Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Як святло Радзімы

   Ён прыгожы заўсёды, у любую часіну года.
   І тады, калі, прачнуўшыся ад зімовага сну, светла і ўсхвалявана гамоняць маладым лісцем дрэвы. Калі зялёна-смарагдавы колер зямлі, аблашчанай сінякрылым ветрам, радуе вока бязмежнаю прагай жыцця.
   І тады, калі ў кожнай красцы на густатравых лугах клапатліва працуюць пчолы. Калі набіраюцца лета і моцы нівы, гадуючы і спелячы каласы. Калі кветкі, промні і птушыныя песні яднаюцца ў непаўторную мелодыю жыцця, якая запаўняе сабою ўсё: лугі, палі, лясы.
   І тады, калі прыкметна цішэе ў прасторах, калі на палях па-восеньску пахне ўжо свежаю саломаю і новым зернем. Калі пад нагамі шамаціць апалае лісце, а жоўты колер, палінаваны павуцінкамі бабінага лета, пануе ўжо там, дзе яшчэ нядаўна было так шматколерна, гаманліва, весела.
   І тады, калі зямля робіцца белаю-белаю. Калі мяцеліцы спяшаюцца як найхутчэй укрыць ад маразоў кожны карэньчык, кожны парастак. Калі прамярзаюць у голым суччы птушыныя гнёзды на распранутых дрэвах.
   У холад і ў спёку, у дождж і пасля дажджу, удзень і ўночы, з ветрам і без ветру, маладзіком і ў поўню, летам і зімою – ён заўсёды прыгожы, наш родны, наш любы край.
   Наш край прыгожы і па-свойму адметны на поўначы і на поўдні, на ўсходзе і на захадзе. Там, дзе цячэ Дзвіна і пятляе між палёў Бярэзіна, Дзе струменіць, набіраючыся сілы, Нёман і шырыцца, выбіраючыся з балот, Прыпяць. Дзе гамоніць з высокімі берагамі Дняпро і трэцца хвалямі аб лодкі паўднёва-ласкавы Сож...
   Белавежская пушча і Браслаўскія азёры, Палессе і Свіцязь, Налібокі і Нарач, Бярэзінскі запаведнік і маленькая рэчка Проня – усё гэта наш родны край, наша спадчына, якая аднойчы і назаўсёды даецца кожнаму чалавеку разам з жыццём. Так, спадчына. Неацэнная. За ўсё даражэйшая. Але хто калі лічыў, хто калі задумаўся, колькі ж на душу насельніцтва, на душу кожнага з нас прыпадае кветак, матылёў, дрэў, птушак, крынічак? Усяго гэтага мы, занятыя вечным клопатам, часцей за ўсё не заўважаем: яно для нас такое ж звыклае і будзёнае, як і паветра, гэты цуд прыроды, якім мы безуважна, раўнадушна дыхаем.
   Так, мы звыкла ўсім гэтым карыстаемся. Часам нават забываем, што прырода – не толькі для нас адных, хоць чалавек і з’яўляецца самаю лепшаю аздобаю любога краявіду. Што, беручы ў яе ўсё, чым яна так шчодра з намі дзеліцца, трэба думаць пра будучыню і абавязкова трэба пакідаць у ёй месца і той жа рэчцы, і таму ж буслу, і той жа травінцы, і таму ж мурашу. Пакідаць усё, што ім трэба. Бо ўсе мы на гэтай зямлі суседзі: рэчка і бусел, дрэва і травінка, кветка і пчала, мураш і чалавек. Усе мы зямляне. Бо зямля ў нас адна, яна агульная. І мы маем радасць суіснаваць на ёй. Жыць у дружбе і ва ўзаемнай павазе. Таму, беручы ў прыроды, мы абавязаны захоўваць яе багацці і павялічваць іх. Беручы – аддаваць.
(449 слоў)

Паводле Я. Сіпакова

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКрыштальны звон бяроз

Пераказы, дыктантыЗімовы начлег

Пераказы, дыктантыБеражыце прыроду

Пераказы, дыктантыЧалавек і прырода

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы