Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Геолаг Ігнат Дамейка

   Вучоны-геолаг Ігнат Іпалітавіч Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка Навагрудскага павета Мінскай губерніі ў 1802 годзе. З 1812 года вучыўся ў манастырскай школе ў Шчучыне. У 1816 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, дзе поруч з прыродазнаўствам вывучаў гісторыю, літаратуру. Ва універсітэце разам з А. Міцкевічам і Я. Чачотам прымаў удзел у тайным таварыстве філаматаў, асноўнымі лозунгамі якога было: айчына, навука, дабрачыннасць. У 1822 годзе атрымаў ступень магістра філасофіі. Восенню 1823 года разам з іншымі ўдзельнікамі патрыятычна-дэмакратычнага руху арыштаваны і высланы з Вільні пад нагляд паліцыі на Гродзеншчыну. Яму назаўсёды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Жыццё ў глушы было нялёгкім, і Дамейка ў сваёй гаспадарцы распачаў доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове. Пазней Міцкевіч у паэме "Дзяды" паказаў Дамейку ў вобразе аканома Жэготы. Ён прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў у Польшчы і на Беларусі. Пасля паражэння паўстання разам з сябрамі вымушаны быў эмігрыраваць у Францыю. У Парыжы Дамейка вучыўся ў Вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага універсітэта, займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю. У 1837 годзе ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую карты зямель былой Рэчы Паспалітай, напісаў геаграфічны каментарый да іх. У снежні 1837 года па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў ён прыняў прапанову чылійскага ўрада, падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка Горнай школы ў горадзе Какімба на поўначы Чылі і ў лютым 1838 года адплыў туды. За тры месяцы вывучыў іспанскую мову і з гэтага часу ўсе свае веды пачаў аддаваць новай радзіме. Тут Дамейка чытаў лекцыі, займаўся з вучнямі, удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях. Ён арганізаваў для моладзі курсы па вывучэнні фізікі і хіміі, заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку, стварыў заалагічную калекцыю.
   Пасля заканчэння тэрміну кантракта Дамейку запрасілі на працу ў сталічны горад Сант’яга з мэтай дапамогі ў правядзенні рэформы ва універсітэце. Дамейка  адрэдагаваў праект рэформ універсітэта і школ, удзельнічаў у іх правядзенні. У 1847 годзе ён атрымаў ва універсітэце кафедру хіміі, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. Пасля Сусветнай выстаўкі ў Парыжы ў 1867 годзе, дзе Дамейка прадстаўляў маладую прамысловасць Чылі, яго выбралі рэктарам універсітэта.
   Заслугі Дамейкі перад новай радзімай велізарныя. У адчыненай паводле яго праекта Горнай школе былі падрыхтаваны першыя нацыянальныя кадры выкладчыкаў, геолагаў, мінералогаў. У сталіцы Чылі Дамейка арганізаваў службу метэаралогіі, стварыў і рэалізаваў праект новага водаправода. Упершыню ў Лацінскай Амерыцы ён увёў у Чылі метрычную сістэму мер і вагі. Дамека займаўся бібліятэчнай справай, стварыў хімічную і горную лабараторыі, тры музеі, розныя навуковыя калекцыі. Для даследавання прыродных багаццяў Чылі і пошукаў новых крыніц сыравіны ён арганізаваў навуковыя экспедыцыі. Яго нават выбіралі вярхоўным суддзёй па горных спрэчках.
   Свае шматлікія творы, падручнікі па хіміі, мінералогіі, фізіцы Дамейка пісаў пераважна на іспанскай і французскай мовах. Выдадзены ў Чылі падручнік "Мінералогія" на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выкарыстоўваўся ў многіх лацінаамерыканскіх краінах. Яго навуковыя паведамленні абмяркоўваліся на пасяджэннях Парыжскай акадэміі навук, публікаваліся ў часопісах Еўропы. Дамейка назаўсёды парадніўся з Чылі, быў жанаты з чылійкай, але ніколі не забываў сваю радзіму. У 1884 годзе ён разам з сынамі прыязджаў у родныя мясціны. Памёр Дамейка 23 студзеня 1889 года. Дзень яго пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы.
   Чылійцы высока цанілі заслугі Дамейкі. Ён быў абвешчаны народным героем. У гонар яго выпушчаны памятны медаль, прызначана самая высокая ў краіне пенсія. Яго імем названы партовы горад Пуэрта-Дамейка, вулканічны ланцуг гор у Андах, мінерал дамейніт і фіялкавая кветка віёла дамейкона. У яго доме быў створаны музей, а ў Сант’яга пастаўлены помнік.
(545 слоў)

Паводле "Асветнікі зямлі Беларускай"

 

Похожие статьи:

Літаратары ХІХ стагоддзяІгнат Дамейка

Пераказы, дыктантыНаш зямляк

Пераказы, дыктантыЧылійскі беларус Ігнат Дамейка

Пераказы, дыктантыДамейка