Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тры жаданні

   Звычайным марозным днём Оля вярнулася са школы. Пераапранулася, вымыла рукі, прайшла на кухню. Як жа яна здзівілася, калі ў цэнтры стала ўбачыла круглы акварыум, у якім плавала прыгожая залатая рыбка. Зусім забыўшыся на абед, дзяўчынка стала назіраць за ёй.
   Увечары мама расказала дачцэ, што ў іх на працы выпадкова разбілі вялікі акварыум і рыбак часова раздалі супрацоўнікам. Таму гэта рыбка некаторы час пажыве ў іх кватэры.
   Яшчэ зусім маленькай Оля любіла казку «Пра рыбака і рыбку». Нават калі падрасла, ёй здавалася: варта загадаць тры жаданні – і залатая рыбка іх абавязкова выканае. І ў дзяўчынкі з’явілася магчымасць гэта праверыць! Спачатку Оля папрасіла выдатных адзнак, затым – новы веласіпед з цацкамі, а потым – каб заўсёды было лета.
   Доўга Оля глядзела праз марознае акно, чакаючы летняй цеплыні. Але на зямлю падалі сняжынкі, пакрываючы яе белай коўдрай. Дзяўчынка незадаволена паглядзела на рыбку і, надзьмуўшыся, пайшла ў пакой. Ды і там не аказалася ні новага веласіпеда, ні цацак. Тады яна прыбегла да мамы і, тупаючы нагамі, пачала скардзіцца на залатую рыбку.
   Нічога не разумеючы, мама спрабавала даведацца, што ж усё-такі здарылася. І толькі потым разабралася і супакоіла дачку:
   – Веласіпед і цацкі – справа нажыўная. Добрыя адзнакі можна зарабіць, калі сумленна вучыцца. А лета круглы год – гэта ж так нудна. Няўжо могуць быць Каляды без снегавіка і санак?
   Пасля размовы з мамай Оля папрасіла ў рыбкі прабачэння. І пайшла рабіць урокі. Калі дамашняе заданне было выканана, дзяўчынка пабегла на вуліцу ляпіць снегавіка і гуляць у снежкі.
   Мінула зіма, наступіла вясна, а потым і лета. За тое, што Оля скончыла навучальны год на выдатна, бацькі купілі ёй новы веласіпед. Катаючыся па двары, дзяўчынка з сумам думала, што дзесьці ў далёкай і гарачай Афрыцы маленькія дзеці так ніколі і не даведаюцца, як жа гэта цудоўна – ляпіць снегавіка і куляцца ў снезе.
(293 словы)

 

Похожие статьи:

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Рыбка

Пераказы, дыктантыВосьмы клас

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Залатая рыбка