Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ружы

   Яны жылі на ўскрайку горада. Жылі ў горадзе, а вялі вясковы лад жыцця – мелі соткі, сад, палілі ў печы. Соткі раздзяляў невысокі плот, хаця між імі ніколі спрэчак не было. Сусед, Мікіта Бабыроў, быў у вайну артылерыстам, да Берліна дайшоў, а Аленцій Гусакоў партызаніў – ваяваў у палескіх лясах. Па зроку яго ў армію не ўзялі.
   Кожны, хто праходзіў паўз іх агароды, міжволі спыняўся, сам таго не заўважаючы, і глядзеў, не адводзячы позірку, за частакол, на кветкі... Вабілі сваім непаўторным пахам і прыгажосцю цюльпаны, півоні, вяргіні, хрызантэмы, гладыёлусы. Але самым вялікім багаццем суседзяў былі ружы. Яны былі розных гатункаў – жоўтыя, чырвоныя, нават чорныя.
   Мікіта характарам быў памяркоўны, ціхі, ніколі не злаваўся, не павышаў голасу ні на жонку, ні на чужых. I голас у яго быў мяккі, даверлівы. У вачах свяціліся іскрынкі дабрыні, шчырасці.
   Аленцій – процілегласць Мікіце. Заўсёды яго нешта непакоіла, прымушала хвалявацца. Па характары быў ён скрытны, ашчадлівы. Дарма не патраціць капейчыну. Нават дзецям, якія вывучыліся, даваў рэдка і скупа. Лічыў, што няхай самі зарабляюць. I скнарным назваць яго нельга – дзяліўся, калі прасілі, хаця і балела душа.
   – Як жыццё, сусед? – павітаўшыся ранічкай, звычайна першы пытаўся Аленцій.
   – Нічога сабе, дзякую, – весела адказваў Мікіта. – Ды ўсяк бывае, хай на яго. Здароўе не маладое.
   – I не кажы, здароўечка нашае там засталося, на вайне. Хай яна спрахне...
   Суседзі лічыліся лепшымі аматарамі-кветкаводамі ў горадзе. А ружа «Наташа», якую вывеў Мікіта, не мела сабе роўных ва ўсёй акрузе. Аленцій не хацеў адставаць ад Мікіты, з усіх сіл стараўся вырасціць і свой, яшчэ лепшы гатунак, але ў яго чамусьці з гэтага нічога не выходзіла...
   Мікіта з Наталляй пазнаёміліся перад самай вайной. Ён вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме, яна – на курсах медсясцёр. Запала ў сэрца дзяўчына з першай сустрэчы, і запомнілася яму на ўсё жыццё – чырвоная сукенка і блакітныя вочы, як неба над іх Тросніцай. У дзень нараджэння Мікіта вечарам прынёс да яе ў пакойчык вялікі абярэмак чырвоных руж.
   – Столькі грошай патраціў, – здзівілася дзяўчына і пачырванела, як тыя ружы.
   – Я не купляў іх, бо лічу, што грошы і кветкі – рэчы несумяшчальныя, процілеглыя адна адной. Я іх нарэзаў у бацькоўскім агародзе...
   – Праўда? – радасцю засвяціліся вочы, яна зашаптала: – Твае кветкі – першыя ў маім жыцці...
   Пасля пераможных салютаў Мікіта разам з землякамі вяртаўся з Берліна дадому. Нецярпліва чакаў сустрэчы з роднымі. Прагна ўглядаўся, як і ўсе, у твары людзей, шукаў знаёмых, блізкіх і не знаходзіў.
   – Мікіта! – пачуў ён побач знаёмы пяшчотны голас.
   Ён вачам не верыў: насустрач бегла Наталля. А ў руках кветкі, шмат кветак. Яна кінулася яму на грудзі і, радасная, плакала, доўга не выпускала з абдымкаў.
   – Як ты даведалася, што я прыеду? – радасна і ўсхвалявана пытаецца ён.
   – Я кожны дзень прыходжу сюды, даўно чакаю.
   – Я абяцаю вырасціць ружу – адзіную ва ўсім свеце – чырвоную, у якой кончыкі пялёсткаў будуць блакітныя, як твае вочы. Я назаву гэты гатунак тваім імем – «Наташа». Добра?
   – Я памагу табе, – адказвае дзяўчына, і ў яе вачах успыхвае шчаслівая радасць.
(471 слова)

Паводле А. Бароўскага.