Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Алена Васілевіч. Сябры

Увага! Поўны змест

   Лёня Саўчанка і Грыша Міхневіч вучыліся ў адным класе, сядзелі на адной парце і жылі на адной кватэры. У школе ўсе казалі, што іх і вадой не разальеш. I гэта сапраўды было так. Калі на вуліцы, гуляючы ў снежкі, Грыша адчуваў сябе пераможаным, то на дапамогу ён клікаў Лёню. I, наадварот, Лёня, які вучыўся слабей за Грышу, за дапамогай звяртаўся таксама толькі да сябра. Грыша ніколі не адмаўляўся, а толькі трос Лёню за чуб і прыгаворваў:
   — Эх ты, галава — два вухі!
   Лёня вырываўся з сябравых рук і нязлосна пагражаў:
   — Пусці, а то як трэсну!..
   — Ану, давай паспрабуем, хто каго адолее...— зухавата падстаўляў плячук Грыша.
   Лёню не хацелася паддавацца.
   Хлопцы браліся дужацца і, падскокваючы, нібы два пеўні, намагаліся адзін аднаго перахітрыць, падставіць ножку і пакласці, як сапраўдныя барцы, на абедзве лапаткі. Нязлосныя тумакі, вядома, не ішлі ў разлік. Іх хапала і пераможцу і пераможанаму.
   Сварка, тая сварка, якая звычайна так прыніжае ў нашых вачах людзей, адбылася паміж імі зусім нечакана.
   Грыша Міхневіч, якому вучоба давалася без асаблівых цяжкасцей, меў у сваім характары адну дрэнную рысу. Ён быў упэўнены, што выдатныя адзнакі заслужана ўпрыгожваюць толькі яго дзённік, а ўсім астатнім вучням яны ставяцца проста так, невядома за што...
   Усё адбылося ў суботу, пасля раздачы кантрольных па алгебры. Быццам у насмешку, на гэты раз амаль палова класа атрымалі пяцёркі, а яму, Грышу Міхневічу, лепшаму вучню ўсёй школы, паставілі нейкую там няшчасную чацвёрку! I за што? За адзін толькі прапушчаны знак!
   Пяцёрку атрымаў і Лёня Саўчанка.
   Не могучы схаваць сваё расчараванне, Грыша ўзяў Лёнеў сшытак і, насмешліва разглядваючы яго, голасна, каб пачуў настаўнік, сказаў:
   — Цікава выходзіць: хто спісваў, у таго пяцёрка, а хто сам рашаў...
   — А хто ў цябе спісваў? — загарэўся Лёня.
   — Ты спісваў,— з незалежным выглядам сказаў Грыша.— Ты ж мінулы раз у такім ураўненні з двума невядомымі зрабіў памылку...
   — Мінулы раз зрабіў, а на гэты раз вывучыў і не зрабіў!
   Тут умяшаўся настаўнік і спыніў іх спрэчку.
   А пасля ўрокаў, калі Грыша і Лёня ішлі дадому, у суседнюю вёску,— вучыліся яны ў мястэчку і жылі на кватэры,— тая спрэчка адчулася зноў.
   Хлопцы спяшаліся завідна мінуць густы дрымучы лес. Тыдзень назад Лёнеў бацька сустрэўся тут з воўчай зграяй.
   Грыша ішоў наперадзе, Лёня, які летам упаў з грушы і зламаў нагу, накульгваў з палачкай ззаду. Ісці было цяжка. Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Ужо змяркалася, а да лесу заставаўся яшчэ ладны кавалак нялёгкага шляху.
   — Давай адпачнём крышку, я не магу так хутка ісці,— сказаў Лёня.
   Грыша зрабіў выгляд, што не пачуў, і нават не запаволіў кроку.
   — Давай адпачнём, у мяне нага баліць,— мацней паўтарыў Лёня.
   — Дома адпачнеш,— не спыняючыся і не аглядаючыся, буркнуў Грыша.
   — Да дому яшчэ далёка.
   — Дык што ж, мы праз тваю нагу ў лесе будзем начаваць?
   — Ну і можаш ісці...
   Раней, бывала, калі хто-небудзь з хлопцаў стамляўся ці напраўляў абутак, другі абавязкова чакаў яго, бо ведаў: лепшая надзея і дапамога ў дарозе — таварыш.
   Лёня кінуў партфель на снег, сеў на яго і выпрастаў хворую нагу.
   Уперадзе, у сівой завірусе, ледзь бачна была постаць сябра.
   Лёня доўга не сядзеў.
   Як толькі адышла нага, ён устаў і, абапіраючыся на палку, рушыў далей. Постаць Грышы ўжо ледзь-ледзь віднелася ўдалечыні. Хутка яна і зусім знікла. Наперадзе чарнеў лес.
   Хлопчык азірнуўся. Незразумела адкуль узяўся страх. Успомнілася воўчая зграя, ад якой ледзь уратаваўся бацька. I, мусіць, наўрад ці ўратаваўся б, каб не запалкі і салома ў санях. Міжвольна Лёня памацаў свае кішэні ўспомніў: запалкі і смалякі, якія дала ім на дарогу гаспадыня кватэры, засталіся ў Грышы ў партфелі.
   Хутчэй дагнаць яго! Або лепей гукнуць, каб пачакаў... Лёня паддаў кроку, але так і не гукнуў. навошта? Грыша будзе потым у школе нос задзіраць і ўсім хваліцца, што Лёня без яго і дадому дайсці не мог.
   А Грыша ішоў сабе наперад. Ён не бачыў, як садзіўся адпачываць Лёня. Ён думаў, што Лёня ідзе ззаду і не хоча гаварыць з ім, бо лічыць сябе пакрыўджаным. Аглядацца і пачынаць гаворку самому Грышу не хацелася. Зноў успомнілася Лёнева пяцёрка, і зноў нядобрае пачуццё завалодала Грышам. "Падумаеш, выдатнік знайшоўся. Больш чым на тройку не выцягнуў бы, каб не спісаў..."
   Праўда, Грыша не быў цвёрда перакананы, што Лёня спісваў... Але ён ніяк не мог прымірыцца са сваёй чацвёркай і Лёневай пяцёркай па алгебры.
   Зайшоўшы глыбей у лес, Грыша ўсё ж парашыў азірнуцца. Яму зрабілася страшна ісці лесам у такую завіруху аднаму. Ён пастаяў, пачакаў крыху. Лёні не было відаць. Тады Грыша вырашыў вярнуцца і пайсці сябру насустрач: відаць, і сапраўды ў яго моцна балела нага, калі ён застаўся гэтак далёка ззаду... Ужо зусім сцямнела. I раптам хлопца ахапіў страх. Было так страшна, што ў Грышы не хапіла адвагі гукнуць, паклікаць сябра... Дзе ён падзеўся? Можа, вярнуўся ў мястэчка, па кватэру? Трэба хутчэй бегчы дамоў і расказаць пра ўсё, што адбылося. Так, так. Хутчэй дадому!
   I Грыша пабег.
   ...Праз лес ішлі дзве дарогі. Адна да вёскі, дзе жылі хлопцы, другая да балота, дзе стаялі стагі суседняга калгаса. Упоцемку лёгка было зблытаць дарогі, і Лёня, стомлены і пакрыўджаны, не заўважыў, як павярнуў направа, да балота...

