Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Праца душы

   Ёсць на свеце рэчы, якія існуюць у вялікім часе і заяўляюць пра сябе не адразу. Але калі ўжо заяўляюць, то перавырашаць што-небудзь позна. Гаворка ідзе пра беларускую ментальнасць – найвышэйшую каштоўнасць грамадскай свядомасці. Яе глыбіннае ўздзеянне на падзеі доўгатэрміновае, але надзвычай грунтоўнае. А выразнікамі з’яўляюцца пісьменнікі, мастакі, музыкі – творчыя людзі, прарочая сіла якіх, арыентаваная не столькі на адлюстраванне сучаснасці, колькі на спасціжэнне будучыні, не раз наглядна дэманстравала свае магчымасці.
   Іван Мележ не дажыў да часу, калі паняцце менталітэту ўвайшло ва ўжытак, і карыстаўся звыклымі «народ», «нацыянальны характар», «беларуская душа». Аднак народатворчую функцыю мастацкай літаратуры ён ацэньваў як найвышэйшае ў сваёй дзейнасці. Больш таго, палемічна абвострана настойваў на сваім, што ўвогуле было яму ўласціва, звяртаўся да думак нашых вялікіх папярэднікаў, мастацкае слова якіх высока ацэньваў. А сярод апошніх былі Кузьма Чорны, якому ён усё жыццё быў удзячны за благаславенне ў вялікую літаратуру (нездарма прысвяціў яму адно са сваіх найлепшых апавяданняў «У завіруху»), Аляксандр Фадзееў, які не пашкадаваў часу, каб уважліва, з алоўкам азнаёміцца з рукапісам яго рамана «Мінскі напрамак» і падказаць тады маладому аўтару, дзе яго сіла, а дзе слабасць, Іван Тургенеў, Мікалай Някрасаў, Адам Кіркор, Эліза Ажэшка, Аляксандр Купрын, Якуб Колас, Міхась Зарэцкі. Усе, хто кінуў хоць калі зацікаўлены позірк на Палессе і палешукоў.
   Перад усімі імі, не менш, чым сам, а то і больш таленавітымі, Мележ меў адну перавагу: ён глядзеў на сваё Палессе не здалёк і збоку, а зблізку, вачамі закаханымі і менавіта таму такімі відушчымі. Ён часта меў на ўвазе не толькі сённяшняе, але і магчымае, нязменна пераводзіў размову з апісання на роздум аб лёсе дарагіх яму палешукоў. Убачаныя рэаліі вайны, факты штодзённага франтавога жыцця і падрабязнасці жыцця ў тыле, партрэты знаёмых, сяброў, каханых, яскравыя замалёўкі прыроды, дасціпныя дыялогі, цікавыя слоўцы, асобныя выразы, нечаканыя параўнанні, а то і цэлыя сцэны, эпізоды, анекдоты, рэплікі, лічбы – усё гэта ёсць у дзённіках, запісных кніжках, накідах Мележа. Мала што з ранніх запісаў было выкарыстана пазней пісьменнікам, які адзначаў: «Цяпер я разумею, чаму так хацелася запісаць усё. Гэта была патрэба жыцця...» Менавіта праца душы, пасланай у свет, каб усё пазнаць і апрабаваць, а калі пашанцуе, то і назваць многае сваімі імёнамі, адлюстравалася ў мележаўскіх запісах, якія ён рабіў час ад часу, звычайна паміж напісаннем вялікіх твораў.
   «Я шырока бачыў поле, па якім ішоў, – натхнёна сцвярджаў празаік, – адчуваў у ім сябе і работнікам, і гаспадаром. Але, што асабліва важна, поле гэтае я не толькі ведаў, я любіў яго. Таму што поле, па якім я ішоў, было маё поле. Гэта было жыццё блізкіх мне людзей і маё жыццё. Я пісаў пра іх і адначасова пра сябе...» У «палескіх» раманах Мележа ўражвае вось гэта – шырыня погляду на жыццё, людское шматгалоссе, багацце праяў чалавечай натуры, бясконцасць руху.
   Вялікі час не плён адцягненага ўяўлення пісьменніка. Ён сам у ім жыў і жыве, як жыве і народ, які ў асобе свайго песняра ўзняўся на новую, вышэйшую ступень свайго гістарычнага развіцця.
(473 словы)

Паводле М. Тычыны.

Похожие статьи:

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Іван МележБеларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележВасіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"

Іван МележПалеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая

Іван МележІван Мележ - Здарэнне