Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сачыненне

Варыянт 1 (329 слоў)

   Учарашні вучань, а цяпер навучэнец палітэхнікума Валодзя Вяргейчык сядзеў за партай і глядзеў на доўгія рады лічбаў, іксоў, ігрэкаў, якія старанна выпісваў на дошцы выкладчык матэматыкі.
   «Як гэта людзі могуць захапляцца сухімі бяздушнымі лічбамі?» – здзіўляўся Вяргейчык.
   Амаль увесь урок у яго было адчуванне, што выкладчык стараецца даказаць ім, што ўмець абыходзіцца з лічбамі – найвялікшая асалода.
   Так Вяргейчык прасядзеў да канца ўрока, разам са званком сарваўся з месца і выскачыў на калідор. Ён спусціўся ўніз і выйшаў на двор.
   – Здароў! – нехта крануў Вяргейчыка за рукаў.
   Гэта быў невысокі белабрысы юнак, які вучыўся ў другой групе. Прозвішча яго было Жменька. Вяргейчык моцна паціснуў руку земляка і ўздыхнуў:
   – Фізіка ў вас?
   Жменька кіўнуў галавой. Прыжмурыўшы вочы, ён паглядзеў на таполі, а потым прыслухаўся да гулу на шашы.
   – Грыбоў зараз поўны лес, – ажывіўся ён раптам. – Я іх так спрытна бяру – каб хто толькі ведаў.
   Вяргейчык не паспеў адказаць, бо празвінеў званок, трэба было спяшацца.
   Калі хлопец прыбег у аўдыторыю, яго чакала прыемная навіна: замест урока матэматыкі будзе літаратура.
   – Здорава як! – ляпнуў узрадаваны Вяргейчык па плячы свайго суседа па парце, Смолера.
   Ён недагаварыў, бо ў аўдыторыю ўвайшла выкладчыца літаратуры Клара Іванаўна.
   – Добры дзень, сядайце, – павіталася ціхім голасам настаўніца. Клара Іванаўна села за стол і прамовіла:
   – Дзяжурны, раздайце, калі ласка.
   Яна падсунула на край стала стос сшыткаў, разгарнула журнал і схілілася над ім.
   Дзяжурны быў якраз Смолер. Калі ён разнёс сачыненні па партах і разгарнуў сваё, твар яго спахмурнеў. Ён штурхнуў Вяргейчыка локцем у бок:
   – Глядзі!
   У сшытку стаяла двойка, а ўнізе было напісана: «Спісана!»
   – Усё, праляцела стыпендыя, – падвёў ён вынік. – Давай лепш тваё паглядзім, прашаптаў ён ужо зусім спакойна Вяргейчыку.
   Але Вяргейчык не спяшаўся і толькі пагладжваў пальцамі па вокладцы сшытка, адчуваючы хваляванне.
   – Давай, не бойся, – падбадзёрыў Смолер.
   Вяргейчык хутка разгарнуў сшытак і ўбачыў пад роўнымі радкамі свайго сачынення якраз гэтакі, як у Смолера, подпіс і адзнаку адзінку. У ім варухнулася нядобрае адчуванне, што не толькі стыпендыю ён можа страціць. Галоўнае, што ён так і не зможа нікому даказаць, што пісаў сам.

 


 

Варыянт 2 (535 слоў)

