Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прысуд

   За акном пачыналася навальніца, і Максім раптам убачыў, як ішла да яго маці. Яна падыходзіла да яго, усміхаючыся, з аплеценымі стужкамі, як у маладой на беларускім вяселлі, валасамі, у вышыванай кашулі, з ручніком цераз плячо, але твар у яе быў белы, змярцвелы, а наўкол дрыжэлі кволыя агеньчыкі свечак, і дзве з іх дагаралі хутчэй за іншыя: яе, матчыны, і ягоныя... Ён зноў засланіў твар рукамі.
   – Максім, табе нельга так многа чытаць, – строга казаў, увайшоўшы ў пакой, бацька.
   Максім упарта круціў галавою і ўсміхаўся.
   – Можна, тата. Я знаю: можна. Маці клікала яго да сябе. Маці-краіна.
   I ён з усіх сваіх слабых сіл цягнуўся насустрач – да роднай зямлі.
   Максім падышоў да бацькі.
   – Тата, у гэтым годзе я заканчваю гімназію.
   – Добра, што ты думаеш пра гэта, – адказаў бацька, падымаючы галаву ад стала.
   Прафесару Шахматаву патрэбны вучань, які мог бы ў далейшым весці ў Пецярбургскім універсітэце даследаванні па беларусазнаўстве. Ён звярнуўся ў «Нашу ніву». Газета рэкамендавала мяне.
   – Вось як? – Адам Ягоравіч зазірнуў Максіму ў вочы і, склаўшы рукі за спінаю, стаў хадзіць па пакоі. – Гэта вельмі добра: значыцца, цябе шануюць.
   Максім сумна ўсміхнуўся: вось яна, вышэйшая бацькава адзнака...
   – Але бачыш, Максім... – спыніўся раптам бацька, шукаючы словы. – Ты і сам, зрэшты, павінен гэта добра разумець: тваё здароўе... Я думаю, што пецярбургскі клімат будзе табе вельмі шкодны: вечныя дажджы, сырасць, блізкасць балот... I потым, гэтыя сталоўкі... Да таго ж я выдатна ведаю цябе: ты не знойдзеш часу і ў сталоўку забегчы. Не, Максім, я рашуча не магу згадзіцца з тым, каб ты жыў там. Гэта па-першае.
   Па-другое, – кінуў Адам Ягоравіч позірк на сына, – у наступным годзе гімназію заканчвае Лёва, твой брат.
   Цяпер Максім ведаў усё наперад, болей можна было не гаварыць.
   Бацька з усё той жа бездакорнай логікай абгрунтоўваў сваё рашэнне, зноў казаў штосьці пра нездаровы пецярбургскі клімат, пра дрэнныя абеды ў танных сталоўках і шкоду сухамяткі, але Максім нічога ўжо не чуў. Гэта быў прысуд.
   – Я думаю, – скончыў Адам Ягоравіч, пільна гледзячы сыну ў вочы, – табе будзе лепш за ўсё паступіць у наш Яраслаўскі юрыдычны ліцэй і забяспечыць сабе тым самым прыстойную адукацыю і далейшае становішча ў жыцці.
   I хоць Максім і любіў спрачацца, нястрымна адстойваючы свае погляды, выйшаў ён моўчкі: бацьку ў сям’і не пярэчылі. Да таго ж ён ведаў, які будзе адказ, калі яшчэ збіраўся ўвайсці ў кабінет. Ён толькі цьмяна на штосьці спадзяваўся.
   Але гэта быў прысуд.
   Усе мары, якія ён патаемна песціў, малюючы сабе ва ўяўленні далёкі Пецярбург з бурлівым жыццём у гуртках студэнтаў-беларусаў, універсітэт са знакамітым прафесарам Шахматавым, вучнем якога ён мог бы стаць неўзабаве, – усё гэта было разбурана.
(421 слова)

Паводле А. Асташонка.

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Вадзянік

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Маёвая песня

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Страцім-лебедзь

Максім БагдановічТворчасць Максіма Багдановіча

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча