Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шпачок

Варыянт 1 (327 слоў)

   У той дзень бушавала навальніца. Калі Валерык выйшаў з хаты, то ўбачыў у садзе паваленую ветрам жэрдку са шпакоўняй. А побач сядзеў малады шпачок, які, відаць, не ўмеў яшчэ добра лятаць. Валерык накрыў шпачка шапкай, асцярожна ўзяў яго, занёс у хату і пасадзіў у клетку.
   Міналі тыдні, месяцы. Шпачок вырас. Ён не любіў сядзець у клетцы і лятаў па хаце, дзяўбаў у вазонах зямлю, купаўся ў талерцы з цёплай вадой. Да купання птах ставіўся надзвычай сур’ёзна. Спачатку ён падыходзіў да талеркі і нібы правяраў дзюбай тэмпературу вады. Потым перш за ўсё мыў галаву, а пасля ўжо забіраўся ў талерку з нагамі, падхопліваў крыламі ваду і абліваў спіну. Нарэшце садзіўся і растапырваў усе пярынкі. Пры гэтым шпачок ніколі не забываўся асцярожна аглядацца.
   Шпачка дома ўсе любілі і песцілі. Толькі вось кот Яша выклікаў трывогу. Спачатку кот толькі паглядаў на шпачка. А неяк пад вечар Валерык, зрабіўшы ўрокі, выйшаў у пярэднюю, дзе вісела клетка, і ўбачыў, што кот вось-вось скочыць на клетку. Баючыся за жыццё шпачка, Валерык перанёс клетку на чыстую палавіну хаты і павесіў яе высока на сцяне, каб Яша не дастаў.
   А аднойчы хлапчук пачуў валтузню, піск. Валерык кінуўся да дзвярэй. Яша вісеў, учапіўшыся пярэднімі лапамі за клетку, а шпачок скакаў на адным месцы, злосна ціцінькаў і дзёўб ката ў нос. Яша ад болю мяўкаў, а калі ўбачыў Валерыка, грымнуўся на падлогу і шмыгнуў між ног за дзверы. Шпачок бегаў па клетцы і пераможна крычаў.
   А аднойчы ў школе раптам хлопчык нібы ўвачавідкі ўбачыў, як кот ускочыў на клетку, прасоўвае праз пруты лапу. Дадому хлопец бег не чуючы пад сабою ног. Так і ёсць. У клетцы дзверцы не зачынены, шпачка няма. Хлопчык выбег на кухню.
   У кутку каля печы з Яшавага сподка, у якім была размочана булка, шпачок, не спяшаючыся, дзяўбаў крошкі. Дзеўбане, паглядзіць, зноў дзеўбане. А недалёка ад шпачка сядзеў Яша і сумна паглядаў, як частуецца няпрошаны госць.
   Валерык узяў пакрыўджанага ката пад пушысты жывот і вынес з кухні. Яму нават стала крыху шкада Яшу.
 


 

Варынт 2 (593 словы)

