Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цёплае дыханне зямлі

   Раніцай лугі заўсёды высцілаў густы туман, па якім, здавалася, можна было бегчы, як па палатне, і які сведчыў ужо, што ў прыродзе пачынаецца дужанне цеплыні і холаду. Цеплыня не хацела яшчэ здавацца, але і холад з кожным днём усё мацнеў. Ён халадзіў цёплае дыханне зямлі, і яно выпадала росамі на пожні і туманамі вісела над атаваю. К абеду туман сыходзіў, і тады ў палях і лугах рабілася так празрыста і чыста, што выразна былі бачны кожная капа сена і кожны крыжык ячменю, кожны кусцік і кожны гаёк. Нават здалёк можна было заўважыць, як на ўзлесках гарыць сіняватым агнём спелы верас.
   А над гэтым верасам, над гэтай празрыстасцю, над палямі і лугамі недзе з абеду чарада за чарадою спяшаліся туды, куды сплывала цеплыня, пералётныя вандроўнікі.
   Верасоўскі глядзеў на іх імклівы лёт, і яму чамусьці думалася, што яны, птушкі, мусіць, самыя шчаслівыя на свеце, бо і ў чарадзе, і на адзіноце яны заўсёды вясёлыя і маладыя.
(154 словы)

Паводле Я. Сіпакова