   Учарашні вучань, а цяпер навучэнец палітэхнікума Валодзя Вяргейчык сядзеў за партай і, для выгляду наморшчыўшы лоб, глядзеў на доўгія рады лічбаў, іксоў, ігрэкаў, якія, старанна стукаючы крэйдай, выпісваў на дошцы выкладчык матэматыкі.
   «I як гэта людзі могуць захапляцца сухімі бяздушнымі лічбамі? – здзіўляўся Вяргейчык. – Канечне, лічбы патрэбны, але ж, зноў-такі, толькі тым, каму падабаецца з імі важдацца...»
   Амаль увесь урок у Вяргейчыка было адчуванне, што выкладчык проста знарок, жартам стараецца даказаць ім, быццам уменне абыходзіцца з лічбамі так і гэтак – найвялікшая асалода. Вяргейчык крадком пачаў паглядваць у акно, і ўсмешка раз-пораз прабягала па яго твары. Так Валодзя прасядзеў да канца ўрока, разам са званком сарваўся з месца і першы выскачыў на калідор. Ён спусціўся ўніз і выйшаў на двор, жмурачыся ад ранішняга вераснёўскага сонца.
   Цёплая залатая восень! Вяргейчык засмяяўся і заплюшчыў вочы – на міг здалося, што ён не ў тэхнікуме, а зноў у сваёй драўлянай школе, выйшаў на ганак і дыхае, не можа надыхацца роднымі, блізкімі з дзяцінства пахамі восені. Поўнасцю забыцца перашкаджаў хіба што роўны гул машын з шашы.
   – Здароў! – нехта крануў Вяргейчыка за рукаў.
   Гэта быў невысокі белабрысы юнак, які вучыўся ў другой групе, а родам быў з суседняй вёскі. Прозвішча яго было Жменька. Вяргейчык моцна паціснуў руку земляка і ўздыхнуў:
   – Фізіка ў вас?
   Жменька таксама ўздыхнуў і кіўнуў галавой. Прыжмурыўшы вочы, ён паглядзеў перш на таполі, а потым прыслухаўся да гулу на шашы.
   – Грыбоў зараз поўны лес, – ажывіўся ён раптам. – Я іх так спрытна бяру – каб хто толькі ведаў.
   Вяргейчык не паспеў адказаць, бо празвінеў званок, трэба было спяшацца.
   Калі задыханы хлопец прыбег у аўдыторыю, яго чакала прыемная навіна: другі ўрок матэматыкі адмяняецца, будзе літаратура. Ужо прыходзіла Клара Іванаўна і сказала, што раз ніхто не браў ні канспектаў, ні падручнікаў, будуць разбіраць сачыненне, якое пісалі на па-за тым уроку.
   – Здорава як! – ляпнуў узрадаваны Вяргейчык па плячы Смолера, свайго суседа па парце.
   Ён не дагаварыў, бо ў аўдыторыю хуткім энергічным крокам увайшла выкладчыца літаратуры Клара Іванаўна. Яна спынілася пасярод аўдыторыі, цярпліва чакаючы, пакуль сціхне шум і ўсе падымуцца.
   – Добры дзень, сядайце, – павіталася ціхім, стомленым голасам. Прайшла да стала, але не села, толькі абаперлася аб яго рукой, другой асцярожна паправіла валасы і, застыўшы, пачала доўга, задуменна глядзець у акно. Пастаяўшы крыху, Клара Іванаўна села за стол і папрасіла дзяжурнага раздаць сшыткі.
   Яна падсунула на край стала стос сшыткаў, разгарнула журнал і схілілася над ім.
   Дзяжурны быў якраз Смолер. Калі ён разнёс сачыненні па партах і разгарнуў сваё, твар яго спахмурнеў. Ён штурхнуў Вяргейчыка локцем у бок. Як Смолер і баяўся, у сшытку стаяла двойка і ўнізе было напісана: «Спісана!»
   – Усё, праляцела стыпендыя, – шэптам падвёў ён вынік. – Давай лепш тваё паглядзім, – прашаптаў ён ужо зусім спакойна Вяргейчыку.
   Але Вяргейчык не спяшаўся і толькі пагладжваў пальцамі па вокладцы сшытка, адчуваючы, незразумела чаму, хваляванне.
   – Давай, не бойся, літаратар, – падбадзёрыў Смолер.
   Вяргейчык хутка разгарнуў сшытак і спачатку нават не вельмі здзівіўся, калі ўбачыў пад роўнымі радкамі свайго сачынення якраз гэткі, як у Смолера, подпіс і адзнаку – адзінку. У ім варухнулася невыразнае адчуванне, што не толькі стыпендыю ён можа страціць (гэта ён бы перажыў), але што так і не зможа ніколі і нікому даказаць, што пісаў ён сам. Павінна ж быць справядлівасць на свеце.
   Прагучаў званок. Загрукалі дзверы, і праз хвіліну калідор запоўніўся шумам, тупатам ног, смехам і галасамі.

Паводле А. Федарэнкі

 

Похожие статьи:

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Бляха

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Пеля

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Шчарбаты талер

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Падслуханая казка

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Жаніх па перапісцы