Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віцька-«выдатнік»

Варыянт 1 (248 слоў)

   Віцька – хлопчык худы, маленькі, белагаловы, улетку крышачку канапаты. Дарослыя думаюць, што ён вельмі паслухмяны і старанны. Віцька ведае, што яны думаюць менавіта так. Але ж не будзеш кожнаму тлумачыць, што сябры паважаюць яго зусім не за гэта. І Віцька звычайна перад дарослымі робіць выгляд сціплага вучня-выдатніка, які зусім не любіць лётаць па вуліцах і гуляць у вайну.
   Але ж выдатніцкі выгляд іншы раз яму вельмі дапамагае.
   Прыходзіць аднойчы цётка Рагозіха да Віцькавай маці, падазрона паглядае на хлопца, потым строга пытаецца:
   – Ці не цябе я ўгледзела ўчора на маёй чарэшні?
   Можна не адказваць нічога, а сціпла апусціць вочы долу, потым шырока расплюшчыць іх і паглядзець на цётку доўга і шчыра. І ніхто нічога не спытае болей. Можа, і бачыла каго-небудзь Рагозіха на сваёй чарэшні, ды памылілася яна зараз.
   А чарэшня тая ў бяду ўвесці можа вельмі лёгка. Стаіць яна ў садзе цёткі Рагозіхі, спачатку апененая белай квеценню, нібы воблака, потым абсыпаная буйнымі жоўтымі і чырванаватымі ягадамі. Мусіць, ва ўсім пасёлку няма больш такой спакусы, як гэта дрэва з гладкаю карою, быццам адшліфаванаю хлапчуковымі каленкамі і жыватамі.
   Браць чарэшню ўначы нельга: ягады не яблыкі, вобмацкам шмат не набярэш. Надвячоркам у садзе ставіцца варта, і тры самыя адчайныя хлопцы з шапкамі замест торбачак асцярожна паўзуць да чарэшні, караскаюцца наверх. Дрыжаць рукі, таропка рвуцца чарэшыны. А потым трэба ляцець, заціснуўшы ў руцэ шапку са здабычаю.
   – Відаць, Ванька лазіў, – гаворыць Рагозіха. – Злаўлю – мала яму не будзе!
   І Віцька думае, што трэба хутчэй бегчы да Ванькі і сказаць, каб не гойсаў перад хатаю Рагозіхі.
 


 

Варыянт 2 (158 слоў)

   Віцька – хлопчык худы, белагаловы, улетку канапаты. Дарослыя думаюць, што ён вельмі паслухмяны. А Віцьку выдатніцкі выгляд іншы раз вельмі дапамагае.
   Прыходзіць цётка Рагозіха да маці, падазрона паглядае на Віцьку, пытаецца:
   – Ці не цябе я ўгледзела ўчора на чарэшні?
   Можна не адказваць нічога, апусціць вочы долу, потым шырока расплюшчыць іх і паглядзець на цётку доўга і шчыра. Можа, і бачыла каго-небудзь Рагозіха на сваёй чарэшні, ды памылілася яна зараз.
   А чарэшня тая ў бяду ўвесці можа вельмі лёгка. Стаіць яна ў садзе, спачатку апененая белай квеценню, нібы воблака, потым абсыпаная жоўтымі і чырванаватымі ягадамі.
   Браць чарэшню ўначы нельга: ягады не яблыкі, вобмацкам шмат не набярэш. Надвячоркам ставіцца варта, і трое самых адчайных хлопцаў з шапкамі замест торбачак паўзуць да чарэшні, караскаюцца наверх. Дрыжаць рукі, таропка рвуцца чарэшыны. А потым трэба ляцець, заціснуўшы ў руцэ шапку са здабычаю.
   – Відаць, Ванька лазіў, – гаворыць Рагозіха.
   Віцька думае, што трэба бегчы да Ванькі і сказаць, каб не гойсаў перад хатай Рагозіхі.

Паводле А. Кажадуба

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБукет нявесты