Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Акадэмік, якога баяўся цар

   І па сённяшні дзень у Вялікай Бераставіцы і вёсцы Рымуцеўцы жывуць сем’і з прозвішчам Кавалеўскі. Не ўсе яны ведаюць, што з’яўляюцца аднафамільцамі, а мо і родзічамі свайго земляка, знакамітага вучонага Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага (1800-1878).
   Прагны да ведаў бераставічанін Восіп Кавалеўскі пачаў сваю навуку ў Гродзенскай губернскай гімназіі. Працягваў вучобу ў Віленскім універсітэце. Паспяхова скончыў яго, атрымаў ступень кандыдата філасофіі і пачаў працаваць выкладчыкам у мясцовай гімназіі.
   Ды раптам царскім законнікам удалося раскрыць тайнае патрыятычнае студэнцкае таварыства, якое існавала ў Віленскім універсітэце. Адным з яго стваральнікаў быў Адам Міцкевіч, а актыўным удзельнікам – Восіп Кавалеўскі.
   Чаго хацелі так званыя філаматы, аматары ведаў?
   Жадалі, каб моладзь рыхтавала сябе на карысць Айчыны, мела глыбокія і разнастайныя веды, развівала сваю творчасць, каб у яе абуджалася нацыянальная свядомасць. «Саюз сяброў» патрабаваў ад сваіх членаў глыбокіх гістарычных ведаў, выступаў за адмену прыгонніцтва. Члены таварыства збіралі беларускі фальклор, звычаі і абрады тутэйшых людзей. Такая вольнасць студэнтаў напалохала самога цара. Адны былі арыштаваны, асуджаны да зняволення ў крэпасці. Другіх выслалі ў глыб Расіі.
   Так малады беларускі вучоны Восіп Кавалеўскі аказаўся ў Казані. Па волі злоснага лёсу пачаў вывучаць, узбагачаць, удасканальваць не родную мову і гісторыю, а татарскую, персідскую, арабскую. Пабываў у Манголіі, Кітаі і пачаў чытаць лекцыі ў Казанскім універсітэце па гісторыі і мове Манголіі. Стварыў нават кафедру мангольскай мовы, адзіную ў Еўропе.
   Бераставічанін Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі стаў аўтарам слоўнікаў, граматык, хрэстаматый мангольскай мовы. Яго навуковыя працы адзначаны высокімі прэміямі. А ў 1847 годзе Пецярбургская акадэмія навук выбрала нашага таленавітага земляка ў акадэмікі. Але цар Мікалай І выкрасліў вучонага са спіса акадэмікаў, як «палітычна ненадзейнага». Не мог «бацюшка» дараваць Кавалеўскаму віленскіх вольнасцей.
   Спатрэбілася яшчэ восем гадоў напружанай працы вучонага, каб уладар зміласцівіўся і даў згоду на прызначэнне Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага рэктарам Казанскага ўніверсітэта. На гэтай высокай пасадзе ён утрымаўся толькі пяць гадоў. Пачаліся студэнцкія хваляванні, і рэктара Кавалеўскага абвінавацілі ў тым, што ён не здолеў прадбачыць тыя хваляванні.
   Апошнія гады жыцця Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі правёў у Варшаве. Служыў прафесарам агульнай гісторыі ў Варшаўскім універсітэце. Імя слыннага земляка цяпер носіць раённая бібліятэка ў Вялікай Бераставіцы.
   У адным з пісьмаў свайму сябру акадэмік пісаў: «Часта раблю справаздачу перад сваім сумленнем, каб усё падлічыць, што зрабіў на гэтай зямлі. Між іншым, ты б знайшоў мяне такім жа, якім ты мяне ведаў у маладосці».
   Гэта прызнанне знакамітага вучонага, які ніколі не здраджваў сваім ідэалам, можа паслужыць урокам для сучаснікаў.
(390 слоў)

(У. Ліпскі)