Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Крыж пакутаў і памяці (творчасць Віктара Казько)

   Віктар Казько адносіцца да ліку пісьменнікаў т. зв. "сярэдняга" пакалення, дзяцінства якога было апалена вайной. У полі зроку пісьменніка знаходзяцца тэма вайны і пасляваеннага аднаўлення гаспадаркі, праблемы ўзаемаадносін чалавека з прыродай, даследванні дзеяння маральнага закону ў гісторыі і мн. інш.
   Гады ваеннага дзяцінства пісьменніка найбольш поўна ўвасобіліся ў аповесці "Суд у Слабадзе". У ёй аўтар паказаў жорсткае аблічча нелюдзяў, якія ў гады вайны ператваралі палонных дзяцей у донараў для сваіх салдат і афіцэраў. У вобразе Колькі Лецечкі, асуджанага на павольную смерць, В. Казько паказаў неймаверныя пакуты, што выпалі на долю дзяцей вайны, дзетдомаўцаў. Суд у мястэчку Слабада над былымі паліцэйскімі – гэта сведчанне таго, што зло будзе пакарана, што ніколі не могуць сцерціся з людской памяці ўчынкі пачвараў, якія некалі шпрыцамі высмоквалі кроў з дзіцячых цел.
   Героямі аповесці "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел!" з’яўляюцца звычайныя палешукі, якія многа чаго зведалі ў сваім нялёгкім жыцці. Жывучы надзённымі клопатамі аб ежы, кураве, адзенні, яны як бы змірыліся са сваім лёсам і "бесперспектыўным" становішчам, адышлі ад грамадскай дзейнасці. Калі ж паўстала пытанне аб знішчэнні парадзелай ад шматлікіх вырубак дубровы, дзе жыў занесены ў Чырвоную кнігу чорны бусел, людзі прачнуліся. Яны нарэшце зразумелі, што іх раўнадушша, абыякавасць да навакольнага свету могуць прывесці да бездані, забыцця, самазнішчэння. Аўтар сцвярджае, што кожны чалавек павінен заняць актыўную жыццёвую пазіцыю ў адносінах да прыроды і жывёльнага свету, грамадства наогул.
   Раман В. Казько "Неруш" прысвечаны Палессю, асушэнню балот. У цэнтры ўвагі пісьменніка – пытанні ўзаемаадносін чалавека і прыроды, надзённыя і актуальныя праблемы сённяшняй вёскі. Дзеянне адбываецца ў палескай вёсцы Княжбор, на вачах жыхароў якой пачалося бяздумнае асушэнне балот. Разам з меліярацыяй адбываецца знішчэнне сялянскага побыту, старажытных традыцый і звычаяў, забыццё сваёх каранёў і вытокаў.
   Галоўны герой рамана – Мацвей Роўда – сумленна працуе на пасадах начальніка будаўніча-мантажнага упраўлення і старшыні калгаса, безадказна выконваючы інструкцыі і распараджэнні начальства, не дбаючы пра сістэму вадасховішчаў. Задумаўшыся аб выніках сваёй дзейнасці, Роўда зразумеў, што ён спрыяў парушэнню раўнавагі ў прыродзе і таму павінен несці адказнасць за здзейсненае. Жалезны Чалавек, яго двайнік, судзіць галоўнага героя: "Ты ўзяў зямлю ў першароднасці і квецені, без смецця і паскудства. Чыстымі былі туманы, вольнымі птушкі, пладзіліся жывёлы твае, пладаносілі дрэвы, яшчэ Княжбор дастаўся табе ў першароднасці і першастворанасці лясоў, рэк і крыніц, верхавых і нізавых балот, але ты кінуўся, улёг перарабляць яго, муляла вока табе першастворанасць, крануў ты неруш, крануў і сябе. І цяпер ужо тваё ўласнае дзіця, машына, створаная табой жа, і шкодзіць табе ж. Хутка ты сам будзеш шкодзіць, ужо шкодзіш, ужо лішні сам сабе, імкнешся пераступіць і цераз сябе. Але я табе не дазваляю, не даю. І тваё шчасце, што ў цябе ёсць я, што пакуль яшчэ існую". Роўда прыходзіць да канчатковай высновы, што здрадзіць сваёй зямлі нельга, што неабходна змагацца за Княжбор, шукаць разумных узаемаадносін з прыродай і навакольным светам, што трэба процістаяць прагматыкам Шахраю і Рачэўскаму, якія знішчэнне прыроды апраўдваюць утылітарнымі мэтамі. Прайшоўшы праз уласны суд, Мацвей праяўляе рашучасць і смеласць: насуперак бюракратычнаму начальству і іх шматлікім інструкцыям засявае тарфянікі травамі, узрывае дамбу, каб напаіць пасевы.
   Раман "Неруш" глыбока сучасны твор. Ён прасякнуты трывогай і болем за прыроду, вялізную шкоду якой наносяць паспешлівасць, неашчаднасць, няўмелае вядзенне гаспадаркі. Усім зместам кнігі аўтар пратэстуе супраць варварскіх адносін да прыроды, выступае не толькі за яе чысціню, але і чысціню чалавечых адносін, гармонію і цэласнасць чалавечай душы.
   Цэментуючай асновай у рамане "Хроніка дзетдомаўскага сада", дзе спалучыліся падзеі мінулага (рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, калектывізацыі, другой сусветнай вайны, пасляваеннага аднаўлення) і сённяшні дзень, з’яўляецца сад. Калісьці яго пасадзіў Трафім Трубецкі, які верыў, што дрэвы – гэта працяг чалавечага жыцця, сувязь пакаленняў. Чалавек, на думку героя твора, жыве, "пакуль пра яго не забыліся": "Пасаджанае табою дрэва – гэта ты сам, гэта чалавек, працяг яго ў вяках... Людзі пра яго не забудуцца, сад будзе расці". Аднак у гады вайны сад быў знішчаны фашыстамі. Але зноў зашапацелі маладой лістотай дрэвы сада, які пасля вайны аднавіў дырэктар дзіцячага дома Мар’ян Знавец са сваімі выхаванцамі. Клопаты пра сад аб’ядналі герояў твора, зблізілі іх духоўна. У барацьбе з Сідарам Місцюком, які на месцы сада пабудаваў сваю хату, маральную перамогу атрымалі дырэктар і яго выхаванцы. Сад для іх, як і прырода наогул, – гэта аснова чалавечага жыцця. яго будучыні.

 

Похожие статьи:

Віктар КазькоВіктар Казько - Выратуй і памілуй нас, чорны бусел

Віктар КазькоВіктар Казько - Хроніка дзетдомаўскага саду

БиографииВіктар Казько

Віктар КазькоВіктар Казько - Неруш

Віктар КазькоВіктар Казько - Суд у Слабадзе