Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Цяга да роднага

   У майго пакалення было асаблівае маленства. Досвітак нашай памяці захаваў крывавыя раны пажарышчаў небывалай у гісторыі чалавецтва вайны, плач мільёнаў абяздоленых людзей, выбухі бомбаў і посвіст куль. Замест радасці піянерскіх лагераў мы пазналі пакуты лагераў смерці. Змалку мы змушаны былі думаць не пра тое, як і чым забавіць час, а як ацалець, выжыць. Недасяжным шчасцем з’яўляўся кавалак хлеба, конаўка малака ці, скажам, ласка сну ў пасцелі, у хаце. Фашысты адбіралі ў нас не толькі бацькоў, але і радзіму, мову. Трагедыя была яшчэ і ў тым, што мы бачылі, адчувалі, ведалі куды больш, чым можна было бачыць, адчуваць, ведаць у нашым узросце. Парог звычайнай школы мы пераступілі, прайшоўшы не адзін клас мудрай школы жыцця.
   Вучыцца тады, у галодныя пасляваенныя гады, было нялёгка. Вайна спапяліла школы, бібліятэкі, хаты. У побыт людзей вярталася забытае – зямлянкі, лучына, лапці, жорны... Ды што значылі гэтыя цяжкасці ў параўнанні з тымі, якія перажыліся за ліхалецце!.. Людзі былі гордыя, яны ганарыліся тым, што ўдалося прагнаць прыблудаў-чужынцаў, не аддаць сваёй зямлі ворагу. І мы, дзеці вайны, зусім па-даросламу разумелі бацькоў, настаўнікаў – нядаўніх франтавікоў і партызанаў.
   Менавіта тады, у дзіцячыя гады, разам з такімі вялікімі імёнамі, як Радзіма, Воля, Перамога, увайшлі ў маю свядомасць імёны Якуба Коласа і Янкі Купалы. Відаць, таму так непасрэдна, шчыра ўспрыняў, бо ведаў: яны, гэтыя імёны, увасабляюць у сабе маю родную старонку – Беларусь, маю родную мову – беларускую, без якіх давялося жыць аж два доўгія, як вечнасць, гады ў фашысцкім рабстве. Што такое жыць без свайго краю і сваёй мовы, я спазнаў і не зычыў бы спазнаць таго нават самаму лютаму злыдню...
   Міналі гады, залечваліся раны вайны. Я пераходзіў з класа ў клас, кругагляд мой пашыраўся. А разам з тым расла і цяга да ўсяго роднага, асабліва слова. Расла цяга да тых скарбаў, дзе яно, гэтае слова, зіхацела і пералівалася ўсімі сваімі адценнямі, фарбамі, гукамі – да літаратуры...
(306 слоў)

Паводле Б. Сачанкі

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыРоднае слова

ІншаеСлова пра паход Ігаравы

ССлова

Пераказы, дыктантыХто ж аўтар «Слова пра паход Ігаравы»?

Рыгор КрушынаРыгор Крушына - Слова