Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Івянецкая кераміка пачатку ХХ стагоддзя

   Сярод вырабаў беларускіх майстроў-ганчароў асабліва прыкметнае месца займае івянецкая кераміка. Прадукцыя гэтага ганчарнага цэнтра звяртае ўвагу не толькі дасканаласцю і ўнікальнасцю формаў, але і надзвычай шырокім дыяпазонам вырабаў.
   У пачатку ХХ ст. Івянец быў адным з буйнейшых ганчарных цэнтраў Беларусі. Тут склаліся цэлыя дынастыі патомных ганчароў (Сасноўскіх, Маўчановічаў, Падліпскіх, Собаляў, Лотышаў, Круглянскіх, Судакевічаў і інш.), якія працягвалі і развівалі лепшыя традыцыі ганчарства, закладзеныя ў часы сярэдневякоўя. Арыентацыя галоўным чынам на багатых пакупнікоў абумовіла выпрацоўку надзвычай шырокага дыяпазону вырабаў. Акрамя бытавога посуду івянецкія майстры выраблялі таксама дробную пластыку, кафлю і інш.
   Практычна ўся прадукцыя была паліванай, чорна-глянцаваны посуд перасталі вырабляць яшчэ ў канцы ХІХ ст. Ва ўсякім разе ніхто з ганчароў не прыпамінаў, каб бытаваў такі посуд мясцовай вытворчасці.
   Свае вырабы івянецкія ганчары прадавалі не толькі ў наваколлі, але і развазілі па далёкіх гарадах і мястэчках. Івянецкі посуд быў вядомы на ўсёй Заходняй Беларусі і за яе межамі.
   Перадача майстэрства адбывалася шляхам вучнёўства ў сваёй сям’і, калі яна займалася ганчарствам, альбо ў гаспадара, куды аддавалі хлопчыкаў з 8-10 год. Пасля заканчэння навучання маладыя майстры маглі працаваць самастойна, закладаваць свае ўласныя майстэрні, але ў Івянцы на гэта было мала надзеі: з-за шматлікасці ганчароў тут панавала жорсткая канкурэнцыя, якой часам не вытрымлівалі нават сталыя майстры. Яны альбо наймаліся да больш моцных гаспадароў, альбо пакідалі Івянец і рассяляліся па вёсках і мястэчках паўночна-заходняй Беларусі.
   Івянецкія ганчары не толькі ўплывалі на ганчарства суседніх тэрыторый, але і самі творча засвойвалі лепшыя традыцыі навакольных майстроў. Інтэнсіўныя сувязі падтрымліваліся з ганчарамі в. Карэчаты Стаўбцоўскага раёна, дзе яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. выраблялі архаічны гартаваны посуд, які высока цаніўся за сваю вогнетрываласць. Пэўная масіўнасць, манументальнасць гэтых вырабаў адчуваецца і ў некаторых формах івянецкай керамікі.
   Асартымент вырабаў івянецкіх ганчароў быў вельмі шырокі. Найбольш значную частку сярод іх складаў традыцыйны бытавы посуд.
   Дасканаласцю і разнастайнасцю формаў вызначаюцца збанкі і гарлачы. Сталовыя збанкі маюць ярка выяўлены плаўны профіль, невялікую зграбную ручку і носік. Гарлачы не мелі ручкі і носіка. Збанкі былі паліваныя як знутры, так і звонку, гарлачы – толькі знутры. Апошняе было выклікана тым, што непаліваная шыйка гарлача не выслізвала з рук, бо гарлачы не мелі ручкі.
   Разнастайнасцю памераў вызначаюцца талеркі, міскі, якія звычайна паліваліся з двух бакоў. Гаршкі, як правіла, не паліваліся, каб вытрымлівалі высокую тэмпературу. Глякам, паліваным з двух бакоў, надавалася традыцыйная шарападобная форма з адной ручкай.
   З іншых традыцыйных відаў посуду ў шырокім ужытку былі спарышы, рукамыі, цадзілкі, адстойнікі для малака, латушкі, кубкі, патэльні, вазоны. Пад уплывам фабрычнага фаянсавага і фарфоравага посуду і вырабаў, убачаных майстрамі ў інтэр’ерах сядзіб памешчыкаў, ганчары выраблялі разнастайны посуд утылітарна-мастацкага характару: супніцы, хлебніцы, цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі, чайнікі, вазы для варэння і інш. Хаця ўзорамі для многіх з гэтых вырабаў паслужыла фабрычная прадукцыя, ганчары ўмелі надаць ім цеплыню і характэрны мясцовы каларыт. Дасканалыя формы посуду падкрэсліваліся сціплым, але выразным дэкорам карычневага ці белага колеру, нанесеным пад празрыстую паліву. Звычайна гэта былі прамыя і хваістыя паяскі, нанесеныя на выраб у працэсе яго вытворчасці на ганчарным крузе.
   Асаблівую ўвагу сярод івянецкіх вырабаў выклікае кераміка мастацкага характару: фігурныя пасудзіны, букетнікі, попельніцы, насценная пластыка і інш. У гэтых адносінах з Івянцом не можа параўнацца ніводзін іншы ганчарны цэнтр Беларусі. Хаця такія вырабы не прызначаліся для рынку, але іх можна сустрэць у розных кутках паўночна-заходняй Беларусі.
(524 словы)

Паводле Я. Сахуты

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБеларуская кераміка