Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вымысел мастацкі

   Вымысел мастацкі — працэс і вынік творчай уявы пісьменніка ў часе напісання ім мастацкага твора.
   Яшчэ старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель падкрэсліваў, што мастак не капіруе факты жыцця, гаворыць "не пра тое, што сапраўды здарылася, а пра тое, што можа здарыцца, гэта значыць, пра магчымае, якое вынікае з імавернага або неабходнага". Зразумела, мастацтва ў вялікай ступені абапіраецца на рэальныя з'явы і факты, на міфалагічныя, гістарычныя і літаратурныя крыніцы, многія літаратурныя вобразы маюць прататыпаў — рэальных людзей, якія існавалі на самай справе (так, прататыпамі герояў "Новай зямлі" Якуба Коласа з'яўляюцца родзічы і знаёмыя самога пісьменніка — яго бацькі, дзядзька, браты і сёстры, сваякі, суседзі). Аднак і ў такім выпадку ёсць дастатковы прастор для мастацкага вымыслу, паколькі працэс творчага абагульнення, тыпізацыі вымагае ад пісьменніка асобныя рэальныя факты адкідаць, не браць у разлік, не заўважаць і, з другога боку, многае дадумваць на аснове добра развітай фантазіі, уяўлення, але ў рэчышчы ідэйнай задумы твора і жыццёвых заканамернасцей.
   Што да навуковай фантастыкі, дэтэктыўнай і прыгодніцкай літаратуры, то тут ужо цалкам пануюць умоўнасць і мастацкі вымысел. З дапамогаю мастацкага вымыслу створана большасць раманаў і аповесцей Уладзіміра Караткевіча — ад рэалістычнага "Каласы пад сярпом тваім" і да гістарычнага дэтэктыва "Чорны замак Альшанскі". Мастацкі вымысел ў значнай ступені прысутнічае нават у аўтабіяграфічных творах, такіх, як, напрыклад, трылогія Якуба Коласа "На ростанях" і раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды".