Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адкуль зязюля?

   На беларускім Палессі расказваюць такое паданне.
   Аднойчы сабраліся маладыя дзеўкі і пайшлі купацца. Пакупаліся і выходзяць на бераг апранацца. Адна з іх пачынае кашулю на сябе адзяваць, а ў кашулі вуж сядзіць. Глянуў ён на дзяўчыну сваімі зялёнымі вачыма і гаворыць чалавечым голасам:
   – Я табе аддам тваю кашулю, калі ты паабяцаеш, што будзеш маёй жонкаю.
   Што рабіць? Паабяцала дзяўчына. Сяброўкі вярнуліся дадому, а яна пайшла ў мора з вужом.
   Вось жывуць ды жывуць яны пяць гадоў. За гэты час нарадзілася ў іх трое дзяцей. На шосты год просіцца дзяўчына ў свайго мужа, каб пусціў яе наведаць маці.
   Не хацеў вуж адпускаць жонку, бо ведаў, што будуць людзі пільнаваць, адкуль яна выйшла. Аднак тая прасіла ды прасіла. Пашкадаваў вуж жонку, згадзіўся адпусціць. Сказаў толькі:
   – Будзь там пяць дзён, не болей. Нікому не кажы, адкуль ты. Калі будзеш вяртацца, няхай ніхто цябе не праводзіць. Падыдзеш да берага, так гукні: «Якуб!» Калі пакажацца кроў, то я не жывы, а калі пакажацца пена, то я жывы.
   Пайшла яна дадому з дзецьмі. Абрадаваліся ўсе, пачалі распытваць, адкуль яна. Не расказала дзяўчына. Сталі распытваць старэйшага хлопчыка, і ён не расказаў. Тады ўзялі другога сына і пачалі яго мучыць, біць. Але і той не сказаў. А найменшая дзяўчынка ўсё расказала, павяла іх на бераг марскі і навучыла, як трэба клікаць вужа.
   Пачуў вуж заклік, выйшаў на бераг, а людзі яго забілі. Жонка пра гэта нічога не ведала. На пяты дзень узяла яна дзяцей і пайшла да мора. Стала гукаць мужа: «Якуб! Якуб!» На гэта гуканне толькі кроў паказалася.
   Заплакала, загаласіла жонка. З такога гора ператварылася ў зязюлю і паляцела па лесе. Ляціць і гукае: «Якуб!»
   А дзеці абярнуліся дрэвамі. Адзін сын стаў бярозаю, другі – хвояю, а дачка – горкаю асінаю.
(284 словы)

Паводле А. Гурскага

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНахабная зязюля

Пераказы, дыктантыЗязюльчыны слёзы

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Зязюльчын сынок

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Не кувай ты, шэрая зязюля...

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Максімава зязюля