Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Першыя «паласатыя»

   Эдзю было сем гадоў, калі на яго долю выпаў вялікі гонар. Барон і баранеса пасля доўгага роздуму і сумненняў адважыліся выбраць таварышам у гульнях свайму адзінаму сыночку менавіта яго, сына кладаўшчыка!
   Бацькі Эдзі, вядома, былі ўсцешаны такім гонарам, і абое наперабой пачалі вучыць, як трэба паводзіць сябе з маладым баронам. З усяго сказанага хлопчык запомніў толькі, што перад панічом павінен зняць шапку, што мае права гаварыць толькі «малады пан», што абавязаны выконваць усе яго загады, а сам загадваць не мае права. Не мае права ні сварыцца з ім, ні біць, ні штурхаць. I наогул, забарон назбіралася столькі, што Эдзя ўжо і не ведаў, а што яму можна.
   Першы дзень гульняў прайшоў даволі ўдала. Ужо праз паўгадзіны малы барон пачаў сыпаць Эдзю пяском у вочы, ударыў палкай па нагах. Часам жа барон забаўляўся тым, што цягаў Эдзю за валасы. Той памятаў наказ маці, што баранеса падаруе яму нейкі цудоўны падарунак, таму ён маўчаў, глытаў слёзы і цярпеў. Вечарам узнагародай за пакуты была тоненькая скібачка булкі з рук баранесы.
   Гэта была такая знявага, што Эдзя назаўтра не цярпеў крыўдаў ад паніча і даваў здачы. На шчасце, бароны ў гэты дзень адсутнічалі, і гэта Эдзю выратавала.
   На трэці дзень здарылася тое, што паклала раптоўны і трагічны канец сумесным гульням.
   Малады барон хацеў пайсці на сажалку. Эдзя ж, па словах маці, павінен быў выконваць усе яго жаданні, ды і сам ён не меў нічога супраць, таму прычыны пярэчыць барону ў яго не было.
   Акрамя таго, прагулка здавалася Эдзю зусім бяскрыўднай: вада ў сажалцы ледзь даставала да калена, усё ж астатняе – гразь, у якой плавалі тлустыя п’яўкі. Там ніхто не мог патануць. Дзеці прыслугі часта плавалі ў гэтай сажалцы на «караблі». Караблямі называліся старыя дзверы і накрыўка ад катла, якія некалі прыцягнулі на сажалку.
   Паніч і Эдзя хутка апынуліся на «караблях»: першы на дзвярах, а другі на накрыўцы ад катла. Паніч адразу пачаў біць палкай па вадзе, так што кашуля Эдзі хутка стала мокрай, хоць выкручвай. Затым ён падштурхнуў свой карабель да Эдзі і, раней чым той пра што-небудзь здагадаўся, збіў палкай яго шапку ў ваду, а пасля ўдарыў па галаве гэтак, што ў хлопчыка аж іскры з вачэй пасыпаліся. Люты, як паранены леў, Эдзя ўскочыў на карабель ворага. Памятае толькі, як цвёрдая аснова выслізнула ў іх з-пад ног, хвалі сышліся над галовамі, і на нейкае імгненне запанавала цішыня... Потым Эдзя ўбачыў, што ля яго ног нехта боўтаецца ў гразі. I як боўтаецца! Гэтак змагаецца толькі істота, якая трапіла ў смяротную небяспеку. I гэтай істотай быў паніч! Эдзя імгненна схапіў яго за галаву, сабраў усю сваю магутную сілу і пачаў цягнуць на бераг. Яго няшчасны вораг быў нямы як рыба. I не дзіва: рот яму забіла ліпкая ціна.
   Хутка паніч стаяў на беразе на сваіх уласных нагах. Але нагадваў ён хутчэй не паніча, а няшчаснае варанянё, якое пашкуматалі і выкачалі ў гразі сабакі. Яго адзенне нібы пабыло ў катле са смалой. Калі ж Эдзя ачысціў рот паніча ад ціны, той зароў, нібы трывожная параходная сірэна. Крык разнёсся па ўсім маёнтку, вярсты на тры наўкола.
   На крык збегліся ўсе насельнікі маёнтка. Малога паніча адразу ж панеслі ў гарачую ванну, адтуль у ложак пад цёплую коўдру, а фурман тым часам імчаў у горад па доктара. Эдзю ж, як загадаў стары барон бацьку, чакала суровае пакаранне.
   Дасюль хлопчыка карала толькі маці. У гэты раз ён трапіў у рукі да бацькі, і ў яго аж валасы на галаве заварушыліся ад адной толькі падрыхтоўкі. Прынеслі пук розгаў і ў доме адчынілі вокны, каб лямант далятаў да панскага вуха. Ад бацькі Эдзю тады дасталіся першыя «паласатыя» – штаны ў чырвоную палосачку!
(591 слова)

Паводле Э. Вільдэ.