Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Белая акацыя

   Светлай вясновай раніцай у невялікі дворык, што знаходзіўся ля старога саду, зайшла жанчына. Яна падышла да вялізнай акацыі, абняла яе, павіталася і села на лаўку, што стаяла ля пад’езда дома. Жанчына глядзела на сад, любавалася дрэвамі. Яе цягнула сюды, бо тут ёй спакойна сядзелася, добра думалася, тут расло яе любімае дрэва – акацыя.
   Аднойчы ў канцы лета жанчына сядзела на лавачцы. Раптам у двор заехаў невялікі экскаватар. За рулём сядзеў малады хлопец. Ён спыніў машыну і прайшоўся па садзе. Жанчына адчула трывогу. Потым не вытрымала, падышла.
   – Што ты збіраешся тут рабіць?
   – Траншэю капаць, электрычны кабель класці, – радасна патлумачыў хлопец.
   – У садзе?
   – Не будзем жа капаць на вуліцы: там машыны ходзяць.
   – А тут дрэвы растуць. Яны жывыя.
   – Я іх не пашкоджу.
   – Як гэта не пашкодзіш? Тут уся зямля прашыта карэннем. Гэта ж стары сад, яму больш за пяцьдзясят гадоў. Яго берагчы трэба, шанаваць. А ты з машынай сюды.
   – Я акуратненька.
   Хлопец ускочыў у кабіну, апусціў жалезны коўш з вострымі зубцамі і ўрэзаўся імі ў зямлю. Жанчына заплакала.
   Праз нейкі час задрыжала і пахіснулася акацыя.
   – Ты ж абяцаў быць акуратным! – закрычала жанчына.
   – Не магу я траншэю крывую рабіць.
   І хлопец капаў далей.
   Жанчына падышла да дрэва, дакранулася рукой да шурпатай кары, пагладзіла, нібы просячы ў яго прабачэння за чужую абыякавасць.
   – Глядзі, што ты нарабіў! Яно ж загіне.
   Хлопец павярнуў машыну, каб трошкі пасунуць дрэва ўбок, і яно яшчэ больш нахілілася.
   Скончыўшы работу, хлопец хуценька выехаў з двара.
   Жанчына стаяла каля параненага дрэва, апусціўшы галаву. «У маладосці, – думала яна, – чалавек усё набывае: прафесію, сям’ю, сяброў, а ў старасці толькі губляе. І вось цяпер прыгожае, моцнае дрэва, якое столькі радасці дарыла людзям, можа загінуць».
   Хутка сабраліся мужчыны з усіх трох пад’ездаў, але падняць акацыю не змаглі.
   Ноччу дрэва ўпала. Яно ляжала на траве, магутнае, з буйнымі белымі гронкамі, прыгожае і бездапаможнае.
   Прыехалі рабочыя з бензапілой, распілавалі акацыю на кавалкі, пакідалі ў грузавік і вывезлі…
   Мінула зіма. Растаў снег. Свяціла яркае сонца. Весела імчаліся ручайкі. І прыляцелі шпакі.
   Толькі жанчына ў дворык ля старога саду больш не прыйшла.
(334 словы)

(Паводле Г. Васілеўскай)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЯблынька-дзічка

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Дрэва вечнасці

Алесь РазанаўАлесь Разанаў - Дрэва

Мікола МятліцкіМікола Мятліцкі - Я дрэву сказаў...

Пераказы, дыктантыТаполя