Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прырода – крыніца прыгажосці

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.

Я.Колас

 

   Гэтыя пранікнёныя радкі сталі своеасаблівай формулай выражэння любові да роднага краю, бацькоўскай зямлі, бо для кожнага з нас гэта зямля – самая ласкавая і непаўторная. І дзе б мы не апынуліся пазней, у якіх цудоўных палацах-музеях не пабывалі, мы заўсёды вяртаемся на радзіму свайго дзяцінства. Гэтыя знаёмыя з маленства мясціны, дзе мы выраслі і жывём, – ёсць часцінка таго вялікага і святога, што мы называем словамі Айчына, Бацькаўшчына.
   Адвечная прыгажосць роднага краю, яго прырода апета многімі мастакамі слова, ёй прысвечаны самыя задушэўныя старонкі кніг. Асабліва многа цудоўных пейзажных замалёвак у Я. Коласа:

Малюнкі родныя і з’явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаяце перада мною!

   Чытаючы "Новую зямлю", "Сымона-музыку", "На ростанях", мы можам уявіць і палюбавацца ўзыходам сонца і летняй раніцай, пачуць бусліны клёкат і спеў жаўрука, пабываць на квітнеючым лузе і пясчаным беразе, пачуць шум бору, шапаценне калосся на ніве. "Прырода з людзьмі жыве супольна, згодна", – падкрэслівае гэту думку Я. Колас. Яна то тужлівая, змрочная, як доля селяніна, то светлая і радасная, як мары чалавека, спадзяванні на лепшае будучае. Малюнкі прыроды чаргуюцца ў Я. Коласа з філасофскімі разважаннямі і важнымі абагульненнямі пра жыццё чалавека, яго лёс.
   Прызнанне ў любові да роднага краю гучыць і ў вядомым вершы-рамансе К. Буйло "Люблю". Радкі яго, эмацыянальныя, узвышаныя, кранаюць душу:

Люблю наш край – старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.

   Зачараваным царствам паказвае родную прыроду М. Багдановіч. У такім царстве жывуць легенды, паданні, народныя павер’і. Вось гудзе і кружыцца падвей, брыдзе па дзікім лесе касматы лясун; белы месяц цягне з возера срэбныя ніці, у якіх русалкі заблыталі свае косы; залёг у ціне, спіць на дне ракі вадзянік. Хараство рэальнай прыроды не псуюць гэтыя міфічныя істоты. М. Багдановіч цудоўна перадае фарбы і гукі прыроды. Яго вабіць час змяркання, пераходу дзённага святла ў цемень і золак, "той дзень, што мае нарадзіцца, і знікшы дзень". Музыка прыроды – музыка сэрца паэта, яго душэўныя перажыванні і думы – гучыць у вершы "Па-над белым пухам вішняў...":

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк...
Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.

   Аб светлай пары лета з навальніцамі і спякотай, аб усходзе сонца і жнівеньскім вечары, бяскрайнім жытнёвым моры, рознакаляровых красках на ўзмежках і пожнях, аб летняй ночы з светлячкамі, аб рыбнай лоўлі гучаць радкі В. Вярбы, А. Вялюгіна, Р. Ігнаценкі, Т. Хадкевіча, В. Віткі, М. Танка, К. Кірэенкі, Ю. Свіркі.
   Тужлівая восень з навальніцамі і дажджамі, непаўторнымі фарбамі лясоў, вераснёўскімі вечарамі знайшла сваё адлюстраванне ў творчасці амаль усіх паэтаў і празаікаў як старэйшага, так і малодшага пакалення. Восень выклікае глыбокі роздум аб жыцці.
   Прыгадаем пачатак верша "Восень" П. Панчанкі:

Сляды гарачыні
Яшчэ на тварах носім,
Ды паплылі ўжо дні
У залатую восень.
Самотны крык гусей
Даносіцца з-пад воблак.
У асмужанай красе
Твой бачу, восень, воблік.

   Нямала слоў сказана пра зіму і белы снежань, які "мяккім пухам апрануў палі і луг". У зімовых замалёўках зрокава ўспрымаеш нахіленыя пад цяжарам снегу сасновыя галіны, голыя сучкі дуба ці бярозы – зімні адпачынак прыроды, якая заснула толькі на міг і чакае свайго абуджэння.
   Вясна, цудоўная пара года, што сімвалізуе сабой вечнае абнаўленне жыцця, апісана ў вершах Я. Купалы, М. Багдановіча, П. Панчанкі, П. Броўкі, празаічных творах М. Лынькова, І. Мележа, І. Шамякіна, І. Пташнікава, Б. Сачанкі, Я. Скрыгана і інш. Абуджэнне прыроды заўсёды з’яўляецца для чалавека доўгачаканай падзеяй. З надыходам вясны ажываюць у нашых душах даўнія мары і спадзяванні. Нам хочацца бясконца любавацца гэтым ажыўшым пасля доўгага зімовага сну наваколлем, любіць і кахаць, ствараць велічныя гімны прыродзе, а таксама любіць яе і шанаваць. Без гэтага можа здарыцца так, што чалавек аднойчы не пачуе ранішняй песні жаўрука, не сарве ў полі прыгожай кветкі, не заслухаецца начнымі трэлямі салаўя. Ці будзе наша прырода такой жа, як сёння, непаўторнай і багатай, – залежыць ад чалавека. Нам неабходна з выключнай адказнасцю ставіцца да ўсяго навакольнага, зрабіць кожны куточак зямлі лепшым, прыгажэйшым. Хараство прыроды павінна радаваць не толькі нас, але і нашых нашчадкаў. Прырода сёння не можа выстаяць перад нястрымным наступам тэхнікі. Яна патрабуе абароны. А абараніць прыроду – значыць абараніць жыццё, абараніць Радзіму.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЧалавек і прырода

Пераказы, дыктантыКрыштальны звон бяроз

Пераказы, дыктантыЗімовы начлег

Пераказы, дыктантыБеражыце прыроду

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы