Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



"З Мсціжаў бачны свет..." (творчасць Івана Пташнікава)

   У творчасці Івана Пташнікава выявілася глыбокая ўвага да маральных вытокаў народнага жыцця, яго сучаснага і мінулага, да ўнутранага свету чалавека, яго адносін да бацькоўскай зямлі, прыроды і навакольнага свету. У сваіх ранніх творах ("Іллюк Чачык", "Не па дарозе", "Чакай у далёкіх Грынях") пісьменнік стварыў яркія, каларытныя карціны вясковага побыту, прыроды роднага Прывілля, шчыра выказаў сваю любоў да яго, строга асудзіў драпежніцкія і спажывецкія адносіны да прыроды. Больш паглыбленае асэнсаванне рэчаіснасці і ўзаемаадносін чалавека з навакольным светам назіраецца ў апавяданнях "Алені", "Алёшка", "Бежанка", аповесці "Лонва".
   Падзеі ў аповесці "Лонва" адбываюцца ў пасляваенныя гады ў паўночнай беларускай вёсцы. Перад чытачом праходзіць звычайна жыццё жыхароў вёскі Лонвы, якія і ў мірны час адчуваюць водгулле вайны. Падлетак Юрка Даліна, цудам выратаваўшыся ў вайну (у яго стралялі фашысты), недарэчна загінуў ад выбуху снарада.
   Тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны аповесці "Тартак" і "Найдорф". Першая аповесць, на думку Т. Шамякінай, з’яўляецца адным з самых бязлітасных драматычных твораў у беларускай літаратуры". Яе цэнтральныя героі – сямёра сялян, што з Дальвы вязуць у Тартак (месца, дзе раней знаходзілася лесапільня) збожжа. У кожнага з іх – свой лёс, сваё разуменне і адчуванне рэчаіснасці. Па дарозе возчыкі сустрэліся з карнікамі, і тыя прымусілі іх ехаць наперадзе, каб тым самым уратавацца ад куль народных мсціўцаў. У змаганні партызан з карнікамі гінуць дальванцы. Уратавацца ўдалося аднаму Алёшу. Вярнуўшыся ў родную вёску, ён убачыў толькі сляды пажару і вынішчэння. Фашысты спалілі яе разам з жыхарамі.
   Дзеянне ў аповесці "Найдорф" адбываецца ў перыяд мая – чэрвеня 1944 г., калі рэзервовыя групы гітлераўскай арміі "Цэнтр" праводзілі аперацыю па знішчэнні партызанскіх брыгад. Пяцёра партызан прыкрываюць адыход галоўных сіл, а таксама мірнага насельніцтва. Пасля жорсткага бою ў жывых засталіся толькі Яфрэм Жаваранка і падлетак Алёша Белановіч. Яны з цяжкасцю прабіваюцца да сваіх. Па дарозе героі твора наведалі вызваленую ад фашыстаў родную вёску і захапілі ў палон групу немцаў, што спрабавала выйсці з акружэння. Непадалёку ад вёскі Найдорф адбылася (амаль выпадковая) сутычка з карнікамі, у якой Жаваранка і Алёша загінулі. У вобразе галоўных герояў твора пісьменнік раскрывае гераічны пачатак у барацьбе з фашызмам, паказвае людзей, якія ў час самых цяжкіх і суровых выпрабаванняў не здрадзілі сабе і Радзіме, захавалі вернасць бацькоўскай зямлі. На прыкладзе жыцця Жаваранка асабліва адчуваецца несумяшчальнасць вайны з усёй чалавечай сутнасцю, яе антымаральнасць і бесчалавечнасць.
   Праблеме ўзаемаадносін чалавека з прыродай і навакольным светам прысвечаны аповесці І. Пташнікава "Мсціжы", раман "Алімпіяда". Перад галоўным героем Андрэем Вялічкам пастаўлены выбар: пераехаць з-за працы пад Полацк ці застацца ў родных Мсціжах. Для Вялічкі пераезд азначае развітанне з роднай зямлёй, з якой ён звязаны тысячамі ніцяў, дзе пахавана яго жонка і дзе сам пражыў амаль усё жыццё. І таму герой твора робіць выбар на карысць Мсціжоў: "Нікуды не паеду! Тут я нарадзіўся, тут і памру". Вялічка, як бачна, не стаў перакаці-полем, а захаваў вернасць бацькоўскай зямлі і людзям.
   Раман "Алімпіяда" ў структурным плане складаецца з чатырох частак ("Лета. Пыл", "Бальніца", "Застава. Сорак першы" і "Сын"), аб’яднаных лёсам галоўнай гераіні Алімпіяды Падаляк. Дзеянне адбываецца ў вёсцы Крамянец на рубяжы 70 – 80-х гг. Гераіня твора працуе на жывёлагадоўчай ферме з 1938 года і не ўяўляе свайго жыцця без гэтай працы. Нават у перадінфарктным стане яна спрабуе выратаваць калгасных бычкоў, якія засталіся ў гарачыню на полі без вады. Па-іншаму паступіць жанчына не можа, і ў гэтым – знітаванасць, цесная сувязь чалавека з працай, зямлёй. Раман мнагапланавы: у ім узнімаюцца праблемы чалавечнасці, сумленнасці, дабрыні, працавітасці, уважлівых адносін да прыроды, пераемнасці пакаленняў.
   Творы І. Пташнікава з’яўляюцца самабытнай і значнай з’явай у беларускай літаратуры. Асноўны цэнтр іх прыцягнення – чалавек у яго шматлікіх узаемасувязях і ўзаемаабумоўленасцях, пошуках адказаў на спрадвечныя жыццёвыя і маральна-этычныя праблемы.

 

Похожие статьи:

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Алені - ГДЗ

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тартак

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Францужанкі

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Пагоня

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Найдорф