Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У першы дзень

   Такі ўжо чалавек Сямён – калі адчуў раптам незадаволенасць сабой, калі нават самае маленькае сумненне закралася ў душу наконт сябе і свайго месца ў жыцці, значыць – сігнал небяспекі, нешта не тое, нешта не так. I тут варта сур’ёзна разабрацца, не панікаваць, а разабрацца ў сваіх справах: хай і на заводзе, але не ў студыйнай мітусні, дзе адчуваў сябе нярэдка да зневажальнага лішнім. Толькі б не схібіць, не здрэйфіць за такарным станком... Каб ні ад каго не чуць дакору, каб ніхто не кідаў насмешлівых позіркаў у яго бок.
   На прыпынку непрыкметна сабраліся людзі. I Сямён дакладна ведаў ужо, што большасць іх спяшаецца туды ж, куды і ён – на свой завод. Усяго некалькі дзён назад ён пазнаёміўся тут з адным старым. Папыхкаўшы цыгарэтай, стары коратка спытаў:
   – На завод?
   – На машынабудаўнічы... Першы рабочы дзень... Магчыма, яны так бы і разышліся, калі б не гэтая нечаканая Сямёнава адкрытасць.
   – Упершыню, кажаш? Новенькі? Ого!
   Стары прыкметна пажвавеў, пачаў цікавіцца, распытваць. I ўжо ўсю дарогу, уладкаваўшыся побач у аўтобусе, яны размаўлялі... Дакладней, гаварыў больш Сямён. Даўно не хапала яму спагадлівага субяседніка. Асабліва цешыла, што стары не проста чалавек у гадах, а майстар з суседняга механічнага і ведае ўсе станкі назубок. Сямён не мог стрымацца, каб не выкарыстаць зручны момант: папрасіў пазычыць які-небудзь дапаможнік па такарнай справе. I стары ў знак згоды кіўнуў галавой.
   Стары майстар не супакойваў Сямёна. Праца на заводзе не з лёгкіх, асабліва для таго, хто паспытаў іншага хлеба... Ды, зрэшты, авалодаць любой спецыяльнасцю не цяжка, калі за плячамі ўсяго дваццаць пяць, як у Сямёна. А непрыемнасці... У каго ж іх у жыцці не бывае? Толькі вось пытанне: ці варта доўга пра іх памятаць?
   Стары неяк асабліва мякка і зычліва пазіраў на Сямёна. Яны выйшлі з аўтобуса, крочылі да прахадной. Насустрач ім неслася з дынаміка песня. Яе Сямён чуў і раней, ды не звяртаў увагі на словы. А тут майстар раптам спыніўся, моўчкі крануў яго за плячо і шматзначна кіўнуў на дынамік: паслухай! I гэтая песня чамусьці адразу ўсхвалявала Сямёна. Прыемны тэнар спяваў пра тое, што сум – дарэмны і ён абавязкова знікне, калі будзеш адчуваць і любіць, як у апошні раз...
   Як у апошні раз... Нечакана за лёгкай мелодыяй і простымі словамі Сямёну прыадкрыўся такі вялікі сэнс, што ён нават унутрана скалануўся. Сапраўды, колькі людзі беззваротна губляюць у штодзённай мітусні бясконца дарагога, да чаго прывыклі і да чаго неразумна абыякавы: і зеляніна дрэў іх не кранае, і блакіт неба, і вясновае паветра... Але ж толькі на хвіліну, на нейкае імгненне ўяві, што і пах зямлі, і шурпатая кара дрэва, і вочы маці, з якіх струменіць непаўторная пяшчота, усё, усё, значнае і нязначнае, вось-вось знікне для цябе назаўсёды, толькі паспрабуй уявіць – і балюча, ой, як балюча, сціснецца сэрца ад журбы і горычы! I добра, калі шчымлівую журбу заменіць упэўненая радасць: не, не ў апошні, яшчэ многа-многа разоў блакітны ранак абдыме цябе, сонечныя дні сагрэюць і суцешаць, і ціхі змрок прапяе твае песні. Толькі не абдзялі сябе гэтым шчасцем, не дай засланіць дробнаму і нікчэмнаму цудоўны свет, прагна, да самазабыцця дыхай пахам роднай зямлі – так дыхай, каб п’янеў, каб кроў яшчэ мацней стукала ў жылах: не ў апошні, не ў апошні раз...
(518 слоў)
   
Паводле Я. Каршукова.