Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сляды каменнай гісторыі

   На тэрыторыі Беларусі вялікая колькасць камянёў. Гэта характэрны і непаўторны элемент нашага ландшафту, сведкі ледавіковых працэсаў, а таксама помнікі гісторыі і культуры. Камяні заўсёды фарміравалі духоўны свет беларусаў, з імі звязаны легенды і паданні. Больш за тры сотні валуноў абвешчана помнікамі прыроды, і толькі нязначная іх колькасць абвешчана помнікамі гісторыі і культуры.
   Сакральных камянёў налічана больш за паўтысячы. Адна з найцікавейшых разнавіднасцей культавых валуноў – камяні-следавікі, а асаблівасцю такіх камянёў з’яўляюцца адбіткі слядоў на іх паверхні ў выглядзе чалавечага або звярынага следу. Выемкі на камянях падзяляюцца на штучныя і прыродныя, якія па сваёй форме сапраўды нагадваюць след пэўнай істоты.
   Уласцівасць камянёў-следавікоў збіраць і доўга захоўваць дажджавую ваду заўважана даўно. У сухое і спякотнае надвор’е выбіты след заўсёды вільготны. Вада са слядкоў паўсюдна лічыцца гаючай і святой, з ёй звязана мноства легенд.
   На тэрыторыі Беларусі камянёў са слядкамі налічылі ўжо больш за сотню, у асноўным яны маюць невялікія памеры. Найчасцей на камені месціцца адзін слядок, але зрэдку сустракаюцца і два, і тры.
   У старажытнай традыцыі нашага народа існаваў звычай рабіць памінальныя кладкі з выразанымі на іх слядкамі нябожчыка і класці іх у балоцістыя мясціны. Душа пасля смерці, паводле дахрысціянскіх вераванняў, доўга блукае па свеце ў пошуках дарогі ў іншасвет, кладкі ж павінны дапамагчы ёй у такой сітуацыі. Загадкавыя валуны са слядкамі звычайна знаходзяцца ў нізінных і балоцістых мясцінах Беларусі, побач з крыніцай ці ручаём. Магчыма, яны былі сведкамі далёкіх і таямнічых памінальных абрадаў нашых продкаў.
   З пашырэннем хрысціянства многія следавікі сталі аб’ектамі пакланення, а слядкі на камянях атаясамліваліся са слядамі Хрыста і хрысціянскіх святых.
(255 слоў)

(Паводле Л. Дучыц, І. Клімковіч)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКаштоўныя камяні

Пераказы, дыктантыСведкі мінуўшчыны

Пераказы, дыктантыНашы камяні