Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У бабровым царстве

   Такога зацяжнога дажджу не было за ўсе дні майго адпачынку, які я праводзіў на лясной рэчцы Усвіцы. Яшчэ ўчора пасля навальніцы неба нібы расчынілася, на зямлю паліліся густыя струмені ліўня. Схаваўшыся ў палатцы, з трывогай назіраў, як выходзіла з берагоў рака. Хутка нават кустоўе вярбы, што служыла схованкай на рыбалцы, апынулася ў вадзе. Я перанёс сваю палатку на пагорачак, і перад вачыма паўстала нярадаснае відовішча. Па рацэ плылі сарваныя з берагоў дрэвы, стажкі свежага сена. Вада размыла бабровую плаціну. Бурная паводка пагражала затапіць схаваныя за ёю хаткі звяркоў.
   Стыхія бушавала некалькі дзён. Калі лівень спыніўся, я заўважыў каля прарванай плаціны незвычайны рух. Нейкі спрытны падводнік падхопліваў дрэвы, што плылі па рацэ, і ўпарта накіроўваў іх да разбуранай плаціны. Я пачаў уважліва назіраць. З вады зрэдку паказваліся невялікая грушападобная галоўка і бурая спіна незнаёмца. У абдымках звярка заўважыў ладны абрубак дрэва, якім ён імкнуўся загарадзіць плаціну. «Дык гэта ж бабёр!» – прамільгнула радасная здагадка.
   Раней пабачыць жывога бабра, загадкавага жыхара тутэйшай ракі, не даводзілася. Звярок вельмі асцярожны і на вочы амаль не трапляўся. Відаць, надзвычайныя абставіны прымусілі баброў забыцца на небяспеку і ўзяцца за рамонтныя работы не ноччу, як звычайна, а сярод белага дня.
   Займальна было назіраць за выратавальнай аперацыяй. Дзейнічаў цэлы канвеер. На супрацьлеглым беразе Усвіцы захаваліся кусты асінніку. Бабры падплывалі да іх, працавалі вострымі зубамі. Дрэва таўшчынёй з добры тэлефонны слуп валілася ў ваду. Меншыя звяркі перагрызалі яго на часткі, падхоплівалі пярэднімі лапкамі і хуценька плылі да плаціны. Ніхто не мітусіўся, кожны рабіў сваю справу. Будаўнічы матэрыял прымаў спрытны звер і акуратна ўкладваў на плаціну. Гэта, мусіць, была маці. Тоўсты бабёр наглядаў за работай. Калі плаціну адрамантавалі, важак праплыў уздоўж, уважліва абмацаў кожны ўчастак, пераканаўся, што збудаванне трывалае, надзейнае, зрабіў развітальны круг і даў нырца.
   Я ўжо кіраваўся да палаткі, як ля самых ног каля берага мільгануў у вадзе цёмны цень. Бабёр! Наткнуўся на вывернуты корань аеру і спыніўся. Відаць, надумаў падсілкавацца пасля напружанай працы. Цяпер я мог разгледзець бабра. У яго было доўгае, да метра, тулава, пярэднія ўчэпістыя лапкі з вострымі кіпцюрамі, а заднія, больш масіўныя, доўгія, з перапонкамі на пальцах. Адным словам, сапраўдны аквалангіст.
   Вечарам на мой астравок завітаў егер. Я з захапленнем расказаў яму пра выратаванне плаціны бабрамі. Той ніколькі не здзівіўся, а толькі заўважыў:
   – Яны і Усвіцу выратавалі.
   – Як выратавалі?! Ад каго?
   – Ад меліяратараў, – адказаў егер.
   Аказваецца, прыйшлі «пераўтваральнікі» прыроды, высеклі пералескі, высушылі тарфянікі, балоты. I зачахла Усвіца. Была паўнаводнай ракой – зрабілася маленькім ручайком. Усё навокал пачало высыхаць. Не было дзе прытуліцца зверу, птушцы. У акрузе засталіся толькі вёскі з назвамі Баброва, Бабры, Бабровічы ды прозвішчы Бабровы, Бабровічы, Баброўскія. Гэтыя назвы – знак таго, што мясцовыя жыхары на працягу стагоддзяў мелі справу з бабрамі.
   Бабры адступалі перад грознымі меліяратарамі аж да вярхоўя Усвіцы, а потым раптам заўпарціліся. Некалькі сезонаў меліяратары чысцілі канавы, каб спусціць ваду ў рэчку, а бабры не саступалі. Не паспее экскаватар адысці ад рэчкі, як бабёр пачынае ўзводзіць плаціну – трывалую аснову з вялікага бярвення і пяску. Адзін раз разбурылі зробленае бабрамі, другі раз. На трэці раз зразумелі, што бабры ратуюць сябе і рэчку. I людзі саступілі мудрасці баброў.
(507 слоў)

Паводле С. Паўлава.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНезвычайныя інжынеры

Пераказы, дыктантыРуплівыя гаспадары

Пераказы, дыктантыБабровая гаспадарка

Пераказы, дыктантыБабры

Пераказы, дыктантыВаяўнічыя бабры