* * *

   У той вечар цётка Насця, Лёнева маці, прасявала на сіта муку. Бацька сядзеў на зэдліку, падшываў валёнкі.
   — I трэба ж, гэтак мяце і круціць — свету белага не відаць,— ссыпаючы прасеяную муку, заклапочана прамовіла маці.
   — Пара прыйшла, дык мяце і круціць. Летам не будзе месці,— азваўся Ігнат.
   — Хаця б Лёня не надумаўся ў гэткую пагоду ісці.
   — Не павінен, я казаў, каб не хадзіў...
   У сенцах каля дзвярэй пачуўся шоргат. Відаць, ішоў нехта чужы, бо не мог знайсці клямку. Насця адчыніла дзверы, і парог пераступіла суседка.
   — Добры вечар вам,— прывіталася яна.— А я ніяк клямку не намацаю.
   — I не кажыце: я і сама часам паўгадзіны стаю пад дзвярыма,— падтакнула гаспадыня.
   — Што гэта вы, пірагі надумаліся пячы, ці што? — звярнулася да Насці суседка.
   — Ды вось малыя захадзіліся: спячы ды спячы. Хачу цеста паставіць.
   — Яно ж пэўна,— паспешліва згадзілася суседка і з нейкай ненатуральнай цікавасцю запытала: — А дзе ж гэта ваш Лёня, хіба не прыйшоў яшчэ?
   — Няма. Куды ён пойдзе ў такую непагадзь? У тую нядзелю я загадаў ім — і свайму і вашаму,— каб сядзелі па кватэры і не хадзілі...— адказаў Ігнат.
   — Бацюхны мае! — раптам губляючы ранейшы тон, спалохана пляснула далонямі суседка.— А мой жа Грышка прыйшоў і кажа, што ваш Лёня ў дарозе адстаў ад яго... Я і пабегла даведацца, ці не дома ён.
   Насця ажно выпусціла з рук сіта.
   — Дзе ж ён, мой сыночак?! I чаму ж гэта яны не разам ішлі?
   — Не ведаю, што ў іх там здарылася, бо мой нейкі вельмі сумны прыйшоў. Нават нічога ў рот не ўзяў.
   — А людцы ж мае! Апранайся, Ігнат, ды бяжы хутчэй на канюшню, едзь шукаць!..
   Ігнат праехаў лес і, так не сустрэўшы Лёню, вырашыў, што хлопцы ў дарозе, напэўна, пасварыліся, а мо нават і пабіліся, і Лёня вярнуўся назад па кватэру. Ён шпарчэй пагнаў каня... Уехаў у мястэчка. Трывожна пастукаў у дзверы дома, дзе кватаравалі хлопцы. На стук выйшла гаспадыня і, усхваляваная пытаннем Ігната, блытаючыся, пачала расказваць, што Лёня і Грыша адразу ж пасля ўрокаў разам пайшлі дадому. Яна казала ім, каб пераначавалі, але яны не паслухалі.
   Тады Ігнат падумаў, што Лёня, напэўна, збіўся з дарогі і пайшоў на балота. Ад гэтай думкі яму аж горача зрабілася: балота яшчэ добра не замерзла і мясцінамі правальвалася.
   Конь стаміўся і ўжо не мог бегчы, але Ігнат усё паганяў яго і паганяў. Вось нарэшце і балота. Вунь ужо зачарнелі стагі.
   — Лёнька-а! —гукнуў у завіруху і цемень ночы Ігнат.— Сынок!..
   — О-ок! — глуха адгукнулася яму ноч.
   — Лёнька-а! Лёня-а! — зваў бацька.
   — А-а-а! — тонкім голасам адклікнуўся яму нехта здалёку.
   — Сынок! Лёня! — мацней закрычаў Ігнат.
   — Я ту-ут! — усё гэтак жа топка данеслася з цемры.
   Ігнат пагнаў каня на голас.
   — Лёня-а! Лёня-а!..
   ...Лёня сядзеў пад стогам увесь мокры і скарчанелы. Здарылася якраз тое, чаго баяўся Ігнат: доўга блукаючы па балоце, хлопец праваліўся ў незамерзлую багну і, ледзь выбраўшыся з яе, насілу дацягнуўся да стога.
   Бацька скінуў з сябе кажух, захутаў у яго Лёню і зноў хутчэй пагнаў каня.
   — Патрымайся яшчэ сынок, зараз будзем дома.
   Расцёрты гусіным салам і закручаны ў суконныя хусткі і коўдры, пад раніцу Лёня пачаў трэсціся ад холаду і трызніць. Пачыналася тое, чаго так цяжка было пазбегнуць: запаленне лёгкіх.

