Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алена Васілевіч - Геша

Увага! Поўны змест

   — Гэта дзяўчынка?
   — Не.
   — Хлопчык?
   — Не.
   — А хто ж?
   — Гусяня. Гуска.
   — Раскажы.
   — Калі будзеш добры і паслухмяны, раскажу.
   — Буду.
   — Ну, тады слухай.
   ...Прывезлі Гешу, каб засмажыць на свята. А як развязалі крыльцы, як пусцілі пахадзіць па двары — усім раптам шкада яе зрабілася. Як і ўсе гусі, Геша хадзіла павольна, важна, толькі неяк вельмі смешна налягала на правую нагу і правым крылом заграбала паветра, быццам збіралася падмесці наш двор да свята.
   Пакалечылася Геша яшчэ як малая была. Аднойчы Гешына маці, квактуха Чубатка, павяла сваіх дзяцей-гусянят на прыгуменне. Гусяняты скублі маладую траўку, а маці бесклапотна грэблася ў пяску. I раптам, нібы камень з неба, упаў на малых коршак. Гусяняты самі адразу нічога не зразумелі, а перапалоханая маці ад жаху страціла голас. А калі апамяталася і з усяе сілы пачала кудахтаць — коршак з гусянём быў ужо вышэй гумна. Аднак ці то гусяня было занадта цяжкае, ці то трымаў ён яго нязручна, але малое вырвалася з кіпцюроў коршака і, акрываўленае, пакалечанае, упала ў зялёны бульбоўнік. Там яго і знайшлі. Гусяня адлілі вадой, адратавалі, і яно засталося жыць.
   Гэта і была Геша.
   Праўда, імя гэтае ёй далі ўжо дзеці нашага двара. Як толькі гуску дасталі з кошыка, усе абступілі яе і пачалі частаваць хто чым меў. Але гуска была на дзіва сарамлівай. На пачастункі яна не квапілася, а толькі коратка дзякавала: «Ге! ге!»
   I тады самая маленькая з дзяцей, Наташа, беленькая дзяўчынка з вялікім чырвоным бантам на галаве, затупала ножкамі і запляскала ў ладкі:
   — Геша! Геша!
   I ўсе дзеці падхапілі ўслед за Наташай:
   — Геша! Геша!
   Так вось з’явілася ў Гешы імя. А як звалі яе дагэтуль?
   Ды ніяк: гусяня і гусяня.
   Геша хутка прывыкла да свайго новага імя і адклікалася на яго ахвотна і, як заўсёды, коратка: «Ге!» Дзеці палюбілі Гешу, а яе маленькая гаспадыня Наташа нават есці адна адмаўлялася. I, каб не было слёз, Наташын столік, за якім яна звычайна абедала, цяпер выносілі на двор і ставілі пад старой бярозай. Сюды, пад бярозу, прыносілі місачку і з Гешынай ядой. Звычайна сяброўкі палуднавалі так: Наташа размазвала манную кашу па талерцы і ўсё гаварыла, гаварыла. А Геша ела моўчкі, чысценька падбіраючы ўсё да крошачкі, і толькі зрэдку коратка зазначала:    «Ге!» — згаджалася або пярэчыла Наташы.
   А калі Наташу вадзілі гуляць у гарадскі сад, Геша таксама ішла ўслед за ёю. Наташа гуляла ў лялькі, капалася ў пяску. I Геша, нібы дбайная, клапатлівая нянька, не адыходзіла ад яе ні на крок.
   Так, у добрым сяброўстве, мінула восень. Настала зіма з маразамі і завеямі. Цяпер Наташу на вуліцу пускалі рэдка. Радзей паказвалася на двары і Геша. Яна сядзела ў цёплым драўляным хлеўчуку. Як і Наташа, яна сумавала па леце, па сонейку, па цяплу. Падысці да акна дома, каб паклікаць сваю сяброўку, Геша не адважвалася: пад вокнамі ляжала высокая гурба снегу. Аднойчы Геша паспрабавала падступіцца, але правалілася па самыя крылы, і яе ледзьве вызвалілі з гэтага халоднага белага палону. Праўда, каб Наташа не сумавала і не плакала, Гешу амаль кожны дзень пускалі на кухню.
   — Грэйся! Грэйся! — клапатліва тупала каля Гешы Наташа.— Бачыш, які ў цябе чырвоны нос зрабіўся, як лапкі пачырванелі...
   I Геша грэлася, палуднавала і размаўляла з Наташай, як заўсёды, коратка і нешматслоўна: «Ге! Ге! Добра! Цёпла!»
   За зіму Геша непрыкметна вырасла, і, калі прыйшла вясна, па нашым двары хадзіла ўжо вялікая важная гусь.
   Яна ведала ўсіх жыхароў двара. I ўсіх знаёмых яна сустракала і праводзіла да варот, далікатна вітаючыся і развітваючыся: «Ге! Ге!»
   Аднойчы Геша знікла. Яе шукалі па ўсім двары, заглядвалі ва ўсе закуткі, пыталіся на вуліцы... Гешы не было. Мінуў дзень, мінуў другі. На трэці дзень пад вечар прыгнаў яе дубцом на наш двор незнаёмы малады мужчына.
   — Ваша птушка? — спытаў ён у суседкі.
   — Вунь яе гаспадыня! — узрадавалася суседка, паказваючы на Наташу, якая гуляла ў лялькі.
   Геша першая ўбачыла сваю маленькую сяброўку.
   — Ге! Ге! Ге! — аж тры разы запар крыкнула Геша і, смешна ўзмахнуўшы крыламі, захісталася, запрысядала — подбежкам рушыла да Наташы.
   — Гешка! — заплакала ад нечаканасці Наташа.— Мама, Гешка прыйшла! — закрычала яна і кінулася насустрач Гешы.— Ах ты, дурненькая, дзе ж ты прападала? Дзе ты была!..
   — Ге! Ге! Ге! — усхвалявана паўтарала Геша.— Сама не ведаю...
   А здарылася ўсё вельмі проста. Пасля абеду мама паклала Наташу спаць, а сама апранулася і пайшла да зубнога ўрача. Убачыўшы гэта, Геша вырашыла, што яна павінна абавязкова правесці гаспадыню. На вуліцы ў гэты час было вельмі людна — якраз вярталіся з абеду рабочыя. Геша трапіла ў людскі паток і згубіла гаспадыню. Наташына мама павярнула направа, а Геша павярнула — налева...
   Ужо далёка ад дому яна пайшла следам за незнаёмым мужчынам — відаць, не пазнала і палічыла яго за Наташынага бацьку.
   У чужым двары яна не знаходзіла сабе месца, і вось на трэці дзень незнаёмы мужчына вырашыў пайсці на пошукі Гешынага дома. I Геша пазнала свае вароты, пазнала свой двор...
   — Ге-ге-ге! — раз-пораз задаволена паўтарала яна.— Знайшла ўсё-такі! Знайшла!
   — Ах ты, мая разумніца, ах ты, мая залатая! — цалавала Наташа Гешу ў чырвоную дзюбу.
   Геша радавалася:
   — Ге-ге! I ты залатая!..

Похожие статьи:

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Калінавая рукавічка

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Сябры

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Вернісаж

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Пачакай, затрымайся...

Алена ВасілевічАлена Васілевіч - Горкі ліпавы мёд