Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Арганы

   Адна з цікавых, але амаль нявывучаных старонак музычнай культуры Беларусі звязана з бытаваннем на яе тэрыторыі аргана. Гісторыя гэтага "інструмента інструментаў" налічвае на беларускіх землях не менш як пяць стагоддзяў. Найбольш раннія дакументальныя звесткі пра яго належаць да шаснаццатага стагоддзя. У 1568 годзе ў капліцы каралеўскага замка ў Гродне знаходзіўся зроблены "рэгал з флетам". Хоць апісання гэтага інструмента не захавалася, але, зыходзячы з дадзеных пра аналагічныя інструменты ў Польшчы і Англіі, можна сцвярджаць, што гродзенскі рэгал меў адзін пішчалак і выкарыстоўваўся як у хатніх умовах, так і пад адкрытым небам.
   У сямнаццатым стагоддзі тэрыторыя бытавання аргана на Беларусі значна пашыраецца. У першай палове сямнаццатага стагоддзя арган з’явіўся ў Нясвіжы, Ружанах, у другой – у Пінску, Паставах і Драгічыне. У гэтых гарадах працавалі добра падрыхтаваныя прафесійныя выканаўцы. У сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя добрыя арганы і арганісты былі ў Магілёве і Мінску.
   Хуткае пашырэнне аргана на Беларусі было звязана з дзейнасцю каталіцкай царквы, якая настойліва ўкараняла сваю веру сярод мясцовага праваслаўнага насельніцтва, імкнулася ўсімі сродкамі ўздзейнічаць на яго свядомасць. Таму касцёлы пышна ўпрыгожваліся творамі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптурай, пры іх арганізоўваліся капэлы і аркестры, устанаўліваліся арганы. Веліч аргана, моц і шматфарбнасць яго гучання, разнастайныя выканальніцкія магчымасці прыцягвалі мноства слухачоў.
   З пачатку васямнаццатага стагоддзя арганы з’яўляюцца нават у месцах, якія аддалены ад цэнтраў. Калі ў гарадскіх касцёлах будаваліся пераважна вялікія арганы, то ў мястэчках і вёсках выкарыстоўваліся звычайна невялікія арганы або перанасныя арганчыкі – пазітывы.
   У дзевятнаццатым стагоддзі, мяркуючы па колькасці дакументаў, бадай што не было касцёла, які б не меў аргана. Многія з іх, нягледзячы на няўмольны час і жорсткія войны, што пракаціліся праз Беларусь, захаваліся да нашага часу і даступны да непасрэднага вывучэння.
   На Беларусі навучанне ігры на аргане адбывалася ў школах пры касцёлах і манастырах. З мэтай пастаянна папаўняць састаў царкоўных служкаў людзьмі, якія б умелі не толькі чытаць, але і спяваць, і іграць на розных музычных інструментах, у тым ліку і на арганах, езуіты, пачынаючы з канца шаснаццатага стагоддзя, адкрывалі музычныя бурсы. У іх прымалі звычайна музычна адораных сялянскіх дзяцей. Навучанне было бясплатным, але за права вучыцца бурсакі павінны былі выступаць у капэлах, якія абслугоўвалі рэлігійныя абрады і цырымоніі. У канцы шаснаццатага стагоддзя бурсы існавалі ў Полацку, Нясвіжы, пазней – у Оршы.
   Выдатным арганістам першай паловы дзевятнаццатага стагоддзя лічыўся Ян Рэнэр, педагог, кампазітар і імправізатар, які працаваў у Мінску, Навагрудку і Вільні. У другой палове дзевятнаццатага стагоддзя ў Гродне працякала дзейнасць арганіста, спевака і кампазітара Іахіма Глінскага, які ў канцы 80-х гадоў выкладаў ігру на аргане ў Віленскай духоўнай семінарыі.
   Паступовае распаўсюджванне аргана на Беларусі суправаджалася развіццём такіх сфер музычнай дзейнасці, як выканальніцтва, педагогіка і творчасць. Арган садзейнічаў пашырэнню музычных ведаў сярод самых розных колаў беларускага насельніцтва, з аднаго боку, і станаўленню прафесіяналізму ў музычнай культуры Беларусі, з другога.
 
Паводле І. Назінай

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыАрганы на Беларусі