
   Толькі ранічкай, калі зусім павіднела, можна было ўбачыць, што з Аленінага двара пад калодзеж і назад вёў акуратны — пяты ўкучу, наскі ўроскід — ланцужок-«елачка».
   Так у Слабадзе ўмеў хадзіць толькі адзін чалавек.

1969

Похожие статьи:

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Авохці мне!

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Бацька

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Жулік

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Смерць нацыяналіста

Анатоль КудравецАнатоль Кудравец - Цітаўкі