Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хахуля

   Гэты дзівосны звярок, які ацалеў да сённяшніх дзён з далёкай геалагічнай эпохі, сустракаецца толькі у Расіі, у басейнах рэк Волгі, Дона, Урала, і то не ўсюды. Ёсць звесткі, што калісьці ён вадзіўся і ў нас на Беларусі. Самыя блізкія яго суседзі – рыбы. А яшчэ выдра і бабёр, бо хахуля – таксама вадзяны жыхар. Каб добра плаваць, на задніх лапах у яе паміж пальцамі ёсць скураныя перапонкі. Ну, а надзейным рулём служыць доўгі моцны хвост. Цікава і тое, што пыска хахулі выцягнута ў зграбны сімпатычны хабаток. Апранута яна ў густы пушысты кажушок, які не прамакае і добра засцерагае ад любога холаду.
   У XIX і ў пачатку XX стагоддзя прыгожая іскрыстая шкурка звярка карысталася вялікім поспехам у модніц, таму яго амаль паўсюдна знішчылі. Потым сябры прыроды спахапіліся, пачалі ахоўваць і рассяляць хахулю. Галоўным чынам, у запаведніках, дзе засталіся некранутыя гаспадарчай дзейнасцю ціхія азёры, старыцы-рукавы колішніх рэчышчаў, зарослыя гарлачыкамі і лілеямі, аерам і чаротам. «Дзе карась, там і хахуля», – сцвярджалі ў даўніну знаўцы. Праўда, звярок – не надта ўдалы рыбалоў. З імклівай выдрай, здатнай упаляваць і плотку, і шчупака, яму не зраўняцца. Вясною або летам хахуля звычайна спажывае п’явак, апалонікаў, дажджавых чарвякоў, іншую драбязу. З надыходам зімы, калі жыццё замірае, звычайна падмацоўваецца карэньчыкамі раслін, багатымі спажыўным крухмалам. Часам пад тоўстым ледзяным панцырам ад недахопу паветра прападае шмат рыбы, тады «меню» адразу выглядае больш разнастайным... Дарэчы, за адны суткі, як сцвярджаюць навукоўцы, звярок з’ядае столькі, колькі важыць сам. Пагадзіцеся – неблагі апетыт!
   Жывуць хахулі ў падземнай хатцы, выкапанай у беразе, там жа выводзяць і сваіх маленькіх дзіцянят. Лаз да жытла знаходзіцца пад вадою. У летнюю засуху, калі затока робіцца плыткай, а то і зусім перасыхае, звяркоў падсцерагае небяспека. На сушы яны зусім бездапаможныя, становяцца лёгкаю здабычаю нават для драпежных птушак. А ў веснавую паводку іхнія хаткі затапляюцца, і хахулі ратуюцца на высокім беразе. Так яны абжываюць новыя мясціны, хоць нярэдка гінуць у вымушаных вандроўках.
   Нават не кожнаму зацятаму рыбаку шанцуе сустрэць асцярожную хахулю. У пошуку спажывы яна звычайна актыўная на світанні ці вечаровымі прыцемкамі. I хоць зрок у жывёлінкі слабы, затое слых і нюх выдатныя найперш дзякуючы хабатку. Перад тым як падняцца на паверхню, звярок непрыкметна высоўвае яго з вады, паварочвае то ў адзін, то ў другі бок, прынюхваецца і прыслухоўваецца да наваколля. Адчуўшы штосьці падазронае, надоўга затойваецца пад расліннасцю або ўмомант хаваецца зноў на дно.
   Паводле энцыклапедычных дадзеных, двойчы, у 1955 і 1959 гадах, хахулю прывозілі ў нашу краіну і рассялялі ў басейне ракі Сож. Навасёл спачатку няблага прыжыўся, пра што паведамлялася ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. А затым пра хахулю наогул усе забыліся, і ў асвоеных мясцінах яна чамусьці звялася. Апошні раз звярка нібыта бачылі ў 1982 годзе на рацэ Пціч – левым прытоку Прыпяці.
   Бяднее наша беларуская прырода. А значыць, бяднеем і мы, дарослыя і дзеці, усе грамадзяне Беларусі.
   Хто ў тым вінаваты?
   Няхай на гэтае пытанне кожны адкажа сабе сам.
(466 слоў)

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыХахуля (Паводле В. Вольскага)