Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Касцы

   Мужчыны касілі супольна.
   Першы ішоў Павал. Ледзь паспяваючы за ім, задыхана-часта жыхаў круглы, таўставаты Вінцусь. І ўжо неяк асобна, астаўшыся далёка ззаду, няспешна клаў роўны пракос Яська.
   З-за маладога алешніку ўставала сонца. Асцярожна, як баючыся парушыць цнатлівае хараство наваколля, апускаў Яська касу. Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя, трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны, у зялёных, што маладыя гуркі, стручках аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежаю рыбаю, рачным глеем, водарасцямі.
   Яська зноў нерашуча спыняўся, зноў стаяў нерухома, глядзеў, слухаў. З’явілася ў душы неадольнае жаданне спыніцца, крыкнуць: «Чакайце, хлопцы. Пастойце. Гляньце, хараство якое!»
   Было ціха і душна. Зусім побач лопнула, шаматнула крыламі птушка. Яська прыпыніўся. З-за рова пераляцела дзікая качка, апусцілася на пакосе, каля лазовага куста, пасля хуценька прабегла колькі крокаў, схавалася за купінаю. Яська сачыў за ёю краем вока, баючыся павярнуць галаву. Птушка пастаяла там, стаіўшыся, толькі раз-пораз вытыркала галоўку, цікавала за чалавекам.
   Пасля, мабыць, упэўненая, што нічога не пагражае, асцярожна падала голас: «Крэ». Крыху счакаўшы, яшчэ і яшчэ. З куста, як пароль, пачулася такое ж ціхае: «Крэ-крэ». Качка яшчэ раз азірнулася і хуценька нырнула ў куст. Адтуль зараз жа данеслася радаснае, нецярпліва-маладое крэканне.
   «Вывадак», – па-дзіцячы радасна падумаў Яська. І тут жа, бы тая качка, пудліва павёў галавою, азірнуўся: ці чуў яшчэ хто? Убачыў, як спыніўся, услухоўваючыся, Вінцусь, як перастаў касіць і запытальна глядзеў у бок куста Павал. Трывожнае прадчуванне прайшло па душы. Ён узняў касу, знарок звонка пачаў мянціць яе, а пасля як ні ў чым не бывала сагнуўся над пракосам. Але тут жа здрыгануўся ад гучнага шлэпання. Ззаду, чапляючыся за купіны цяжкімі, літымі гумовікамі, бег Вінцусь.
   – Вы што, паглухлі, не чуеце – качкі дзікія ў кусце, – закрычаў здаля, не дабегшы.
   «Сам ты дзікі», – роспачна падумаў Яська.
   Вінцусь з лёту спыніўся, няўцямна лыпаў круглымі, бліскучымі вочкамі, а пасля грэбліва махнуў рукою, не зважаючы на Яську, зароў да Паўла:
   – Паўлюк, сюды давай. Смажаніна будзе.
   Ратуючыся ад бяды, старая качка вяла між куп’я качанят да рова. Яны смешна валюхаліся, хуценька беглі за ёю, выцягвалі ўперад доўгія, тонкія шыйкі. Адчуваючы, як цяплее ўнутры, Яська сцішана засмяяўся: «Абхітрыла ты іх, мілая. Давай, давай, хутчэй хавайся».
   Вінцусь з Паўлам трыбушылі лазняк. Чуваць было, як трашчала ламачча. Вінцусь урэшце вываліўся адтуль, скочыў на купіну, бы каршун, абмацваў вачамі куп’ё, шукаў здабычу. Ён тут жа ўбачыў, як узбіраліся качаняты на бераг рова і там, за кустамі, плюхалі ў ваду. Бы сарваўшыся з навязі, Вінцусь рынуўся за імі.
   Як толькі цяпер дайшоўшы да памяці, як толькі цяпер уразумеўшы штось для сябе неабходнае, Яська рэзка рвануў з твані касу, завярнуў яе за плечы і рынуўся туды, адкуль даносіўся крык і плёскат. «Я табе зараз дастану. Я цябе зараз накармлю». Лазняк чапляўся за касу, не даваў бегчы. Ён кінуў яе, ухапіў тоўсты альховы сук, пабег далей. Паляўнічыя былі недзе недалёка, ён ясна чуў іх крыкі і шматгалосае качынае крэканне.
   Раптам нешта ў тым баку гулка плюхнула, зноў моцна захлюпала ў рове вада, бы варочаўся там хтось вялізны і няўклюдны, затым зрабілася так ціха, што чутно было, як звіняць камары.
   За некалькі крокаў ад яго, шырока расставіўшы ногі, недарэчна растапырыўшы рукі, стаяў Вінцусь. З адзення сцякала ў шырокія халявы гумовікаў рыжая балотная вада, твар, густа залеплены тванню, быў чорны. Ён заўважыў Яську, варухнуўся насустрач, падняў такую ж, да локця, чорную руку. За ружовую лапку Вінцусь трымаў мёртвае качанё.
   Яська моўчкі адвярнуўся. Праз лазняк, напрасткі пайшоў да пакосу.
   Шарэла. Па лузе цёпла курэў туман. Трывожна крэкала на рове, склікала распуджаных дзяцей старая качка. Спакойна, натомлена ляжаў скошаны луг, толькі ў самым куце сіратліва цямнеў пакінуты чуб травы.
   Мужчыны вярталіся дамоў кожны па сабе.
(584 словы)

(Паводле Х. Лялько)

 

Похожие статьи:

ІншаеХрысціна Лялько - Касцы