Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дажынкі

   Дажынкі ў свядомасці і побыце сялян былі вельмі значнай вяхой сельскагаспадарчага календара і ўрачыстым святам у жыцці вёскі. Суправаджаліся дажынкі ланцужком паслядоўных абрадаў і рытуалаў, што пачыналіся ўжо на апошняй нязжатай лапінцы жытняй нівы. Гэта была самая ўрадлівая густая мясціна, якую называлі «барада». Жняя зразала яе адным узмахам сярпа. «Бараду» разам з апошнім снапом неслі ў вёску і ўрачыста ўручалі гаспадару ці гаспадыні. У «барадзе» пакідалі тры калівы жыта, якія намотвалі на акраец хлеба і потым разам з жытам закопвалі ў зямлю. Лічылі, што гэты рытуал закладваў ураджай наступнага года.
   Рытуал качання жанчын па жыце быў накіраваны на магічны зварот сілы, затрачанай жняёй у час працы. Спяванне песень-заклінанняў узмацняла магію.
   На завяршэнне дажынак дзяўчаты звівалі рытуальны вянок з васількоў, рамонкаў і каласоў-спарышоў. Такі вянок сімвалізаваў заканчэнне жніва, вяртанне ў хату магіі ўрадлівасці, магіі хлеба як сімвала дастатку ў гаспадарцы.
   Урачысты і ўзнёслы тон дажынкавых песень адпавядаў настрою хлебаробаў, якія па-сапраўднаму маглі адчуваць і разумець урачыстасць і значнасць свята заканчэння жніва.
   У цэлым высокапаэтычная паэзія жніва прасякнута гуманістычнымі і высокамаральнымі поглядамі народа на жыццё, чалавека працы, яго прызначэнне на зямлі.
(180 слоў)

(Паводле А. Гурскага)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыДажынкі