Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сляды, што пакінуў навекі шлях наш суровы (па творах Генрыха Далідовіча)

Толькі той край блаславенны ў Бога, дзе
шануюцца продкі і іхняе далей доўжаць
нашчадкі. Калі гэтая повязь абарваная,
дык нашчадкі няшчасцяць свой край, сябе,
сваіх дзяцей і ўнукаў, а ўрэшце выраджаюцца,
і на гэтай зямлі прарастае наноснае семя.

Г. Далідовіч


   Г. Далідовіч вядомы ў беларускай літаратуры найперш як пісьменнік гісторыка-эпічнага мыслення, нястомны даследчык гістарычнага мінулага нашай Бацькаўшчыны. На сённяшні дзень галоўнае месца ў яго творчай біяграфіі займае трылогія, што складаецца з кніг "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя" і "Свой дом". Яна прысвечана станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1919 гг. Аўтар на аснове шматлікіх дакументальных матэрыялаў змог расказаць пра тых, хто вёў барацьбу за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне беларусаў, імкнуўся да пабудовы свайго "беларускага дома".
   У першым рамане "Гаспадар-камень" узнаўляецца жыццё вёскі і горада перад першай сусветнай вайной. У цэнтры твора – жыццё сем’яў Нямкевіча, Гарбацэвіча, братоў Чорных. Аўтар паглыбляецца ў тагачасную рэчаіснасць, выяўляе сацыяльна-псіхалагічную атмасферу тых часоў на Беларусі. Значная ўвага ўдзяляецца вясковаму побыту, сялянскай працы, народным звычаям, абрадам і традыцыям (гуканне вясны, абрадавыя песні, святкаванне сёмухі, вялікадня, купалля, заручын і інш.). На прыкладзе Алеся – старэйшага сына Нямкевіча – Г. Далідовіч спрабуе асэнсаваць ролю інтэлігенцыі ў пошуках шляхоў да пабудовы свабоднай і незалежнай Айчыны. Алесь – перадавы інтэлігент, які скончыў Нясвіжскую семінарыю, працаваў у школе, удасканальваў свой дух у высылках. Ён хоча абудзіць у людзях пачуццё нацыянальнай свядомасці, марыць аб тым, каб "выкрасаць у сабе і ў людскіх сэрцах іскры".
   У раманах "Пабуджаныя" і "Свой дом" пісьменнік адлюстроўвае драматызм падзей той складанай эпохі, супрацьстаянне розных сацыяльных і палітычных сіл і рухаў у пошуку шляхоў да стварэння самастойнай беларускай дзяржавы. Творы насычаны гістарычнымі падзеямі (Лютаўская рэвалюцыя, абвяшчэнне БНР, дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, утварэнне БССР, Трэці Усерасійскі з’езд і інш.). У іх дзейнічаюць як рэальныя гістарычныя асобы (Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, Язэп Дыла, Аляксандр Мяснікоў, Вільгельм Кнорын, Карл Ландэр), так і вобразы, створаныя творчай фантазіяй пісьменніка.
   Апошні твор трылогіі "Свой дом" прысвечаны аднаму з самых цікавых і трагічных эпізодаў гісторыі Беларусі – стварэнню БНР і БССР. У першай яго частцы расказваецца пра намаганні беларускіх адраджэнцаў па стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы. Дзякуючы ўдаламу падбору фактаў і звароту да маналагічнай формы самавыражэння герояў, пісьменніку ўдалося на высокім мастацкім узроўні перадаць атмасферу таго часу, паказаць прычыны і ўмовы, якія прывялі да разгону бальшавікамі Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 г. і ліквідацыі БНР у канцы 1918 г. У другой частцы апісваюцца тыя падзеі, што папярэднічалі абвяшчэнню ў Смаленску БССР, і тыя людзі, якія гэтаму паспрыялі (Сталін, Мяснікоў, Жылуновіч). У гэтым творы Г. Далідовіч сутыкнуў два падыходы да пытання аб незалежнасці Беларусі: стварэнне сваёй дзяржаўнасці ўласнымі сіламі і навязванне ўяўнай самастойнасці бальшавікамі. Завяршаецца трылогія аптымістычна, узнёсла: Ц. Гартны і Я. Дыла дзеляцца з Янкам Купалам навіной аб тым, што Беларусь атрымала савецкую дзяржаўную незалежнасць.
   У рамане "Заходнікі" адлюстроўваецца даволі складаны час жыцця ў Заходняй Беларусі ў першыя пасляваеннныя гады. Раман "Кліч роднага звона" – пра лёсавызначальны перыяд нашай гісторыі, пра час, калі стваралася Вялікае княства Літоўскае. Цэнтральнымі дзеючымі асобамі ў ім з’яўляюцца князі Ізяслаў, Міндоўг, ваявода і пасаднік Усяслаў.

 

Похожие статьи:

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Аплявуха

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Цыганскія песні

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Заходнікі

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Гаспадар-камень

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Страта