Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дамавік

Варыянт 1 (240 слоў)

   Хто з нас не памятае бабуліных апавяданняў-казак пра цудадзейныя магчымасці дамавіка? Знешні выгляд дамавіка ў народных казках і легендах застаецца аднолькавым на працягу многіх стагоддзяў.
   У старажытных беларусаў ён быў падобны да невялічкага і смяшлівага чалавечка, старэнькага дзядка з сівой барадой і сівымі валасамі, апранутага ў белую кашулю і падпяразанага лыкам. Звычайна ў народных казках жыў дамавік у хаце, у печы ці пад печчу або ў клеці. Таму яго яшчэ называюць хатнік, падпечнік, клетнік, гаспадар.
   Найбольш дагаджае дамавік той гаспадарцы, дзе жыве моцная, трывалая сям’я, дзе падтрымліваюцца чысціня і парадак і пільнуюцца традыцыйных звычаяў. Крыўду і помслівасць дамавіка выклікаюць сямейныя сваркі, п’янства, брыдкаслоўе, неахайнасць у вядзенні гаспадаркі. Найчасцей дамавік вызначаецца бяскрыўднымі жартамі і кпінамі. Калі добра сцямнее, дамавікі пачынаюць сваволіць: стукаць у сцяну, ляскаць дзвярыма, тушыць агонь, сцягваць з сонных коўдру. Нярэдка дамавік блытае ў коней грывы, а ў людзей ускудлачвае валасы так моцна, што потым ніякім грэбенем не расчэшаш. Калі трэба было задобрыць пераборлівага дамавіка, заклікаць яго да міласэрнасці, яму рабілі спецыяльныя «адносы». Закручвалі акрайчык хлеба з соллю ў анучу і клалі гэты «аднос» пад вароты, у паветку, у якую-небудзь нішу ў печы.
   Нашы далёкія продкі верылі, што дамавіка можна нават убачыць. Для гэтага патрэбна было падчас вячэрняй службы ў царкве ўзяць запаленую свечку, прынесці яе, не патушыўшы, дахаты і падняцца з ёй на гарышча. Там і будзе ляжаць дамавік, а калі ён спытае, што хоча гаспадар, то трэба пералічыць патрабуемае. Тады дамавік будзе імкнуцца ўсё гэта выканаць.

 


 

Варыянт 2 (140 слоў)

   У старажытных беларусаў дамавік падобны да невялічкага чалавечка, старэнькага дзядка з сівой барадой, апранутага ў белую кашулю і падпяразанага лыкам. У народных казках жыў дамавік у хаце, у печы ці пад печчу або ў клеці. Таму яго называюць хатнік, падпечнік, клетнік.
   Дагаджаў дамавік той гаспадарцы, дзе жыве дружная сям’я, дзе падтрымліваецца чысціня і парадак, пільнуюцца традыцыйных звычаяў. Крыўду і помслівасць дамавіка выклікаюць сямейныя сваркі, брыдкаслоўе, неахайнасць у гаспадарцы. Жарты дамавіка бяскрыўдныя. Калі добра сцямнее, дамавікі пачынаюць сваволіць: стукаць у сцяну, ляскаць дзвярыма, тушыць агонь, сцягваюць з сонных коўдру.
   Нашы далёкія продкі верылі, што дамавіка можна ўбачыць. Для гэтага трэба падчас вячэрняй службы ў царкве ўзяць запаленую свечку, прынесці яе, не патушыўшы, дахаты і падняцца з ёй на гарышча. Там будзе дамавік, і калі ён спытае, што хоча гаспадар, то неабходна пералічыць жаданае. Тады дамавік будзе імкнуцца ўсё выканаць.

Паводле А. Ненадаўца