Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"І ўсіх працягаў я – пачатак" (творчасць Васіля Зуёнка)

Мільёны год, мільёны год
Да сонца з цемені ірвуся.
Мільёны год, мільёны год
Іду. Іду – і не спынюся.
На ніве смерці і жыцця
Мне вечна юным быць аратым,
Бо ўсіх пачаткаў я – працяг
І ўсіх працягаў я – пачатак.

В. Зуёнак


   У абліччы Васіля Зуёнка, пісаў Рыгор Барадулін, ёсць адначасова "нешта і ад разважлівага хлебароба, і ад засяроджанага над праблемамі веку інтэлектуала". Паэт піша пра ўсё, што хвалюе нашых сучаснікаў: пра родную зямлю, прыроду, экалогію, гісторыю Айчыны, мінулую вайну, каханне, жыццё і смерць, пераемнасць пакаленняў і інш. Але найперш аўтар скіроўвае свой позірк на бацькоўскі кут, "малую" Радзіму, праз малюнкі і вобразы якой паказвае жыццё ўсяго беларускага народа, прасочвае яго гістарычны лёс. З бацькоўскага дома пачынаюцца жыццёвыя дарогі паэта, усе яго "вышыні і глыбіні":

На скрыжаванні ўсіх дарог,
Усіх вятроў, усіх эпох
Мая вякуе вёска.
Усіх надзей, усіх трывог,
Усіх смярцей і перамог
Жывуць тут адгалоскі...

   Любоў да Айчыны – самае святое пачуццё, якое прыходзіць з калыскаю, "свеціцца над зямлёй мамінаю хусцінкаю", у "сэрцы звініць трысцінкаю":

Сяўбой і жнівом сагрэтая,
Здабытая потам, раллёй,
Душою і сэрцам апетая –
Любой да Айчыны сваёй.
Яна не бывае адступнаю,
Яна – назаўжды з табой.
Яна бывае пакутнаю –
Любоў да Айчыны сваёй.
("Любоў да Айчыны сваёй")

   Шчырая ўдзячнасць бацькам, вернасць бацькоўскім запаветам выказваецца ў вершы "Прыйдзі аднойчы". Пра Вялікую Айчынную вайну, гераізм і мужнасць воінаў, лёс жанчын-салдатак і ўдоў ідзе размова ў вершах "Помнік", "З вайны сустрэлі мацяркі сыноў", "Гаварыла маці", "Прапаў без вестак". Памяць мінулай вайны нагадвае аб сабе салдацкімі пратэзамі і мыліцамі, асірацелымі матулямі, якія "між рэчаў самых дарагіх кашулю сына беражна" хаваюць.
   У многіх вершах В. Зуёнак задумваецца над сэнсам, таямніцамі чалавечага жыцця, яго хуткаплыннасцю, углядваецца ў духоўны свет нашага сучасніка, шукае адказы на шматлікія пытанні чалавечага быцця і небыцця ("Як лёгка наперад глядзець", "Пачатак", "Змярканне", "Непаўторнасць"). Аўтар чуйна рэагуе на змены ў грамадскім жыцці, з публіцыстычнай завостранасцю выступае супраць негатыўных з’яў у грамадстве, дэгуманізацыі ("Атамная малітва", "Гэты час...", "Век дваццаты – прарок ці шулер?"). У вершах "Лета трывожных дажджоў", "Урок паўтарэння" ён асэнсоўвае вынікі і прычыны чарнобыльскай трагедыі.
   Нямала вершаў прысвяціў В. Зуёнак вечнай мелодыі жыцця – каханню, дзе па-сапраўднаму выпрабоўваецца і загартоўваецца чалавек. Так, лірычны герой верша "Не бяжы, не ўцячэш ад сябе" выяўляе глыбіню, высакароднасць, прыгажосць сваіх думак і пачуццяў да каханай, бязмежную адданасць ёй:

Буду садам тваім па вясне,
Буду ў полі сцяжынкай забытай:
Перапёлка на золку засне –
Прыбягай дажынаць сваё жыта.
Буду раніцай лёгкім дымком
Над страхой тваёй віцца ў просінь,
Буду ціхім дымавіком
Сны жаданыя ў хату прыносіць.

   В. Зуёнак паспяхова працуе ў жанры паэмы. У яго паэтычным цыкле "Пяцірэчча", які складаецца з пяці паэм ("Сяліба", "Маўчанне травы", "Прыцягненне", "Лукам’е", "Падарожжа вакол двара") знайшлі адлюстраванне многія пытанні сучаснага жыцця і гістарычнага мінулага нашага краю.
   У паэме "Сяліба" аўтар уздымае праблему аховы акаляючага асяроддзя, выступае супраць бяздумнага ўмешвання чалавека ў развіццё прыроды, спробы яе пакарыць і перайначыць (вобраз Крамёнка), згадвае далёкія часы, калі буяла расліннасць, цяклі паўнаводныя рэкі, прыводзіць шматлікія легенды і паданні (пра лёс самародка Ахрэма і яго каханую, пра хцівага пана Заброцкага і інш.). Паэма "Маўчанне травы" ў многім аўтабіяграфічная. Прататыпам галоўнага героя стаў бацька паэта Васіль Захаравіч. Падзеі ў ёй адбываюцца ў вёсцы Узбор’е. На прыкладзе жыцця адной вёскі і яе жыхароў паэт раскрыў духоўна-маральную аснову народнага жыцця, праўдзіва адлюстраваў лёс беларускага сялянства на працягу ХХ ст. (у гады грамадзянскай вайны, калектывізацыі, фашысцкай акупацыі, пасляваеннага аднаўленчага перыяду). Ліра-публіцыстычная паэма "Прыцягненне" прысвечана палёту ў космас земляка паэта Уладзіміра Кавалёнка. У 12 яе раздзелах – сеансах касмічнай радыёсувязі – аўтар узгадвае родныя мясціны касманаўта, разважае над праблемамі чалавечага існавання, непарыўнай сувязі Сусвету і чалавека, часу і прасторы. Паэма "Лукам’е" ўзнаўляе падзеі амаль 500-гадовай даўнасці. Галоўным героем твора з’яўляецца князь Іван Лукомскі, нашчадак старажытнага роду Ізяславічаў, якому давялося адстойваць незалежнасць Лукомскага княства як ад польскіх, так і ад рускіх захопнікаў. Цэнтральным у паэме "Падарожжа вакол двара" з’яўляецца вобраз маці, усе клопаты і ўчынкі якой (здаваліся б, зусім нязначныя) прасякнуты жыццёвай мудрасцю, духоўнасцю, чалавечнасцю. Аўтар узнаўляе старонкі мінулага жыцця, закранае многія праблемы нашых сучаснікаў, выступае за беражлівыя адносіны да прыроды, змагаецца з жорсткасцю, ачарсцвеннем душ, варожымі адносінамі паміж людзьмі, верыць у непераможнасць і вечнасць жыцця:

І на ганку мачулінскай школы
Прачытаюць праз тысячу год
Дзеці гэткія ж – купкай вясёлай:
"Мама, мова, Радзіма, народ..."

 

Похожие статьи:

БиографииВасіль Зуёнак

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Гаварыла маці...

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У грымотах ашалелых веку...

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Сон

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі