Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выпадак на граніцы

   Група малодшага сяржанта Мікалая Салаўёва ўжо некалькі гадзін кружыла вакол балацявіны, дакладваючы ў належны час на заставу аб выніках пошукаў. Нічога падазронага пагранічнікі так і не заўважылі. Дайшоўшы чарговы раз да неглыбокага высахлага рова, вырашылі перадыхнуць. І тут позірк Салаўёва выхапіў на суседняй елцы свежы злом лапкі, Мікалай знакамі паклікаў радавых Ракіту і Лапаціна. Паказаўшы на злом, ён загадаў шэптам:
– Лавіць кожны рух паветра!
   Затым далажыў на заставу.
   – Працягвайце кантраляваць мясцовасць! – быў загад. – Падмацаванне будзе хвілін праз дваццаць.
   Пагранічнікі накіраваліся ўздоўж балотца, пад нагамі зачвякала вада. У гэты час падышлі яшчэ два нарады пагранічнікаў з сабакамі, але сабакі ўзяць след не змаглі. Прайшоўшы вакол балотца, нарады з сабакамі накіраваліся далей, група Салаўёва вярнулася ў роў. Атрымаўшы загад працягваць кружыць вакол балацявіны, Салаўёў вырашыў паглыбіцца метраў на трыццаць і прайсці па крузе. Было горача, душыла балотная гніль, даймала машкара, назалялі, лезлі нахабна за каўнер камары. Прайшоўшы метраў трыста, Мікалай раптам улавіў незразумелы шум: пачуўся нейкі шолах. Падаўшы знак таварышам, малодшы сяржант замёр і ўскінуў да вачэй бінокль – нічога не відаць. Пагранічнік паволі пасунуўся далей. Праз некалькі хвілін шум паўтарыўся. Мікалай прыпаў да бінокля: нехта адганяе машкару. Малодшы сяржант падаў байцам умоўны знак падрыхтавацца і, узняўшы аўтамат напагатоў, гучна скамандаваў:
   – Загадваю здацца! Вы акружаны!
   Змораны, галодны, пакусаны машкарой, змучаны смагай, бандыт сціснуў у руках пісталет. На нейкае імгненне перад ім усплыў матчын твар, у яе заплаканых вачах было маленне… І ён апусціў пісталет, шпурнуў яго ў балота і, павольна падымаючыся, узняў рукі.
   Каля рова затрыманага ўжо чакалі работнікі крымінальнага вышуку і начальнік заставы. На руках бандыта пстрыкнулі наручнікі.
(259 слоў)

Паводле М. Пазнякова