Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лясны аматар мёду

   У казках мядзведзя вельмі часта паказваюць непаваротлівым гультаём, але на самай справе ён зусім не такі. Мядзведзь вельмі добра бегае (да 60 кіламетраў за гадзіну), умее плаваць, лазіць па дрэвах. А ў тым, што ён разумны, лёгка пераканацца, пабываўшы ў цырку. Мядзведжыя нумары, як правіла, адны з самых цікавых і запамінальных. Праўда, на арэну мядзведзь заўсёды выходзіць у намордніку, бо паводзіны яго не можа прадбачыць ніводзін самы вопытны дрэсіроўшчык: толькі што, здавалася, ён мухі не пакрыўдзіць, а то раптам робіцца вельмі агрэсіўным.
   Што найбольш здзіўляе ў паводзінах і звычках мядзведзя і выклікае ўсмешку, дык гэта ягоная любоў да мёду. Здавалася б, сам такі сур’ёзны і такі асілак, а жыць без салодкага не можа. Натрапіць на вулей – ні за што не адступіцца, пакуль мёду не паспытае, хоць часам пчолы яго могуць да паўсмерці закусаць. А яшчэ мішка не можа абыякава прайсці міма мурашніка. Не грэбуе ён і мышамі, жабамі, рыбай і многімі насякомымі. Калі мядзведзь вельмі галодны, асабліва пасля зімовай спячкі, то можа падсцерагчы і лася. У мядзведзя вельмі добра развіты нюх: рэзкія пахі ён адчувае за некалькі кіламетраў.
   Дарэчы, зімовы сон касалапага самы моцны і вельмі чуйны, калі пачынаецца адліга. Тады мядзведзь можа ўвогуле прачнуцца і блукаць па лесе. У гэты час з ім лепш не сустракацца нікому.
   Даўняе суседства чалавека з гэтым лясным драпежнікам парадзіла шмат народных прыкмет, звязаных з паводзінамі і характарам мядзведзя. Кажуць, напрыклад, быццам ён адрознівае мужчын ад жанчын і слабая палова чалавецтва ў яго не выклікае агрэсіі. Асабліва калі не спрабаваць яго спалохаць альбо ўцякаць ад яго – тады ён можа пагнацца следам. Ніколі не чапае мядзведзь малых дзяцей, калі натрапіць на іх у лесе, а вось з паляўнічымі ў яго асаблівыя рахункі. Нават смяротна паранены ў сэрца звер кідаецца на свайго забойцу і можа гнацца за ім сотню метраў.
   Калі ж мядзведзь адчуе, што яму ніхто і нішто не пагражае, калі ён сыты і нястомлены, то нават у салідным узросце часта паводзіць сябе нібыта дзіця: усё яго цікавіць, усюды ён засуне сваю пысу, усё яму хочацца памацаць. А то падымецца на заднія лапы і замрэ на некалькі імгненняў, быццам пазіруе нябачнаму фатографу.
(351 слова)

(А. Бадак)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМядзведзь

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Былі ў мяне мядзведзі

Пераказы, дыктантыВось якія «мішкі»

Пераказы, дыктантыНеспадзяваная сустрэча

Пераказы, дыктантыСмаргонская мядзведжая акадэмія