Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Беларускі касцюм

   Неад’емнай, самабытнай часткай нацыянальнай культуры Беларусі з’яўляецца традыцыйнае народнае адзенне. Яно не толькі ахоўвала чалавека ад непагадзі. У адзенні знаходзілі адлюстраванне практычны вопыт і эстэтычныя ідэалы народа, духоўны свет людзей.
   Касцюм першасна вызначае нацыянальную прыналежнасць чалавека. Па кампазіцыйных частках касцюма можна даведацца, адкуль чалавек родам, якое сямейнае становішча, узрост і род заняткаў.
   Народны касцюм – самабытны элемент культуры. Стыль і вобраз народнага касцюма фарміраваліся на працягу стагоддзяў. Асаблівай гарманічнасцю і дасканаласцю вызначаецца жаночы касцюм.
   Жаночае і дзявочае адзенне складалася з кашулі, безрукаўкі, спадніцы, фартушка і пояса. Жаночыя кашулі традыцыйна шыліся з ільняных тканін. Састаўной часткай жаночага касцюма была безрукаўка, якая апраналася паверх кашулі. Безрукаўка мела шмат назваў: камізэлька, шнуроўка, кабат і іншыя. Пашытая з фабрычных матэрыялаў безрукаўка з’яўлялася даволі дарагой рэччу. Спадніца, якая шылася з даматканага аднатоннага сукна, называлася андарак. Паверх спадніцы ў беларускім народным касцюме з даўніх часоў надзяваўся фартух. Рознакаляровыя і белыя фартушкі – неад’емная частка традыцыйнага адзення. Фартух выконваў не толькі практычныя, але і дэкаратыўныя функцыі.
   Галаўныя ўборы і прычоскі надавалі народнаму касцюму завершанасць і святочнасць. З даўніх часоў яны адлюстроўвалі сямейнае становішча жанчыны ці дзяўчыны. Традыцыйна дзяўчаты не закрывалі валасы. Жанчыны хавалі іх пад галаўныя ўборы. Непакрытыя валасы лічыліся ў беларусаў, як і ва ўсіх славянскіх народаў, сімвалам дзявоцтва.
   Жаночае адзенне беларусак дапаўняла вялікая колькасць розных відаў упрыгожванняў. Узоры, вышыўка, карункі арганічна ўваходзілі ў фактуру адзення. Акрамя гэтага, існавалі яшчэ здымныя ўпрыгожанні – разнастайныя пацеркі, пярсцёнкі, завушніцы.
   Мужчынскае адзенне менш разнастайнае за жаночае. Мужчынскі касцюм складаўся з падпяразанай кашулі, нагавіц, іншы раз і з камізэлькі. Неабходным элементам традыцыйнага мужчынскага касцюма з’яўляліся кашулі ці сарочкі. Сарочка мела нізкі каўнер ці шылася без каўняра, кашуля мела адкладны каўнер і разрэз. Святочныя кашулі звычайна шылі з тонкага белага кужалю, рабочыя – з больш грубага льнянога палатна. Да мужчынскай кашулі абавязкова дадаваўся тканы або скураны пояс.
   Галаўныя ўборы з’яўляліся важнай часткай агульнага комплексу народнага адзення беларусаў. Мужчынскія галаўныя ўборы былі вельмі разнастайнымі па форме, у якасці асноўных матэрыялаў для іх вырабу выкарыстоўваліся футра, воўна, салома.
   Найбольш распаўсюджаным галаўным уборам была магерка – круглая высокая мужчынская шапка. Шырокае распаўсюджанне атрымалі брылі і капелюшы. На Беларусі тыповыя былі аўчынныя шапкі, якія звычайна насілі зімой. Футравыя шапкі з вушамі часцей называліся аблавухамі. У якасці летняга галаўнога ўбору мелі пашырэнне капелюшы, плеценыя з жытняй або пшанічнай саломы.
   Важным элементам жаночага і мужчынскага адзення з’яўляўся пояс, які выконваў некалькі функцый. Паясамі падпярэзвалася ніжняе і верхняе адзенне. Да іх прывешваліся розныя невялікія рэчы. Выконвалі яны і абрадавую функцыю. Пояс мужчын выступаў не толькі дэкаратыўнай часткай касцюма. З’яўленне без пояса на людзях лічылася непрыстойным.
   Паясы вызначаюцца разнастайнасцю тэхнік вырабу. Іх вілі, плялі, ткалі і вязалі. У некаторых мясцінах шырокія, яркіх колераў паясы насілі жанатыя мужчыны. Маладыя хлопцы падпярэзваліся толькі вузкімі паясамі бледных колераў. Скураныя паясы насілі пераважна мужчыны.
   Традыцыі, звязаныя з паясамі, былі вельмі ўстойлівыя. Яны адыгрывалі значную ролю ў абрадах.
(459 слоў)

Паводле А. Васільевай.