* * *

   Неяк раніцай у нядзелю, калі Лёня ўжо ачуньваў, у сенцах пачулася нясмелае тупанне, потым дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Грыша Міхневіч. Збянтэжаны, з пакункам у руках, ён доўга абмятаў ля парога валёнкі, ніяк не адважваючыся ні прывітацца, ні прайсці далей.
   — Ну, даволі ўжо, праходзь, а то валёнкі парвеш,— не вельмі ветліва сустрэла хлопца Лёнева маці.
   — Я, цётка, да вас... Можна?
   — А чаму ж няможна? Ці даўно ты не вылазіў ад нас, а зараз гэтакі далікатны зрабіўся, што нават дазволу пытаеш...
   Над Грышам злітаваўся Ігнат.
   — Праходзь, брат,— падбадзёрыў ён хлопца.— Распранайся ды раскажы Лёню, якія вы ўрокі там прайшлі без яго.
   — Я прынёс... я пакажу,— крыху пасмялеўшы, падышоў да стала Грыша.
   Чамусьці не адважваючыся наблізіцца да Лёні, ён здалёку звярнуўся да яго:
   — Я вось табе, Лёня, прынёс... Мая маці прыслала...— і, паклаўшы на стол пакунак, ён дастаў з яго некалькі яблыкаў і маленькі гладышык. Гэта мама табе ліпавага мёду прыслала. Кажуць, вельмі памагае, калі з гарачым чаем піць...
   — Бач, які ты зараз добры зрабіўся,— зноў не стрымалася Лёнева маці.
   Але бацька перабіў яе:
   — Што было, тое быллём парасло. Усё прайшло, і няма чаго перагаворваць... Праходзь, брат, бліжэй да Лёні ды расказвай.
   — Я зараз,— падсоўваючы да Лёневага ложка крэсла, ахвотна паабяцаў Грыша.— Я ўсё прынёс, усё пакажу...
   Лёня глядзеў па Грышу шчаслівымі вачыма. Хлопцы даўно не бачыліся, даўно не вучылі разам урокаў, не дурэлі.
   — Сядай сюды, на ложак,— Лёню здавалася, што так яны будуць бліжэй адзін да аднаго.— I ўсё расказвай...
   — Раскажу! Усё раскажу.
   Зразумеўшы, што ён памілаваны, Грыша перасеў на ложак да Лёні.
   — Перш за ўсё скажу табе, брат: ну і даў тады мне бацька лупцоўку!..— з выглядам самага шчаслівага чалавека на свеце пахваліўся Грыша.
   — За што лупцоўку? — не зразумеў Лёня.
   — За што, за што?.. Варта было, дык і даў... А класнаму я сам усё расказаў... Усё, як было.
   — Ну, гэта ты ўжо зусім дарэмна зрабіў...
   — Не дарэмна! Я тады нават хацеў, каб мяне са школы выключылі.
   — Вось дурань!
   — Дурань, ды не таму... Ну што, пачнём з геаметрыі?
   — Давай з геаметрыі...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!