   У той дзень бушавала навальніца. Цяжкія ўдары грымот скаланалі паветра. Моцны вецер налятаў з усіх бакоў. Сінія зігзагі бліскавіц імкліва разразалі чорную хмару. Нарэшце грымоты пачалі аддаляцца. Дождж драбнеў і неўзабаве сціх.
   Калі Валерык выйшаў з хаты, хмара была ўжо далёка над лесам, а вышэй яе з’явілася вузкая палоска блакітнага неба. I вось тады Валерык убачыў у садзе паваленую ветрам жэрдку са шпакоўняй. Старыя шпакі то зляталі на зямлю, то зноў садзіліся на дрэвы і трывожна крычалі.
   Валерык падбег да шпакоўні. Калі ён падняў яе, адзін за другім з цвырканнем пачалі вылятаць маладыя шпачкі і разлятацца ў розныя бакі. Апошні вылецеў і тут жа сеў на граду. Відаць, гэта быў самы меншы ў птушынай сям’і і не ўмеў яшчэ добра лятаць. Шпачок не вельмі спалохаўся Валерыка. Ён з цікавасцю пазіраў навокал, круглыя чорныя вочкі глядзелі даверліва. Валерык накрыў шпачка шапкай, асцярожна ўзяў яго, занёс у хату і пасадзіў у клетку.
   Міналі тыдні, месяцы. Шпачок вырас і выліняў. У яго была сіняя бліскучая грудка, і да яе вельмі пасавала белая дзюбка. Шпачок не любіў сядзець у клетцы. Ён лятаў па хаце, дзяўбаў у вазонах зямлю, купаўся ў талерцы з цёплай вадой. Да купання птах ставіўся надзвычай сур’ёзна. Спачатку ён падыходзіў да талеркі і нібы правяраў дзюбай тэмпературу вады. Потым перш за ўсё мыў галаву, а пасля ўжо забіраўся ў талерку з нагамі, падхопліваў крыламі ваду і абліваў спіну. Нарэшце садзіўся і растапырваў усе пярынкі. Пры гэтым шпачок ніколі не забываўся асцярожна аглядацца.
   Шпачок прывык да Валерыка. Садзіўся яму на плячо, дазваляў сябе гладзіць. А калі на яго находзілі вясёлыя хвіліны, ён заўзята спяваў, крычаў пеўнем, мяўкаў катом, клекатаў буслам, пераймаў скрып дзвярэй. Часам Валерыку здавалася, што шпак нават парываецца нешта яму сказаць.
   Шпачка дома ўсе любілі і песцілі. Толькі вось кот Яша выклікаў трывогу ў сэрцы Валерыка. Спачатку кот толькі паглядаў на шпачка. А неяк пад вечар Валерык, зрабіўшы ўрокі, выйшаў у пярэднюю, дзе вісела клетка, і ўбачыў, што кот сядзіць на падаконніку. Цела яго было напружана, вялікія зялёныя вочы гарэлі. Яша вось-вось рыхтаваўся скочыць на клетку.
   Валерык схапіў ката. Што і казаць, дасталося тады яму! Баючыся за жыццё шпачка, Валерык перанёс клетку на чыстую палавіну хаты і павесіў яе высока на сцяне, пад самай столлю, каб Яша не дастаў.
   Ішоў дзень за днём. Кот паводзіў сябе ў адносінах да шпачка як быццам па-суседску. Бывала, паглядзіць на клетку і тут жа зажмурыцца і нават адвернецца, нібыта гаворачы гэтым: «Не мая справа. Хай сабе сядзіць».
   Страх за шпачка ў Валерыка амаль улёгся. I раптам аднойчы хлопчык пачуў валтузню, піск. Валерык кінуўся да дзвярэй. Яша вісеў, учапіўшыся пярэднімі лапамі за клетку, а шпачок скакаў на адным месцы, злосна ціцінькаў і дзёўб ката ў нос. Яша ад болю мяўкаў, а, убачыўшы Валерыка, грымнуўся на падлогу і шмыгнуў між ног за дзверы. Шпачок бегаў па клетцы і пераможна крычаў.
   На кухні Яша забраўся пад стол і доўга аблізваў нос, відаць, яму добра папала ад шпачка. На гэты раз Валерык ушчуваў вінаватага толькі словамі.
   Адным разам у школе раптам хлопчык нібы ўвачавідкі ўбачыў, што ў гэты момант робіцца дома. Вось кот ускочыў на клетку, прасоўвае праз пруты лапу. Дадому хлопец бег не чуючы пад сабою ног. Адчыніў дзверы і вопрамеццю кінуўся да клеткі. Так і ёсць... У клетцы дзверцы не зачынены, шпачка няма. Хлопчык выбег на кухню.
   У кутку каля печы з Яшавага сподка, у якім была размочана булка, шпачок, не спяшаючыся, дзяўбаў крошкі. Дзеўбане, паглядзіць, зноў дзеўбане. А недалёка ад шпачка сядзеў Яша і сумна паглядаў, як частуецца няпрошаны госць.
   Валерык узяў пакрыўджанага ката пад пушысты жывот і вынес з кухні. Яму нават стала крыху шкада Яшу.

Паводле Я. Зазекі

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыТанец жураўлёў

Пераказы, дыктантыКемлівая казуля

Пераказы, дыктантыСтракаты дзяцел

Пераказы, дыктантыПадземны паляўнічы

Пераказы, дыктантыСарока-белабока