Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гістарычная тэма ў творчасці Уладзіміра Арлова

   У творчасці Уладзіміра Арлова дамініруе гістарычная тэма. Са старонак многіх твораў паўстаюць патрыёты роднай зямлі, выдатныя дзеячы Беларусі, паэты, рэвалюцыянеры, якія памнажалі славу і гонар Айчыны, не шкадавалі жыцця дзеля яе росквіту. Так, аснову аповесці "Дзень, калі ўпала страла" складаюць драматычныя падзеі Полацкай дзяржавы, калі барацьбу супраць нямецкіх тэўтонаў узначаліў князь Уладзімір (Вальдэмар). Князь у творы паказаны як народны правадыр, адданы патрыёт роднай зямлі, разважлівы і асцярожны палітык. Ён абураны паводзінамі і ўчынкамі паўночных суседзяў з Ноўгарада і Пскова, якія прымірыліся з крыжацкай навалай і адмовіліся ад сумеснага змагання з ворагам. Разлічваючы на ўласныя сілы і свой народ, Уладзімір дбайна і рупліва рыхтуецца да смяротнага бою. Адзінай мэтай князя, прагным яго жаданнем з’яўляецца вызваленне роднай Полаччыны, зямлі сваіх продкаў ад агрэсіі чужынцаў. "Невідочная страла" ў аповесці не толькі пазначае жыццёвы шлях чалавека, але і сімвалізуе пераемнасць пакаленняў, непарыўную сувязь чалавека з Бацькаўшчынай, яго адказнасць за свае дзеянні і ўчынкі перад часам, гісторыяй і будучыняй.
   Апавяданне "Пішу вам у Масковію" прысвечана Лівонскай вайне, якую распачаў у 1558 г. Іван ІV супраць Літвы і Беларусі, апавяданне "Пяць мужчын у леснічоўцы" – удзельнікам паўстання 1863 г. (пасля яго паражэння), аповесць "Сны імператара" – выгнанню напалеонаўскага войска з Беларусі ў 1812 г., кніга "Прысуд выканаў невядомы" – трагічнаму лёсу рэвалюцыянера-нарадавольца Ігната Грынявіцкага, які быў выканаўцам смяротнага прыгавору рускаму цару Аляксандру ІІ.
   Кнігі "Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая", "Еўфрасіння Полацкая", "Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны" прысвечаны жыццю і асветніцкай дзейнасці славутай Ефрасінні Полацкай. Аўтар на аснове гістарычных кніг, архіўных запісаў, навуковай літаратуры і іншага фактычнага матэрыялу раскрыў рамантычныя і драматычныя старонкі жыцця адной з самых адукаваных жанчын Еўропы ХІІ ст., якая была "памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведванне ці, проста кажучы, – для ўсіх была ўсім". У кнігах увага акцэнтуецца на светапоглядзе князёўны, яе самаадданым служэнні Бацькаўшчыне, актыўным удзеле ў адкрыцці школ, скрыпторыяў, будаўніцтве храмаў, стварэнні крыжа, грамадска-палітычным і культурным жыцці Полацкага княства.
   З усіх кніг пра Ефрасінню Полацкую вылучаецца "Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны". Выдадзеная з падзагалоўкам "Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай", яна расказвае пра стварэнне Лазарам Богшам славутага крыжа, яго драматычны лёс у мінулыя стагоддзі, загадкавае знікненне ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, пошукі ў нас час. У кнізе змешчаны шматлікія гравюры, мініяцюры, малюнкі, фотаздымкі і іншыя ілюстрацыйныя матэрыялы. Раздзел "Адраджэнне святыні" прысвечаны творчаму подзвігу беларускага майстра Міколы Кузьміча (ураджэнца Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці), дзякуючы таленту і высокаму майстэрству якога крыж быў узноўлены. 27 снежня 1997 г. узноўленая святыня была асвечаны, а 6 снежня вернута на спрадвечнае месца – у збудаваны па заказе полацкай асветніцы Спасаўскі храм.
   У аповесці "Час чумы"аўтар, абапіраючыся на гістарычныя факты і змест паэмы "Песня пра зубра", стварыў цікавы вобраз Міколы Гусоўскага. Пісьменнік паглыбіўся ў атмасферу грамадскага жыцця тагачаснага Рыма, дзе фарміраваліся гуманістычныя перакананні паэта, выспявалі натхнёныя ідэі, на высокім творчым уздыме ствараліся старонкі паэмы. Поруч з Міколам Гусоўскім у аповесці дзейнічае яго сябар, мецэнат мастацтваў, дзяржаўны дзеяч Эразм Вітэліус. Нават перад тварам блізкай смерці ён не перастае турбавацца пра лёс выдатнага твора і яго стваральніка, якога называе "філосафам і географам, гісторыкам і жывапісцам,... першым паэтам Кароны і Княства". Кранальна і хвалююча апісана сцэна развітання Міколы Гусоўскага з гордай рымлянкай Франчэскай, якую паэт горача пакахаў. Праз узаемаадносіны Гусоўскага з іншымі персанажамі У. Арлоў змог раскрыць псіхалогію, яркую індывідуальнасць паэта, які "перадаў наступнікам непадлеглы тленню вобраз эпохі і Бацькаўшчыны". Апісваючы драматычныя часы далёкай мінуўшчыны, пісьменнік імкнецца давесці, што і сённяшняму грамадству пагражае небяспека. Аб гэтым сведчыць не толькі змест аповесці, але і словы М. Гусоўскага "Мы пад сякерай...", узятыя ў якасці эпіграфа да твора.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗала сарака

СачыненніПа старонках твораў пра мінулае

Ніл ГілевічНіл Гілевіч - Лірычны каментарый да нашага радаслоўя

Пераказы, дыктантыВедаць гісторыю сваёй зямлі

Пераказы, дыктантыНумізматыка