Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лясная краіна

   Беларусь можна назваць сапраўднай «лясной краінай», насельніцтва якой з пакалення ў пакаленне нараджалася, працавала пад зялёным покрывам неабсяжных лясоў. Таму беларусы заўжды былі звязаны з прыродай, пастаянна адчувалі яе прыкметны ўплыў на сваё жыццё і працу, вымушаны былі падладжвацца пад асаблівасці свайго прыроднага асяроддзя. Старажытныя насельнікі Беларусі, найперш сяляне, прыстасоўвалі да прыродна-кліматычных умоў свае звычаі, абрады, працоўную дзейнасць, традыцыі, бо толькі такім чынам можна было выжыць у досыць цяжкіх і складаных умовах жыцця.
   Своеасаблівая прыгажосць і непаўторнасць, разнастайнасць краявідаў Беларусі заўсёды аказвалі даволі істотны ўплыў на светаўспрыманне і характар беларусаў. Сапраўды, таямнічы, вечна незмаўкальны шум вялізных, дрымучых лясоў і бароў, шматлікія азёры, жахлівыя балоты і дрыгва з цягам часу сфарміравалі ў беларусаў багатую фантазію, некаторую мілагучнасць светапогляду, пэўную абвостранасць пачуццяў, незвычайнасць успрымання многіх прыродных з’яў. Мажліва, досыць моцная энергетыка лясоў абумоўлівала знакамітую працавітасць і вынослівасць беларусаў.
(138 словаў)

Паводле Э. Дубянецкага.

 


 

   Беларусь вызначаецца раўнінным характарам сваёй тэрыторыі, адносіцца да зоны ўмерана-кантынентальнага клімату з мяккай зімой, цёплым летам і сырой восенню.
   Галоўнае прыроднае багацце Беларусі складаюць шматлікія лясы, якія ў значнай меры ва ўсе часы прадвызначалі спецыфіку гаспадарання і ўмовы жыцця насельніцтва. У старажытныя часы, калі землі нашай Бацькаўшчыны пачалі засяляць славянскія плямёны, лясныя масівы займалі прыкладна дзевяноста працэнтаў тэрыторыі Беларусі. У наступныя стагоддзі пад уплывам розных фактараў, найперш гаспадарчай вырубкі, неапраўданага знішчэння, як у дзевятнаццатым і дваццатым стагоддзях, лясістасць Беларусі няўхільна змяншалася. Цяпер яна складае каля трыццаці працэнтаў. Гэта трэць тэрыторыі Беларусі. Калі ж улічыць не толькі лясную, але яшчэ лугавую і балотную расліннасць, то атрымаецца, што ў наш час расліннае покрыва Беларусі займае дзве трэція яе агульнай тэрыторыі.
   Такім чынам, Беларусь небеспадстаўна можна назваць сапраўднай «лясной краінай», насельніцтва якой з пакалення ў пакаленне нараджалася, працавала і памірала пад зялёным покрывам неабсяжных лясоў.
(144 словы)

Паводле Э. Дубянецкага.