Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Трэція пеўні

   Ці, можа, прысніў, ці, пэўна, здалося, ці то сапраўды, калі абуджаўся, улавіла вуха, як недзе далёка-далёка, быццам зусім не на гэтым свеце, праспяваў певень. Антон Дзям’янавіч узняў галаву, прыслухаўся, спадзяваўся: во-во паўторыцца кукарэканне. Не, пявун не азваўся. Відаць-такі, прытрызнілася, бо адкуль тут, у такім горадзе, сярод камяніц, узяцца яму?
   «Світае, бачна? – падумаў. – Гэта цяпер галосяць трэція пеўні, – прыгадалася. – Трэція – самыя дружныя».
   Стары ўстаў, рыпнуў дзвярыма, выйшаў на балкон.
   На сваім звычным месцы Антон Дзям’янавіч сядзеў і, не заплюшчваючы вачэй, драмаў. Апошнія чатыры гады, як пахаваў жонку і як забраў да сябе сын, ён ад самай вясны, ледзь дыхнула поўднем, бавіў час. Уладкоўваўся ямчэй, разглядваў прахожых, любаваўся зеляньвой ліп. Затым забываў пра ўсіх і пра ўсё, не заўважаў нічога. Яму бачылася зусім іншае. Перад вачыма ўзнікалі то неабсяжныя, пад небасхіл, загоны цёплай пахкай раллі, абойдзенай ім, брыгадзірам, абмеранай уздоўж і ўпоперак сажнем; то хвалістыя, зыбкія абшары шапатлівай спалавелай збажыны; то сярод такоў горы мядзянага зерня; то сляпуча-квяцістыя прырэчныя лугі; то туманныя, росныя лугі-выпасы. Прыгадваліся твары, постаці сялян, чуліся іх галасы, успаміналіся прыгаворкі, жарты. Сын прысеў побач.
   – Бяссонніца, гаворыш.
   – Зусім звёўся. Ускручуся ні свет ні зара і звіваюся. Ведаеш, паеду я, з’езджу ў вёску.
   – Да каго?
   – Думаеш, вас, дзяцей, расправіў, дык і блізкіх няма? Васіль, пляменнік, прыме. Суседзі, спадзяюся, не зачыняцца.
   – Пачакаў бы суботы. Катанём разам.
   – Не, зараз рушу!
   Ехаў «хуткім» – быў спакойны, быццам учора пакідаў па нейкай не вельмі важнай патрэбе вёску, а сёння вяртаўся дахаты, дзе чакалі звычныя справы. Не адступаў ад акна: глядзеў, угадваў мілыя воку мясціны, любаваўся палямі, позіркам праводзіў пералескі, лічыў станцыі.
   «Наступны мой раз’езд!» – заварушыўся ён і, ведаючы, што поезд толькі прыпыняецца, загадзя падаўся ў тамбур.
   Вёска тулілася ўскрай гонкага бярэзніку вярсты за дзве ад чыгункі. Яна раз усяго выбліснула і тут жа зноў схавалася за вершалінамі.
   Апроч Антона Дзям’янавіча высадзіліся двое хлапцоў.
   Стары прытрымаўся, зняў пінжак, склаў яго, ушчаміў між дужак сумкі. Закарцела прайсціся басанож. Ён разуўся, падкасаў штаніны, паціху пакрочыў.
   З-за павароту, з-за алешніку выглянула і закалывалася насустрач прыгорбленая постаць. Антон Дзям’янавіч засаромеўся свайго дзівацтва, памкнуўся ўссунуць паўбацінкі, але ўбачыў, што позна, што не ўправіцца, махнуў рукой: ат, падумаеш, раней цэлае лета свяцілі пяткамі, а зараз – непрыстойна.
   «Хто гэта? – заслязіліся вочы. – Здаецца, Кульган Аўдзей! Гэ-э, ён!»
   – Здароў, братка! – гукнуў крокаў за пяць.
   – Нягож не здароў! – азваўся Кульган. – Ног не чую. Не іду – танцую!
   Нідзе і ніколі Кульган не журыўся. Заўсёды сыпаў жарцікамі, гаварыў не столькі для ладу, колькі для складу.
   – Яно і бачна – хадок такоўскі: каня арэхавага прыпрог, – указаў Антон Дзям’янавіч на ляшчынавую Аўдзееву кульбу.
   – Калі б не кій, дык хоць ваўком вый! – без ценю маркоты пагадзіўся Кульган і падкалоў Антона Дзям’янавіча: – Затое ты маладзец! Разуўся. Асталося апратку скінуць і ні даць ні ўзяць – спартсмен!
   – Чаравікі, няхай іх, ціснуць. Новыя, не разношаныя. Ступіць няможна. – I перамяніў размову, папытаў пра жыццё, пра старую – Аўдзееву жонку.
   – Дзякуй богу, можамся, не сумуем, што галубкі ўдваіх буркуем, – зноў не схібіў Кульган.
   – Ну, а дзеці як?
   – Дзеці – у свеце. Пісьмы пішуць, да сябе клічуць.
   Яны пагаманілі яшчэ трохі, пакпілі адзін з другога і разышліся.
   Не зрабіў Антон Дзям’янавіч паўсотні крокаў – нагнаў старшынёўскі «газік».
   – Сядай, падвязу! – адчыніў дзверы круталобы Міранюк. Мітусліва стары абуўся, ступіў да машыны.
   – Пагасціць прыехаў ці зусім вярнуўся?
   – Час пакажа. Можа, і асяду.
(543 словы)